Зьніч Міхася Скоблы

Нашаму калегу Міхасю Скоблу – 50 гадоў.

Нашаму калегу Міхасю Скоблу – 50 гадоў. Звычайна мы не віншуем сваіх калег з днём народзінаў у эфіры ці на сайце, але Міхась – ня толькі аўтар шматгадовай перадачы “Вольная студыя”, добра вядомы слухачам Свабоды ў Беларусі і беларускім сьвеце, але і паэт, празаік, перакладчык, рэдактар, архівіст, публікатар,гісторык літаратуры, грамадзкі дзеяч – пералік можна доўжыць. І калі паважаны дасьледчык сучаснага нацыянальнага літаратурнага працэсу Сяргей Шапран прыслаў у рэдакцыю сваё эсэ, мы з прыемнасьцю вырашылі яго надрукаваць, як і наша віншаваньне юбіляру: сто лят!

Пісьменьніку Міхасю Скоблу — 50. Вось ужо і нашае пакаленьне пераступае тую мяжу, за якой трэба даваць справаздачу — што і дзеля чаго зроблена? Ці вартае нечага было тваё жыцьцё?.. Зрэшты, калі казаць пра Міхася, дык, на маю думку, ён у гэтым маім-нашым літаратурным пакаленьні — найталенавіцейшы і самы апантаны руплівец беларускага слова. Калі ўлічваць усё ім зробленае ў літаратуры і для літаратуры, то роўных яму сярод нас, яго равесьнікаў, проста няма.

Рэдкі выпадак, але дакладна памятаю, як мы пазнаёміліся. Мы былі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, я яшчэ са школы крэмзаў гумарыстычныя апавяданьні, некаторыя зь іх прачытаў аднойчы са сцэны менскага Дому настаўніка. І неўзабаве на вуліцы да мяне зьвярнуўся нейкі дзівак, які, пахваліўшы мае апавяданьні, прапанаваў паспрыяць іх друкаваньню ў часопісе «Вожык». Тым дзіваком быў Міхась Скобла. І хоць «вожыкаўскай» публікацыі не адбылося, але Міхась запомніўся менавіта гэтым — бескарысьлівым памкненьнем дапамагчы.

А потым быў студэнцкі будатрад, які на прапанову Міхася быў ахрышчаны мала тады вядомым словам «Зьніч» (так, дарэчы, будзе называцца першая паэтычная кніга Скоблы — «Вечны Зьніч», у анатацыі да якой будзе напісана: «Мітычны Вечны Зьніч — “агонь вечны Перуновы”, што дайшоў да нас з глыбіняў старажытнасьці паганцаў, зьдзіўляе беларускасьцю гучаньня слова»).

Студэнты філялягічнага факультэту БДУ, мы выправіліся ў Карэлію, у тыя мясьціны, дзе Беламорска-Балтыйскі канал і дзе жыве шмат беларусаў, продкі якіх апынуліся на поўначы Расеі, мусіць жа, супраць уласнага жаданьня. Была другая палова 1980-х, ужо распачалася гарбачоўская перабудова, мы былі маладыя і ня проста чакалі лёсавызначальных пераменаў у жыцьці краіны — мы прагнулі іх.

І дасюль помніцца адна дзіўная рэч, якая дужа ўразіла мяне тады: апынуўшыся ў ростані з радзімай, амаль усе з нашага «Зьніча» пачалі размаўляць па-беларуску (гэта і былі мае, па сутнасьці, першыя беларускія ўнівэрсытэты), але па вяртаньні ў Менск толькі лічаныя адзінкі засталіся верныя ў паўсядзённым жыцьці спрадвечнай матчынай мове. Сярод тых нямногіх быў і Міхась Скобла.

Да таго часу ўжо выйшаў паэтычны зборнік «Вусны» ўнівэрсытэцкага літаб’яднаньня «Узьлёт», кіраваў якім вядомы паэт і пэдагог Алег Лойка. І хоць у тым зборніку былі і тры вершы Міхася, але са Скоблам-паэтам я пазнаёміўся ўсё ж крыху пазьней — пасьля Карэліі, калі ў насьценнай філфакаўскай газэце зьявілася яго жартаўлівая паэма пра нашы будатрадаўскія будні, якую мы адразу ж парасьцягвалі на цытаты — так гарэзьліва і таленавіта яна была напісана.

