Камень з высечанымі на ім далонямі часткова ўдалося адцерці ад фарбы. Гэтым 20 лістапада амаль увесь дзень займаўся жыхар Магілёва Аляксей Каплан.
«Працы, вядома ж шмат. І ня меней гутарак з уладамі. Пакуль працаваў, мінакі выпытвалі, што здарылася? Тлумачыў. Адна з жанчын запыталася, ці ня я вывернуў фарбу. Калі ёй патлумачыў у чым справа, то яна сказала, што хацела ўжо «са мною бойку пачынаць», — напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Аляксей.
Аляксей Каплан называе здарэньне вандалізмам і спадзяецца на яго аб’ектыўнае расьсьледаваньне. Пакуль ён устрымліваецца акцэнтаваць увагу на тым, што абліты помнік — праява антысэмітызму.
Магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў, які вырабіў памятны знак, таксама пазьбягае пакуль ужываць азначэньне «антысэмітызм». І хоць майстар лічыць, што аблілі знак наўмысна, усё ж спадзяецца, што гэта зрабілі «здуру».
Рэстаўрацыя памятнага знаку будзе вымагаць немалых выдаткаў. Паводле скульптара, трэба наноў працаваць над высечанымі ў камяні далонямі. «Іх давядзецца перарабляць цалкам», — кажа ён. Падобную працу майстар рабіў і тады, калі памятны знак аблілі ў 2012 годзе.
Памятны знак з высечанымі на ім далонямі магілёўскія габрэі ўсталявалі на вуліцы Лазарэнкі ў 2008 годзе. На яго месцы ў жніўні 1941 году нацысты зьбіраліся зрабіць уваход у гета, але ў кастрычніку яны забілі зьняволеных габрэяў. Зь дзесяці тысяч ацалелі адзінкі.
Сродкі на памятны знак габрэі зьбіралі грамадой.