Ужо сёньня: 20 гадоў таму ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі

Падзеі 24 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Дата дня

24 лістапада 1996 году адбыўся рэфэрэндум, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам дзеля ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю. На рэфэрэндуме таксама падымаліся пытаньні аб прыватнай уласнасьці на зямлю і пра перанос Дня Незалежнасьці на 3 ліпеня.

Таксама ў гэты дзень

1729 — у Пінску ордэн езуітаў заснаваў друкарню.

1793 — падчас Вялікай францускай рэвалюцыі «Марсэльеза» была выбраная гімнам Францыі.

1859 — выйшла ў сьвет кніга Чарльза Дарвіна «Аб паходжаньні відаў» з выкладаньнем тэорыі эвалюцыі жывёльнага сьвету

«Дарвін ператвараецца ў малпу», брытанская карыкатура на тэорыю дарвінізму 1870-я гады

1934 — прэзыдэнту Турэччыны Мустафу Кемаль-пашу быў нададзены ганаровы тытул «Атацюрк» («бацька туркаў»).

1963 — у будынку паліцыі Даласу быў забіты Лі Гарві Освальд, меркаваны забойца Джона Кенэдзі.

1997 — уладамі была закрытая газэта «Свабода». Першы нумар яе выйшаў 25 сакавіка 1990 году, у гадавіну ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдакцыя выданьня стаяла на нацыянальна-дэмакратычных пазыцыях, крытычна ставілася да асобы Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў.

2011 — быў вынесены прысуд Алесю Бяляцкаму, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна». Бяляцкі атрымаў 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўтойваньні прыбыткаў з-за мяжы. Алесь Бяляцкі сваёй віны не прызнаў і тлумачыў суду, што атрыманыя грошы ішлі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій. Алесь Бяляцкі быў вызвалены ў чэрвені 2014 году.

Алесь Бяляцкі ў судовай залі, лістапад 2011 году

У гэты дзень нарадзіліся

1714 — Тамаш Жаброўскі, беларускі архітэктар.

1916 — Георгі Бенядыктаў, заслужаны архітэктар БССР. Асноўныя працы Бенядзіктава ў Менску: будынак Белдзяржфілярмоніі, Палац культуры Мінскага трактарнага заводу, стары будынак музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Стары будынак музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, архітэктар Георгі Бенядзіктаў

1943 — Віктар Сідзяк, беларускі фэхтавальшчык, чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Мэхіка і Мюнхэне, пяціразовы чэмпіён сьвету.

У памяці

1943 – загінуў Мікалай Азбукін, беларускі географ і дзяяч беларускага нацыянальнага руху. У сваёй кнізе «Геаграфія Эўропы» Азбукін трактаваў Беларусь як «самадастатковую краіну».

Перасьледаваўся НКВД у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Імаверна быў расстраляны нібыта за спробу перайсьці мяжу на поўдні СССР.

1991 — памёр Фрэдзі Мэрк’юры, брытанскі сьпявак, саліст гурту Queen. За дзень да сьмерці музыка пацьвердзіў чуткі пра сваё захворваньне на СНІД.

Што будзе сёньня

Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў плянуюць правесьці мітынг, прысьвечаны «20-годзьдзю антыканстытуцыйнага перавароту» — рэфэрэндуму 1996 году.

Месца правядзеньня: Менск, пл. Свабоды. Пачатак а 18-й гадзіне.

Імпрэзы і выставы

«Сьнежны чалавек у Менску»

Адна зь ілюстрацыяў Кацярыны Дубовік да кнігі

Швэдзкая пісьменьніца Эва Суса напісала кнігу для дзяцей аб прыгодах Сьнежнага чалавека ў беларускай сталіцы. Арганізатары імпрэзы ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў абяцаюць шмат цікавінак як для дзетак, так і для бацькоў.

Месца правядзеньня: Менская абласная бібліятэка імя Пушкіна (вул. Гікалы, 4). Пачатак а 18:00. Уваход вольны.

Прэзэнтацыя кнігі Рышарда Капусьцінскага «Чорнае дрэва. Афрыканская ліхаманка»

Народжаны ў беларускім Пінску Рышард Капусьцінскі — легенда польскай рэпартажнай журналістыкі, вандроўнік і пісьменьнік. Яго кніга — пра крывавыя рэвалюцыі, выпадковыя перамогі і паразы, расавы антаганізм, голад, эпідэміі, карупцыю, галечу. Прэзэнтацыя адбудзецца з удзелам сакратаркі пісьменьніка Бажэны Дудко і паэта Андрэя Хадановіча.

Месца правядзеньня: Менск, Галерэя ТUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57, 9-ты паверх). Пачатак а 19-й.

Кірмаш праектаў у Маладэчне

Кірмаш праектаў — гэта конкурс ідэяў кампаніі «Будзьма беларусамі», з дапамогай якога ініцыятыўныя людзі знаходзяць партнэраў для ўвасабленьня задумы. Цягам месяца на плятформе Talaka.by зьбіраліся і абмяркоўваліся ідэі. Цяпер аўтары праектаў маюць магчымасьць прэзэнтаваць свае задумы шырокай публіцы.

Месца правядзеньня: Маладэчна, адукацыйны цэнтар «Адкрытая прастора» (вул. Валынца, 12б). Пачатак а 18:00. Уваход вольны.

Прэзэнтацыя новага альбому гурту Botanic Project

Пакуль вакаліст беларускага рэгі-гурту Botanic Project сядзіць у турме, яго калегі выдалі свой пяты альбом. У студыйную работу ўвайшла песьня «А хто там ідзе?», дзе музыкі спалучылі паэзію Янкі Купалы і музыку Боба Марлі.

Месца правядзеньня: Менск, бар Beer&Wine (вул. Кульман, 9). Пачатак а 19:00. Квіткі каштуюць 17-20 рублёў.

Выстава карыкатур на тэму клімату

У гарадзенскай выставачнай залі адкрылася швэдзка-беларуская выстава карыкатур «Сам-насам з кліматам». Выстава праходзіць у межах праекту Швэдзкага інстытуту, які распачаўся ў 2010 годзе і толькі цяпер даехаў да Беларусі.

З альбому «Сам-насам з кліматам»

Месца правядзеньня: Выставачная заля Горадні (вул. Ажэшкі, 43). Выстава працуе да 18 сьнежня.