Міхась Скобла ў будатрадзе ў Карэліі, 1990 год. Фота Сяргея Шапрана

Увогуле, калі казаць пра Скоблу таго часу, дык уся яго шырокая шчырая натура, адкрыты яго характар бачныя на адным з фотаздымкаў будатрадоўскіх часоў, дзе Міхась, крыху расхрыстаны, па-гаспадарску ўпэўнена шпацыруе па карэльскай прасторы, жыцьцярадасна ўсміхаючыся з-пад кепкі з брыльком набакір. Менавіта такім я і ведаў яго, менавіта так і ўспрымаў.

Гэта ўжо пазьней прачытаю ў раньнім вершы Генадзя Бураўкіна «Я іду…»:

…Люстры-лужыны

проста ў вочы

Сотні сонцаў мне навялі.

І лягчэй,

і прыемней крочыць

Па сырой, адагрэтай зямлі.

І паветра здаецца мядовым,

І нябёсы —

чысьцей і сіней.

Я іду — дваццацігадовы,

І дзяўчаты глядзяць на мяне…

«Я иду!» назваў сваю першую кнігу паэт Ігар Шклярэўскі. Гэтаксама — «Я іду!» — можна падпісаць той будатрадаўскі фотаздымак і ўвогуле той пэрыяд жыцьця Міхася. Але ў той першай яго кніжачцы «Вечны Зьніч» зусім не было бураўкінскай захопленасьці сьветам — тут было іншае:

Дакуль пакутаваць ад смагі,

Пьючы з пустога гладыша,

І жыць з жабрацкае сярмягі

Ты будзеш, родная душа?

Фота Джона Кунстадтэра

А потым была бліскучая кніга літаратурных пародый «Розгі ў розьніцу», дзе без увагі на званьні і аўтарытэты на арэхі дасталося ўсім без вынятку: Р. Баравіковай, Р. Барадуліну, А. Вярцінскаму, Л. Галубовічу, Н. Гілевічу, Л. Дайнеку, С. Законьнікаву, А. Лойку, Л. Рублеўскай, Я. Сіпакову, В. Шніпу дый шмат каму яшчэ. «Пародыя і эпіграма — лепшая рэкляма» — гэты Міхасёвы жарт памятаю з тых часоў…

Абарвала яблык з дрэва…

Еш, не бойся —

Я не Ева…

Я, на жаль, таксама грэшны,

Я таксама — не Адам.

М. Маляўка

Божа мой, якая тэма —

Ева ты, а я — Адам!

За маленькі сад Эдэма

Парк Чалюскінцаў аддам!

Абтрасём старанна дрэвы,

Што знаёмым, што — прадам…

Раптам чую голас Евы:

— Саграшым давай, Адам!

Стала радасна і мляўка…

Ева яблыкі зграбла:

— Ой, прабачце, вы — Маляўка?

Я — не з вашага рабра?..

Яблык кінула пачаты,

Разьвярэдзіла душу.

З той пары я (эх, дзяўчаты!..)

Толькі рыфмамі грашу!

(«Непаразумеліся»)

Адважна выдаўшы зборнік пародый, Скобла жартаваў: «Вось зьбяруцца паэты і адлупцуюць мяне!» А ў самога ў вачах — гарэзьлівыя агеньчыкі…

Потым былі іншыя паэтычныя кнігі: «Вочы савы» і «Нашэсьце поўні», дзе аўтар выяўляўся надзвычай лірычным і філязафічным, як, напрыклад, у вершы «Узнясеньне Шагала»:

Марк Шагал паміраў у ліфце.

Без радзімы на старасьць год.

Фарбавала ліфцёрша кіпці

І гартала часопіс мод.

Без радзімы. З кавалкам хлеба.

З клеткаптушкай. Без жаўрука.

Кнопку з надпісам простым «неба»

Націскала яго рука.

Маляваў ён не ў вазе лотаць

І не вулічную любоў,

Ён вучыў чалавецтва лётаць,

З рук пускаючы, як галубоў!

