Рокер-чарадзей, ваўкалак-ваяр, будаўнік-патрыёт ды іншыя вобразы полацкага князя Усяслава ў беларускім мастацтве

26 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца прэм’ера знакавага для краіны праекту — фольк-рок-опэры «Чарадзей». Пастаноўка, створаная Раманам Арловым, раскажа пра фантастычныя прыгоды аднаго зь легендарных беларускіх валадароў. Але ў айчынным і сусьветным мастацтве вобраз полацкага князя сустракаўся і раней. Наш аўтар Люцыян Яноўскі прыгадвае найлепшыя з твораў, у цэнтры якіх вобраз Усяслава Чарадзея.

1. Помнік вялікаму князю Ўсяславу Брачыславічу ў Полацку (2007)

Гэта можа здацца дзіўным, але першы конны помнік у незалежнай Беларусі зьявіўся менш за дзесяць гадоў таму — улады ня надта шануюць фэадальную мінуўшчыну, аддаючы перавагу гісторыі Савецкай Беларусі. Аднак скульптура князя, у час уладараньня якога першае дзяржаўнае ўтварэньне на тэрыторыі Беларусі дасягнула свайго росквіту, стваралася якраз з ініцыятывы Полацкага гарадзкога выканаўчага камітэту і ў прыватнасьці тагачаснага ягонага старшыні Ўладзімера Тачылы. Грошы на помнік знайшліся дзякуючы спонсарам і ахвяраваньням палачан, а абавязковым патрабаваньнем падчас творчага конкурсу была якраз конная кампазыцыя.

Помнік Усяславу Чарадзею — першы сучасны конны помнік у незалежнай Беларусі

У выніку перамог праект скульптараў Аляксандра Прохарава, Леаніда Мінкевіча, Сяргея Ігнацьева і архітэктара Дзьмітрыя Сакалова.

Бронзавы 3,5-мэтровы помнік вагой 4,1 тоны быў адліты на «Ліцейным двары», што ў Пухавіцкім раёне, і ўсталяваны ў сталічным горадзе Ўсяслава на скрыжаваньні вуліц Эўфрасіньні Полацкай і Кастрычніцкай. З традыцыйных для такіх скульптур сымбаляў дзяржаўнай улады князь мае толькі карону, значна большы ўхіл зроблены на «фантастычную» частку яго біяграфіі (дарэчы, ёсьць зьвесткі, што праваслаўная царква настаяла, каб на пастамэнце мянушка «Чарадзей» ніяк ня згадвалася). Гэта і ваўчыная скура, якой ахутаны сам вершнік, і сокал, які быццам бы ляціць поруч з Усяславам. Без сумневу, помнік атрымаўся ўдалым, і наведаць Полацак варта хаця б дзеля таго, каб убачыць бронзавага Ўсяслава на кані.

2. Кінафільм «Магіла льва» (1971)

Выдатны прыклад таго, што вобраз Чарадзея не заўсёды мог інтэрпрэтавацца пазытыўна. На пачатку 1970-х на «Беларусьфільме» (рэжысэр Валеры Рубінчык) зьнялі стужку, якая стала своеасаблівым «кактэйлем» з нацыянальных старажытных паданьняў і вобразаў. Тут і пераасэнсаваная творчасьць Купалы (паэма «Магіла льва», сюжэт якой пакладзены ў аснову сцэнарыю, вобраз Гусьляра-праўдаруба з «Кургана» і многае іншае), і гістарычныя легенды (спроба забойства мужа-гвалтаўніка, верагодна, заснаваная на біяграфіі Рагнеды). Для здымкаў былі выбраны дастаткова вядомыя на той час акторы: роля Машэкі дасталася пэрспэктыўнаму Алегу Відаву, які тады ж здымаўся ў «Джэнтэльмэнах удачы»; яго нявесту Любаву сыграла Валянціна Шандрыкава, якая пазьней выканала ролю пані Кульшы ў «Дзікім паляваньні караля Стаха»; самога Ўсяслава сыграў славуты латыскі артыст балету Марыс Ліепа. А адну з эпізадычных роляў выканала Стэфанія Станюта.

Сюжэт стужкі збольшага запазычаны з паэмы Купалы, хоць і з пэўнымі зьменамі: нявесту сялянскага каваля Машэкі забірае да сябе ў палац князь Усяслаў, пакуль яе каханы працуе на пабудове княжацкага сабора. У роспачы галоўны герой ідзе ў лес і ўзначальвае банду «добрых разбойнікаў». Фінал карціны значна менш рамантычны за купалаўскі, але адначасова больш шматзначны: аўтар разважае пра крыніцы дзяржаўнай улады, прычыны гібелі старажытнага княства, тлумачыць свае погляды на пэўныя гістарычныя эпізоды. Дарэчы, нягледзячы на пэўную фантазійнасьць стужкі, аматары гісторыі знойдуць у ёй шмат цікавага: ад славянскіх абрадаў да паралеляў з рэальнай мінуўшчынай нашых земляў.

