Міжнародны паралімпійскі камітэт (IPC) апублікаваў сьпіс крытэрыяў аднаўленьня членства Паралімпійскага камітэту Расеі.
У прыватнасьці, Расеі прыйдзецца выплачваць па 250 тысячаў эўра за кожны год адхіленьня і 125 тысяч эўра ў год на працягу першых трох гадоў пасьля аднаўленьня членства ў IPC.
Сродкі будуць накіраваны на фінансаваньне дадатковага тэставаньня расейскіх спартоўцаў. Гэтыя выдаткі вырасьлі ў сувязі з часовым выключэньнем Паралімпійскага камітэту РФ.
Прэзыдэнт IPC Філіп Крэйвэн не ўстанаўлівае тэрмінаў аднаўленьня членства Паралімпійскага камітэту Расеі. Сяброўства будзе адноўлена ў той момант, калі IPC будзе ўпэўнены, што ўсе крытэрыі выкананы.
Нават калі прыпыненьне сяброўства будзе доўжыцца толькі адзін год, сума, якую Расеі давядзецца выплаціць, перавысіць 600 тысяч эўра.
У лік іншых крытэрыяў аднаўленьня членства РФ уваходзяць: выкананьне патрабаваньняў антыдопінгавай праграмы, забарона на працу ўрадавых чыноўнікаў у Паралімпійскім камітэце РФ і іншыя.
7 жніўня Міжнародны паралімпійскі камітэт абвясьціў пра рашэньне адхіліць зборную Расеі ад Паралімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра.
Крэйвэн заяўляў, што такое рашэньне было прынята на падставе дакладу Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва аб заахвочваньні ўжываньня допінгу на дзяржаўным узроўні ў Расеі.
Кіраўнік IPC адзначаў, што ўлады падставілі сваіх паралімпійцаў. Паралімпійскі камітэт Расеі паспрабаваў абскардзіць рашэньне IPC ў Фэдэральным судзе Швэйцарыі, але суд пазоў адхіліў.