На зямлі — адны каранціны,

Мытні ўсюды, і не прасі,

Каб вярнулі яго карціны.

І карціны — на небясі…

З Анатолем Вярцінскім

Кнігу «Нашэсьце поўні» завяршаў невялічкі іранічны разьдзел, у якім некаму з надта ўжо пільных «чытачоў» убачылася «высокая» палітыка, і ў выніку кніга раптоўна зьнікла з усіх менскіх кнігарняў. Хоць, на думку Скоблы, ніякай крамолы там не было — усе сюжэты былі сьпісаныя з натуры, як, напрыклад, верш «Недарэчнасьць»:

Па тэлеку казаў прамову Сам.

Гадзіны дзьве ён выступаў, ня меней.

Было прасторна ў тэлеку вусам.

Сам абяцаньні сыпаў поўнай жменяй.

Стаміўся люд — хто спаў, хто пазяхаў.

Тэлерыштунак, зноў жа, быў не новы.

Тэлеэкран раптоўна заміргаў

І сапсаваў канец яго прамовы.

А дыктарка вазьмі й залапачы,

Дарэшты не суняўшы хваляваньне:

— Даруйце, дарагія гледачы,

За гэту недарэчнасьць на экране!

«У нас літаральна ўсё зрабілася палітыкай! — гаварыў Скобла падчас тагачаснай нашай зь ім гутаркі. — Размаўляеш па-беларуску — палітыка. Магілы знакамітых беларусаў наведаў на Дзяды — палітыка. Сьцяг нацыянальны ў руках трымаеш — палітыка. Нашае жыцьцё абклалі чырвонымі сьцяжкамі, на кожным зь якіх надпіс: “Асьцярожна, палітыка!”. Невыпадкова тры месяцы таму мяне ў парку імя Горкага тры жлабы ў міліцэйскай форме шваркнулі тварам аб асфальт, надзелі кайданкі і прымушалі даваць паказаньні па-руску, паколькі беларуская мова была ім незразумелая. Гэта таксама палітыка дзяржавы, у якой мы жывем. Так што ў нашай краіне пражыць без палітыкі можа хіба што мыш пад венікам. Хоць многія абралі для сябе менавіта гэткі спосаб не жыцьця — існаваньне».

На радзіме — у вёсцы Паляжын, каля роднай хаты. Міхась Скобла разам з Эдуардам Акуліным, Нілам Гілевічам, мамай Леакадзіяй Уладзіміраўнай, Сяргеем Чыгрынам

Пасьля чатырох гэтых кніг я, па шчырасьці, чакаў ад Скоблы новых лірычных вершаў і літаратурных пародый, аднак нечакана ў яго бібліяграфіі зьявілася кніга зусім іншага кшталту — «Дзярэчынскі дыярыюш». Дзярэчын тут быў абраны ў якасьці тэмы літаратурна-гістарычнага дасьледаваньня невыпадкова: як Нясьвіж ёсьць калыскаю роду Радзівілаў, гэтаксама Дзярэчын — радавое гняздо князёў Сапегаў. Сапегаў і — самога Міхася Скоблы, бо там ён хадзіў у школу.

Зрэшты, ня толькі пра дзярэчынскую слаўную даўніну, ужо амаль забытую, апавядаў ён у тым сваім дыярыюшы — былі там і эсэ пра Натальлю Арсеньеву, Рыгора Барадуліна, Дануту Бічэль, Анатоля Вялюгіна, Ларысу Геніюш, Юрку Голуба, Пімена Панчанку, Масея Сяднёва…

Гэта я ўжо потым зразумеў, што Міхась ніколі не стаяў на месцы — ён пастаянна ўпарта крочыў наперад. І ў дадзеным выпадку гэта быў сьвядома абраны шлях — ня ўласная паэзія, а найперш літаратурныя партрэты, развагі пра сучаснае прыгожае пісьменства, якія атрымалі працяг у аўтарскай праграме Міхася на радыё «Свабода» «Вольная студыя». Ягонымі суразмоўцамі былі Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Ігар Дабралюбаў, Янка Запруднік, Сяргей Законьнікаў, Віктар Казько, Алесь Краўцэвіч, Адам Мальдзіс, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў, Рыгор Сітніца, Анатоль Сыс, Міхась Чарняўскі — усіх немагчыма пералічыць, бо за амаль што два дзясяцігодзьдзі, што існуе праграма, у эфіры «Свабоды» прагучалі сотні дыялёгаў, невялічкая частка якіх пазьней увасобілася ў аднайменную «свабодаўскую» кнігу, а яе аўтар быў уганараваны ПЭН-цэнтраўскай прэміяй імя Алеся Адамовіча.

