«Падазроны быў затрыманы супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь. Дзеяньні затрыманага кваліфікаваныя сьледзтвам паводле ч.2 арт.295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да боепрыпасаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Сьледчыя аналізуюць іншыя матэрыялы, якія паступілі зь Міністэрства ўнутраных спраў у дачыненьні да Канстанціна Бурыкіна», — паведаміла Свабодзе прэс-сакратарка Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.
Да Бурыкіна ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня пад варту.
Бурыкін быў вядомы шчыльнымі кантактамі з нэанацысцкай арганізацыяй «Рускае нацыянальнае адзінства», праўда, ці быў ён непасрэдна чальцом РНА, дакладна невядома.
У 2014 годзе стала вядома, што ў сьвятара з тых часоў на плячы застаецца свастыка. Тады Бурыкін у інтэрвію СМІ адрокся ад сваіх былых захапленьняў.
Пры гэтым, паводле інфармацыі СМІ, ён захоўваў кантакты з прарасейскай арганізацыяй «Румол», гэтая суполка праводзіла спаборніцтвы на базе ягонага прыходу.
Бурыкін быў таксама кіраўніком духоўна-спартовага цэнтру «Белая Русь» і першым намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу, якой кіраваў Генадзь Калесьнік — палкоўнік міліцыі, старшыня БФСТ «Дынама».