«Вінаватым» хлопца назвалі ў пастарунку, куды ён трапіў пасьля інцыдэнту. А «віна» заключалася ў тым, што пры сабе не было пашпарта, сказаў Вадзім.
«17-га лістапада мы з маёй дзяўчынай выскачылі ў краму за колькі хвілін да закрыцьця. Крама «Дыяніс» — цераз дарогу ад майго дому. Я заўважыў, што на паркоўку для інвалідаў, пазначаную адпаведным знакам, заяжджае службовы міліцэйскі аўтамабіль. Адзін з супрацоўнікаў выйшаў і накіраваўся ў бок вакзалу, а да другога я пастукаўся ў акенца і спытаўся жартам: «Таварыш прапаршчык, а ў вас ёсьць пасьведчаньне інваліда?» У адказ пачуў: «Я што, табе замінаю? Ідзі, куды ішоў!» Я сказаў, што буду фатаграфаваць ягоную машыну і выкладу ў інтэрнэт, калі ён не пераставіць яе на іншае месца. Службовец запатрабаваў у мяне пашпарт. Дакумэнтаў з сабой не было — я ж толькі ў краму... Папрасіў прапаршчыка прадставіцца, а той заявіў: «У цябе няма пашпарта, і я табе прадстаўляцца не абавязаны».
Пакуль агаломшаны Вадзім Казлоўскі даводзіў міліцыянту, што прадставіцца той мусіць паводле закону, вярнуўся другі супрацоўнік — разам зь міліцэйскім патрулём і яшчэ нейкім грамадзянінам, якога трэба было даставіць у міліцыю. Тут прапаршчык заявіў, што затрымлівае і Вадзіма — за тое, што няма пашпарта. Прычым пачаліся адкрытыя правакацыі, працягвае хлопец:
«Я кажу, што не абавязаны насіць пашпарт пры сабе. А прапаршчык адразу памяняў тон: «Дык ты мне не падпарадкоўваесься?» Каб не прыпісалі няіснага правапарушэньня, я пагадзіўся ехаць. Мая дзяўчына пабегла дахаты, распавесьці сваякам, што здарылася. Я паехаў у пастарунак. Па дарозе яшчэ некалькі разоў прасіў прапаршчыка назваць сябе. Той у адказ толькі адно: «Я не абавязаны, у цябе няма пашпарту, і ўвогуле ты, магчыма, не грамадзянін Рэспублікі Беларусь».
Прапаршчык міліцыі назваў сябе толькі бацьку Вадзіма, калі той патэлефанаваў у пастарунак даведацца, што з сынам. Але імя назваў дужа невыразна. Калі хлопец папрасіў паўтарыць, зноў адмовіўся, сказаўшы: «Я табе ня блазен. Паўтараць ня буду».
Працэдура спраўджаньня асобы заняла некалькі хвілін: дзяжурны задаў пару пытаньняў і сказаў, што можна ісці. Нікога не хвалявала, як Вадзім будзе дабірацца дахаты апоўначы. Калі хлопец пытаўся пра гэта яшчэ ў часе затрыманьня, міліцыянт сказаў: «Ты зусім нахабны стаў. Едзь і маўчы! Затрымаем цябе на тры гадзіны, будзеш ведаць».
Вадзім выйшаў за дзьверы, і якраз да пастарунка прыехаў ягоны бацька. Ён аказаўся ня менш прынцыповым за сына: вырашыў настойваць, каб выклікалі начальства прапаршчыка-парушальніка. Паўгадзіны бацьку і сына трымалі на холадзе пад дзьвярыма. Зайсьці дазволілі толькі тады, калі зь некага заданьня вярнуўся на той самай машыне той самы прапаршчык. Тады ўніз спусьціўся капітан міліцыі, сам-насам перамовіўся з падначаленым, і толькі тады зьвярнуў увагу на Казлоўскіх.
Канструктыўнай размовы не атрымалася, гаворыць Вадзім: капітан гэтаксама неразборліва назваў сваё імя і прозьвішча, заявіў, што «пашпарт трэба насіць пры сабе» і што ягоны падначалены нічога не парушаў, а «выконваў апэратыўнае заданьне і мог паркавацца дзе заўгодна».
Пасьля таго, як гэтую гісторыю Вадзім Казлоўскі апублікаваў «УКантакце» на старонцы «Жалоба. Полоцк-Новополоцк», у камэнтарах адгукнулася шмат неабыякавых людзей, якія неаднойчы назіралі парушэньні з боку міліцыянтаў.
Што да правілаў дарожнага руху, то Вадзім іх ведае добра — ён аматар матацыклаў і за стырном ня першы год. Таму падкрэсьлівае: паркавацца без уліку агульных патрабаваньняў міліцэйская машына можа падчас апэратыўнага заданьня і абавязкова — з уключанымі ліхтарамі. Але найбольш абуральным хлопец лічыць тое, што ягоны апанэнт зь міліцыі адчуваў сябе зусім беспакараным — адмовіўся назваць сябе, правакаваў, пагражаў... Вадзім Казлоўскі ўзважвае магчымасьці, у якую структуру падаць скаргу на паводзіны супрацоўніка міліцыі.