«Пазванілі з Упраўленьня ўнутраных спраў і сказалі, што затрымалі двух прадстаўнікоў ультраправага руху — „скінгэдаў“. У дачыненьні яшчэ дваіх праводзяцца апэратыўныя мерапрыемствы. Са слоў міліцыянта, затрыманыя плянавалі сваю акцыю больш за месяц. Ці сапраўды затрыманыя ўчынілі акт вандалізму, разьбярэцца сьледзтва», — зазначыў Аляксей Каплан.
Затрыманыя 19-гадовы ініцыятар і яго тры непаўналетнія саўзельнікі, навучэнцы магілёўскіх каледжаў, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні на сайце абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў. Падазраваныя падтрымліваюць ультраправыя ідэі нацызму і зьяўляюцца ўдзельнікамі руху магілёўскіх скінгэдаў.
«Выбар месца і аб’екта для цынічнай выхадкі плянаваліся загадзя. Каля месяца ўдзельнікі групы вывучалі мясцовыя славутасьці і памятныя для габрэяў мясьціны. Правядзеньне „акцыі“ было прымеркавана да сьвяткаваньня шабату», — адзначае магілёўская міліцыя.
Магілёўскім міжраённым аддзелам Сьледчага камітэту распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «Хуліганства, учыненае групай асобаў».
Памятны знак ахвярам Галакосту аблілі чорнай фарбай 19 лістапада. Першыя здымкі з апаганеным помнікам зьявіліся ў сацыяльных сетках пасьля 20 гадзінаў. На працягу двух дзён помнік адмылі ад фарбы.
Акт вандалізм учынілі на ўгодкі зьнішчэньня нацыстамі створанага імі ж габрэйскага гета. У 1941 годзе на працягу кастрычніка і лістапада былі расстраляныя дзесяць тысяч чалавек.
Памятны знак з высечанымі на ім далонямі магілёўскія габрэі ўсталявалі там, дзе нацысты зьбіраліся зрабіць уваход у гета. Сродкі на помнік зьбіралі грамадой. Паставілі яго ў 2008 годзе.
Праз чатыры гады, у 2012 годзе, памятны знак аблілі карычневай фарбай першы раз.
Тады зламысьнікам, паводле міліцыі, аказаўся бомж. Ён нібыта знайшоў слоік з фарбай, паставіў яго на памятны знак, каб агледзець зьмесьціва, і фарбу разьліў.