Праект «Ляпіс-98», утвораны ў красавіку, выконвае старыя песьні гурту «Ляпіс Трубяцкі», хоць граюць у ім ужо іншыя музыкі. На канцэрце прагучаць песьні накшталт «Ау», «Ты кинула», «В платье белом», «Яблони», «Я верю», «Котик», «Африка», «Евпатория» і «Капитал».
Гэта будзе першы канцэрт Міхалка ў Менску зь 2010 году і другі з таго часу ў Беларусі — у кастрычніку іншы гурт Міхалка, Brutto, даў вялікі канцэрт у Гомелі.
Рэвалюцыйная эвалюцыя Міхалка: 22 песьні, якія варта пераслухаць
Сяргей Міхалок зьехаў зь Беларусі празь ціск КДБ — яму пагражала крымінальная справа за абразу Лукашэнкі. Цяпер Міхалок зь сям’ёй жыве ва Ўкраіне, там жа найчасьцей канцэртуюць праекты Brutto і «Ляпіс-98». Пасьля падзелу гурту «Ляпіс Трубяцкі» на Brutto і Trubetskoy першыя практычна адмовіліся ад старых песень, другія іх выконвалі разам з новым матэрыялам. Пазьней Міхалок забараніў сьпяваць былым паплечнікам з Trubetskoy свае старыя песьні, сам жа запісаў з Brutto шэраг песень «Ляпісаў».