Алькагольнае суквецьце. «Унітаз 1996»

Віктар Стахвюк з Трасьцянкі на Падляшшы

Асноўнае пра падзеі 24 лістапада з сайту Свабоды.

Добры вечар! Тацяна Барысік пра крэатыў у назвах алькагольных напояў у Беларусі: «Даўно заўважыла: менавіта алькагольныя напоі вылучаюцца сярод іншых тавараў суквецьцем назваў, праявамі мастацкага густу і творчым падыходам у аздабленьні этыкеткі, якая аднак рэдка мае непасрэднае дачыненьне да зьмесьціва пляшкі». Кляснае пазакляснае чытаньне, так бы мовіць.

КЛІМАЎ ПРА ВІНАВАТЫХ З 1996 ГОДУ. «Усё, што цяпер мы маем, гэта дзякуючы кіраўніцтву ВС 13-га скліканьня... Уся ўлада была тады. Старшыня Вярхоўнага Савету Шушкевіч, Грыб, Шарэцкі — гэта практычна прэзыдэнт. Прызначаем сілавікоў мы, Вярхоўны Савет, бюджэт зацьвярджаем мы. Колькі Лукашэнка выдаткуе на сваю адміністрацыю — мы вызначаем. І вы ўсё гэта аддалі. Змылі ў унітаз» – сказаў былы дэпутат і палітвязень Андрэй Клімаў у размове з Ганнай Соўсь. Суб’ектыўны погляд на тое, як 20 гадоў таму, пасьля другога рэфэрэндуму, пахавалі беларускую дэмакратыю. І стэнаграма паседжаньня Вярхоўнага Савету з 24 лістапада 1996, пасьля якога Аляксандар Лукашэнка атрымаў неабмежаваную ўладу.

БОЛЕЙ ПРА ВАЙНУ РАЗАМ З РАСЕЯЙ. Дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч абвінаваціў Захад у фальсыфікацыі гісторыі Другой сусьветнай вайны. Паводле дырэктара Інстытуту гісторыі, «выпрацаваць імунітэт» да спроб фальсыфікацыі гісторыі Беларусь можа толькі дзякуючы супрацоўніцтву з Расеяй.

АСАЧЫЛІ ПЭНСІЯНЭРА. Бабруйскі пэнсіянэр Аляксандар Каваленка, актывіст ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры», трапіў у шпіталь у перадынфарктным стане. Гэта сталася пасьля таго, як група міліцыянтаў і судовых выканаўцаў спрабавалі трапіць у ягоны прыватны дом, каб апісаць маёмасьць.

БАРТОСІК У ПАДЛЯСКАГА ПАЭТА І ГАСПАДАРА. Зьміцер Бартосік завітаў у вёску Трасьцянка на Падляшшы, да Віктара Стахвюка, які піша вершы на падляскай гаворцы і мае 200 гектараў ворнай зямлі і лугоў. «Наша падляска-руская мова ёсьць цьвёрдая. Дыфтонгавая. І ў нас няма польскай лексыкі, у адрозьненьне ад літаратурнай беларускай мовы» – кажа Віктар Стахвюк. Ой!

Падпісацца праз электронную пошту.