Прэзэнтацыя кнігі «Вольная студыя» . 2009 год

Зрэшты, недастаткова проста сказаць «дыялёгі» («дуэлогі» — жартуе іх вядоўца), бо асабіста для мяне Скобла — найцікавейшы нават не інтэрвіюэр, а суразмоўца (інтэрвію — гэта з галіны журналістыкі, Скобла ж ад самага пачатку быў больш чым журналіст). Яго энцыкляпэдычная дасьведчанасьць і эрудыяваная дапытлівасьць уражвае ледзь ня кожнага разу. Ягоныя гутаркі — практычна бездакорны ўзор такой вось разнавіднасьці філязсофска-філялягічнай камунікацыі паміж людзьмі. Сабраныя ж разам, яны ствараюць шматкаляровы паліфанічны партрэт эпохі, які без усялякай натужнасьці можа прэтэндаваць на тое, каб называцца гістарычнымі хронікамі нашага часу.

І хоць «свабодаўская» «Вольная студыя» даўно ўжо стала, мусіць, адной з галоўных справаў жыцьця Міхася Скоблы, але разам з тым ня менш галоўным было і іншае — дасьледаваньне і выданьне творчай спадчыны паўзабытых папярэднікаў, вяртанне імёнаў якіх у сённяшні літаратурны кантэкст зрабілася, без перабольшаньня, справай гонару Скоблы. Ларыса Геніюш, Зоська Верас, Уладзімер Жылка, Алесь Салавей, Рыгор Крушына, Міхась Стральцоў, Мікалай Улашчык — некаторыя з гэтых імёнаў з пэўнага часу цесна атаясамліваюцца з імем Міхася Скоблы, бо нязрэдчас дзякуючы найперш яго руплівай дасьледчыцкай працы адбываецца іх другое літаратурнае нараджэньне.

У Зэльве з «арыштаванай» дошкай у гонар Ларысы Геніюш. Фота Сяргея Чыгрына

Адной толькі і дасюль афіцыйна не рэабілітаванай Ларысы Геніюш Скобла сабраў, пракамэнтаваў і выдаў сем кніг (любы з сумленных укладальнікаў і камэнтатараў добра ведае, якой неверагодна тытанічнай працы патрабуе падобная дзейнасьць). Такія стараннасьць, працаздольнасьць і самаахвярная адданасьць па сёньняшнім часе мала каму ўласьцівыя. Але для паэта Міхася Скоблы тая ж Ларыса Геніюш — ня толькі несумнеўны клясык, але яшчэ, паводле яго ўласнага вызначэньня, сьвяты чалавек, чыя творчасьць даражэй за ягоную ўласную творчасьць. «Вершы і проза Геніюш — гэта як горан, дзе павінна гартавацца беларуская душа, — гаварыў мне неяк Міхась. — Увогуле, прынята лічыць, што бальшыня паэтаў — эгаісты, якія ўласную творчасьць цэняць вышэй за ўсё. Я да такіх не належу».

І гэтае, здавалася б, нечаканае прызнаньне ніяк не аднясеш да напышлівай патэтыкі, бо так яно насамрэч і ёсьць. Тым больш, што яшчэ адным неаспрэчным пацьвярджэньнем гэтых слоў зьяўляюцца дзьве фундамэнтальныя паэтычныя анталёгіі, шматстаронкавыя фаліянты — плён шматгадовай працы: «Краса і сіла: беларуская паэзія ХХ стагодзьдзя» і «Галасы з-за небакраю: паэзія сьвету ў беларускіх перакладах ХХ стагодзьдзя»…