Трэба сказаць, што ў карціне Валера Рубінчыка час падзеяў не называецца і не акцэнтуецца, што галоўны антыгерой — менавіта полацкі князь Усяслаў Брачыславіч. Не называецца і горад, дзе ўладарыць «кіношны» Ўсяслаў, чарадзейных здольнасьцяў ён таксама не дэманструе. Але вядома, што яго сястра княжыць у Тураве, а сам князь будуе вялікі сабор у сваёй крэпасьці. Калі ўзяць пад увагу, што фільм цалкам сканструяваны на беларускай гісторыі і фальклёры, то найбольш імаверным здаецца, што менавіта летапісны князь паслужыў правобразам для гэтага героя. Канцэпцыя фэадальнага князя-прыгнятальніка, ды яшчэ і «сэпаратыста», магла падштурхнуць савецкіх сцэнарыстаў зрабіць з Усяслава Чарадзея антыгероя. Тым больш цікава будзе сучаснаму гледачу ацаніць гэты, несумненна, варты ўвагі твор.

3. Партрэт «Усяслаў Чарадзей у порубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923)

Язэп Драздовіч. «Усяслаў Полацкі сядзіць у порубе пад палатамі кіеўскага князя. 1923»

Цэнтральнай тэмай творчасьці мастака Язэпа Драздовіча на працягу ўсяго жыцьця была беларуская гісторыя. Ня дзіва, што ў шэрагу асобаў, партрэты якіх ён стварыў, знайшлося месца і для князя Ўсяслава. Гэта і «Усяслаў Чарадзей пад Горадняй», і «Пярсьцёнак Усяслава Чарадзея». Але больш раньнім творам, галоўным вобразам якога быў полацкі князь, стала карціна, напісаная яшчэ ў 1923 годзе, падчас працы над сэрыяй партрэтаў валадароў Полацку і Смаленску.

У яе аснову лёг рэальны гістарычны сюжэт: у 1067 годзе, пасьля паражэньня ў бітве на Нямізе, Усяслаў уцёк у родны горад, аднак пагадзіўся на сустрэчу з братамі Яраславічамі, якія далі клятву на крыжы, што ня зробяць князю нічога благога. Абяцаньня тыя, як вядома, не стрымалі: Чарадзей быў схоплены адразу пасьля таго, як разам з двума сынамі пераплыў Дняпро непадалёк ад Оршы. Усіх траіх прывезьлі ў Кіеў і кінулі ў поруб — драўляную турму без дзьвярэй, пабудаваную вакол вязьняў. Аднак прыкладна праз два гады, падчас паўстаньня, кіяўляне вызвалілі Усяслава і пасадзілі яго на княжацкі сталец.

Менавіта час знаходжаньня Ўсяслава Полацкага ў порубе і адлюстраваны на карціне.

Вобраз князя зусім не падобны да таго, што можна пабачыць у згаданым вышэй сучасным полацкім помніку: гэта ня князь-ваяр і ня князь-чарадзей. На партрэце хутчэй мудрэц — мужчына ў гадах са спакойным позіркам, доўгай сівой барадой і валасамі. На пярэднім пляне — кайданы як сымбаль зьняволеньня. За кратамі можна заўважыць абрысы царквы, відавочна, Полацкага Сафійскага сабора, званы якога, паводле рамантычнай вэрсіі, паклічуць Усяслава на радзіму. Цікава, што вельмі падобны вонкава вобраз мастак пазьней выкарыстаў у іншым сваім творы — партрэце гусьляра 1940 году.

4. Раман «Сьлед ваўкалака» (1988)

Усё тая ж гісторыя з порубам стала асновай для яшчэ аднаго твору, цэнтральнае месца ў якім займае вобраз Усяслава. Дзеяньне рамана Леаніда Дайнекі распачынаецца ва ўсё той ж кіеўскай вязьніцы, праўда, вобраз князя тут значна адрозьніваецца ад прапанаванага Драздовічам. Яго Ўсяслаў таксама не пазбаўлены мудрасьці, але на першы плян у пісьменьніка выходзяць загадкавыя здольнасьці полацкага князя (пра гэта гаворыць і назва рамана). Твор распавядае пра кіеўскі этап у жыцьці Чарадзея, яго вызваленьне з порубу і нядоўгае валадараньне ў старажытнарускай дзяржаве. Вялікую ўвагу аўтар надае і асобам сыноў Усяслава: Расьціславу і Барысу, а таксама іх узаемаадносінам з бацькам.

Нягледзячы на дакладнасьць гістарычных зьвестак, «Сьлед ваўкалака» нельга лічыць дакумэнтальным. У творы хапае гераізацыі і ідэалізацыі герояў, што дапушчальна для гістарычнай прозы. Так, напрыклад, галоўным матывам ад’езду Ўсяслава з Кіева паводле раману ёсьць нежаданьне вайны з братамі-славянамі, што з пункту гледжаньня гісторыкаў малаверагодна.

На фоне сюжэту, які цяпер вядомы ці ня кожнаму школьніку, адбываецца вырашэньне і больш глябальнага, цывілізацыйнага пытаньня — выбару ўсходнімі славянамі паміж паганствам і хрысьціянствам. Менавіта развагі паганца Ўсяслава, які будуе ў Полацку хрысьціянскі сабор, выходзяць на пярэдні плян у творы.

За раманы «Сьлед ваўкалака» і «Меч князя Вячкі» Леанід Дайнека ў 1990 годзе быў ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

***

Вядома, акрамя названых, ёсьць і іншыя творы, дзе зьяўляецца асоба легендарнага полацкага князя: згадайма хаця б цыкль «Я, Усяслаў» расейскага пісьменьніка-фантаста Ніка Пярумава ці раман «Жалезны воўк» беларускага пісьменьніка Сяргея Булыгі. Цяпер зьявіцца і музычны твор, у якім Усяслаў Чарадзей ператворыцца ў сучаснага рок-героя.