Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі сярэдні заробак за кастрычнік 2016 году склаў 722,9 рублёў — 377,7 даляраў па сярэднямесячным курсе Нацбанку.
У рублях рэальныя заробкі (з улікам росту цэнаў) за кастрычнік-2016 меншыя за заробкі ў кастрычніку-2015 на 5%. І падзеньне паскорылася: у верасьні-2016 да верасьня-2015 заробкі ўпалі на 4,1%, у жніўні — на 3,9%. Годам раней, у кастрычніку-2015 заробкі таксама падалі — на 4,2% да кастрычніка-2014.
Найбольш заробкі ў кастрычніку ўпалі ў Гомельскай і Гарадзенскай абласьцях — на 7,4% і 7,5%. Найменей жа — у Менску, на 3,2%.
Рэальныя грашовыя даходы (заробкі мінус падаткі і зборы з улікам інфляцыі) падаюць яшчэ хутчэй: па кастрычніку пакуль няма зьвестак, але ў верасьні яны ўпалі на 7,2%.
Пры гэтым рэальныя заробкі вырасьлі ў паветраным транспарце на 15%, у фінансавых паслугах вырасьлі на 5%, у IT засталіся амаль нязьменнымі. Найгорш будаўнікам, у іх рэальныя заробкі ўпалі на 13,9%.
Найвышэйшыя заробкі традыцыйна ў IT — 3306 рублёў (1727,5 даляраў) за кастрычнік. Найменшыя ж у бібліятэках, архівах і музэях — 415 рублёў (217 даляраў).
Аляксандар Лукашэнка ўжо больш за 10 год даручае давесьці сярэднія заробкі да ўзроўню 500 даляраў за месяц. Часам атрымлівалася, але ненадоўга.