Кнігі Міхася Скоблы

Зрэшты, зноў жа няма нічога прасьцей, чым сказаць: фундамэнтальны вынік карпатлівай працы. Прыкладна гэтак жа проста ўзяць дый крытыкануць гэтыя анталёгіі (крытыкаў у горшым вызначэньні гэтага слова ў нас заўсёды болей, чым рупліўцаў). Але хай бы такі «крытык» сам узяўся дый склаў у адзіночку — прычым, як Скобла, безганарарна — хоць адну аналягічную анталёгію, якая будзе і грунтоўнай, і фундамэнтальнай. Аднак, на падобнае ва ўсе часы наважваюцца адзінкі, а тым больш у наш неспрыяльны для таго, няўдзячны час, у эпоху ледзь не павальнай грантаманіі (Рыгор Барадулін трапна заўважаў, што цяпер такі час, калі ў фразе «дзеці капітана Гранта» апошняе слова трэба пісаць з маленькай літары), да якой Скобла ня мае абсалютна ніякага дачыненьня, бо ніколі не працаваў ні за якія гранты. Але нават і безграшоўе не магло быць важкай прычынай, каб ён спыніўся.

З Уладзімерам Някляевым ва Ўкраіне

Увогуле, з часам нашаму пакаленьню не пашанцавала. Як у біяграфіі славутага пакаленьня «шасьцідзясятнікаў» была хрушчоўская «адліга», якая хутка зьмянілася брэжнеўскімі «прымаразкамі», гэтаксама і беларускае Адраджэньне канца 1980-х — пачатку 1990-х было гвалтоўна спынена лукашэнкаўскай стагнацыяй, якая хутка трансфармавалася ў нацыянальны нігілізм і рэгрэс. У выніку мы таксама аказаліся «страчаным» пакаленьнем, бо маглі зрабіць значна больш і цікавей, чым здолелі зрабіць за гэтыя два з гакам дзясяцігодзьдзі. Але гэта, вядома, не прычына апускаць рукі. І як галоўны герой рамана Камю «Чума», добра разумеючы, што барацьба з чумой — адна бясконцая параза, не знаходзіў прычыны, каб кідаць гэтую ў вачах іншых недарэчную барацьбу, гэтаксама і Скобла ня тое, што не знаходзіць — па-мойму, нават не шукае зачэпкі, каб добраахвотна капітуляваць. Ён быў і застаецца верны даўняму пастуляту Васіля Быкава: «Пытаньне стаіць так: або літаратура, або нелітаратура. Сярэдзіны — няма».

І невыпадкова Генадзь Бураўкін хацеў бачыць менавіта Міхася рэдактарам сваёй паэтычнай кнігі «Нагаварыцца з зоркамі» і падчас нашых зь ім апошніх гутарак, кажучы пра сучасную літаратуру, вылучаў разам з Уладзімірам Някляевым і Андрэем Федарэнкам і Міхася, тлумачыў: «Скобла, па-першае, майстар; па-другое, ён культурны, адукаваны і, як паэт, валодае даволі высокім майстэрствам». І ўжо ў часе апошняй зь ім сустрэчы Генадзь Мікалаевіч сказаў Міхасю на заўсёднае расстаньне, чаму я сам быў сьведкам: «Ты мой чалавек на гэтай зямлі». І дадаў: «Трымайся і ня схібі, як ніколі раней ня схібіў».

З Рыгорам Барадуліным. Фота Сяргея Шапрана

Гэтаксама і Рыгор Барадулін, калі рабілі з ім кнігу «Тры мяхі…», першым зь сярэдняга літпакаленьня вылучаў Міхася. «Таму што гэта асоба, ён шырока адукаваны і ня толькі добра адчувае паэзію, але і сам піша цікавыя вершы, — гаварыў дзядзька Рыгор. — І я лічу яго адным з самых цікавых паэтаў, таму што ён надта шчыры, а гэта вельмі важна ў паэзіі».

І, мусіць жа, невыпадкова Барадулін прысьвяціў Скоблу менавіта гэты свой верш:

Да слова бруд не прыстае,

Бо слова незямнога кшталту.

Яму нябеснасьці стае,

Каб быць

Непадуладным гвалту.

