Намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына на адкрыцьці ХІV Менскага форуму, які зноў сабраўся пасьля шасьцігадовага перапынку, адзначыла, што чарговая сустрэча ў такім фармаце — яскравае сьведчаньне таго, што перамены ў адносінах Беларусі і Нямеччыны зьяўляюцца пазытыўнымі:
«Цяпер у нас зь Нямеччынай выбудоўваюцца партнэрскія дачыненьні. Мы разумеем адно аднаго. Мы маем і праблемныя пытаньні, але гэтыя праблемныя пытаньні ня тычацца двухбаковых адносінаў. Гэтыя праблемныя пытаньні тычацца ў асноўным стасункаў паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю. А зь Нямеччынай у нас вельмі пазытыўная стасункі. Партнэрскія дачыненьні — вось чаго мы хочам дасягнуць. І я спадзяюся, што гэта ўзаемная зацікаўленасьць».
Месяц таму, 25 кастрычніка 2016 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне 40-гадовага Дзяніса Сідарэнку. Да гэтага Сідарэнка ачольваў Упраўленьне агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва МЗС.
Новы амбасадар прапрацаваў у Бэрліне на новай пасадзе 5 дзён і прыехаў у Беларусь на XIV Менскі форум. Дзяніс Сідарэнка на адкрыцьці Форуму ўдзельнічаў у дыскусіі «Беларусь — Нямеччына — Эўразьвяз: пэрспэктывы эўрапейскага суседзтва і бясьпекі», а потым даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.
— Я толькі ў мінулую пятніцу зьехаў у Нямеччыну на новую працу, але празь пяць дзён вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь, таму што Менскі форум — гэта вельмі сур’ёзнае, уплывовае мерапрыемства, дзе ёсьць магчымасьць паразмаўляць з усімі ўплывовымі асобамі, хто цікавіцца беларуска-нямецкімі дачыненьнямі, і хутчэй уліцца ў мой новы мандат, які зусім нядаўна атрымаў, і стварыць своеасаблівую мапу працы на будучыню.
— Чым асаблівыя адносіны Беларусі зь Нямеччынай?
— Так, нашы адносіны зь Нямеччынай — гэта стасункі са стратэгічным партнэрам, які сёньня зьяўляецца адным зь лідэраў Эўразьвязу. Таму для нас гэтыя адносіны вельмі важная і патрэбныя. Я не магу сказаць, што на новай пасадзе я пачынаю з нуля. Ёсьць шмат плыняў, шмат вэктараў, шмат напрамкаў, дзе мы працуем ня толькі на дзяржаўным узроўні, але і паміж эканамічнымі суб’ектамі, паміж прадпрыемствамі, паміж людзьмі. Я як амбасадар Беларусі ў Нямеччыне зраблю ўсё магчымае, каб падтрымаць, надаць нашым узаемаадносінам паскарэньне. Так, нашы адносіны сёньня разьвіваюцца, але патэнцыял іх у поўнай меры яшчэ ня выкарыстаны. Я таксама сканцэнтруюся, каб прывесьці ў Беларусь яшчэ больш інвэстараў.
— На вашу думку, Беларусь павінна балянсаваць паміж Захадам і Ўсходам, паміж Расеяй і Эўразьвязам, ці ўсё ж такі больш канкрэтна вызначыцца, так бы мовіць, да якога берага яна прыплыве?
— Я перакананы, што і нашы адносіны з Расеяй, і нашы адносіны з краінамі Эўразьвязу, і ў прыватнасьці зь Нямеччынай, вельмі важныя ў абодвух напрамках. І гэта не пытаньне балянсу, гэта пытаньне выбудоўваньня нармальных канструктыўных і прагматычных адносінаў з усімі партнэрамі і суседзямі, бо і Расея, і краіны Эўразьвязу — гэта нашы непасрэдныя суседзі, зь якімі непасрэдна нам давядзецца выбудоўваць адносіны ў пазытыўным кантэксьце.