Ствараем слова, ці яно

Нас, недаствораных, стварае,

Так золь дабельвае радно,

І гоіць боль зямля сырая.

І колькі часу ні сплыло б,

Назвацца хоча ўсё нанова.

І думка свой гарачы лоб

Халодзіць даланёю слова.

А яшчэ сказаў у апошняй сваёй «гукавой прывітанцы» Міхасю (апошнім часам дзядзька Рыгор па стане здароўя ня мог выходзіць з дому, а паколькі я быў частым яго госьцем, дык часам запісваў на дыктафон, як мы гэта называлі, «гукавыя прывітанкі», якія я пасьля перадаваў тым, каму яны адрасаваліся): «Дарагі Міхась… Я вось думаю: якая рыфма на Скоблу — каб была сэнсавая і нармальная? Пакуль што мне прыйшло ў галаву толькі: цёпла — Скобла. Дык вось калі я думаю пра вас, мне цёпла, калі чытаю вас, мне таксама цёпла. Так што: Скобла і цёпла… Званіце, я буду заўсёды рад вашаму званочку… Ёсьць такое вушацкае пажаданьне: нас ні вада не размыець, ні свіньня не разрыець. Будзем разам…»

Невядомы факт: некалі Барадулін напісаў прадмову да адной зь ягоных кніг, але Скобла ня стаў яе друкаваць з адной толькі прычыны: яму падалося нясьціплым адкрываць уласную кнігу занадта ж узьнёслым, на яго думку, водгукам Барадуліна. І гэтая гісторыя таксама добра яго характарызуе, бо хто яшчэ адмовіўся б ад пахвальнага слова, а тым больш народнага паэта і клясыка?

З жонкай Ларысай

І калі казаць яшчэ пра прадмовы, дык дарэчы будзе прыгадаць ўступнае слова Ўладзіміра Някляева да новай паэтычнай кнігі Скоблы «Камізэлька для месяца», якая толькі-толькі выйшла ў сьвет: «…Нельга пакінуць па-за ўвагай яшчэ адну якасьць паэзіі Міхася Скоблы, якая ёсьць і якасьцю ягонага характару, і якую можна назваць: абарончасьць. Прычым, апантаная: ён апантана бароніць сваё. Сваю мову, гісторыю, зямлю... Усё, што Беларусь, — у яе мінуўшчыне і будучыні:

Там больш спагады і сьвятла,

Там вокны — шыбінамі ў неба,

Там ёсьць алтар і ёсьць сьвятар,

Там ёсьць званар і ўсё, што трэба.

У кнізе выбранага Міхася Скоблы, як ва ўпарадкаванай беларускай хаце, гаспадар якой ведае, што і калі ў жыцьці можа спатрэбіцца, сапраўды ёсьць усё, што трэба. Ці амаль усё… І ўсё на сваім, асобным месцы. Як на сваім, асобным месцы ў сучаснай беларускай паэзіі і сам аўтар кнігі — паэт Міхась Скобла».

Міхась Скобла з сынам Вячкам

Ён сапраўды на сваім, асобным месцы, і без яго сучасную беларускую літаратуру ня тое, што цяжка — немагчыма ўявіць. Без яго паэзіі, без ягоных эсэ і літаратурна-дасьледчыцкай дзейнасьці. І шкада, і прыкра, што гэта практычна ніяк не прывечана і не адзначана ня тое, што на высокім дзяржаўным узроўні (зрэшты, як сказаў Васіль Сёмуха, прымаць узнагароду з гэтых рук было б абразай), а хоць бы Саюзам беларускіх пісьменьнікаў… Усё ж шлях Скоблы — гэта найчасьцей шлях самотніка, калі шануюць не пры жыцьці, а пасьля, дый таксама — не заўсёды…

…Неяк я запытаўся ў яго: ці магчыма, каб ён калі-небудзь пакінуў Беларусь? І Міхась адказаў, што не асуджае тых, хто робіць падобны выбар, але што датычыць асабіста яго, дык Беларусь ён пакіне назаўсёды ў адным-адзіным выпадку — у лодцы Харона.

І гэта не красамоўства, ня поза — гэта яшчэ адзін штрых да партрэта Міхася Скоблы.

Сяргей Шапран