Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што ў Кіеве на месцы, дзе ў 2014 годзе загінулі актывісты Эўрамайдану, будзе створаны мэмарыял-музэй Рэвалюцыі годнасьці.
«Я выступаю ініцыятарам і першым спонсарам стварэньня дабрачыннага фонду па зборы сродкаў для будаўніцтва музэя-мэмарыяла і правядзеньня міжнароднага конкурсу на яго найлепшы праект», — сказаў Пятро Парашэнка сёньня на ўрачыстасьцях, прымеркаваных да Дня годнасьці і свабоды.
Украінскі прэзыдэнт паведаміў, што падтрымлівае ідэю грамадзкай арганізацыі «Сям’я Герояў Нябеснай сотні» аб разьмяшчэньні мэмарыялу непасрэдна на алеі Герояў Нябеснай сотні — у 2014 годзе частка вуліцы Інстытуцкай у Кіеве, дзе адбыўся масавы расстрэл актывістаў пратэсту, была перайменаваная на алею Герояў Нябеснай сотні.
«Гэты музэй павінен быць сучасным, павінен глядзець у будучыню і павінен быць створаны найлепшымі сусьветнымі і ўкраінскімі мастакамі. Ён павінен быць разьмешчаны на зямельным участку па адрасе Алея Герояў Нябеснай сотні. Я шчыра спадзяюся, што будаўніцтва гэтага найважнейшага для нашай агульнай справы аб’екта стане па-сапраўднаму ўсенароднай справай», — заявіў Пятро Парашэнка.
Сёньня ва Ўкраіне адбываецца шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня годнасьці і свабоды. Гэты дзень адзначаецца 21 лістапада на памяць пра Рэвалюцыю годнасьці 2013-2014 гадоў, калі ў выніку разгону пратэсту студэнтаў супраць спыненьня эўраінтэграцыі на вуліцы Кіева выйшлі некалькі сотняў тысяч грамадзян. Масавыя акцыі пратэсту трывалі 94 дні і завяршыліся масавым расстрэлам актывістаў і ўцёкамі тагачаснага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў Расею. У часе тых падзеяў загінуў і беларус — Міхась Жызьнеўскі.
У цэнтры Кіева грамадзкі парадак забясьпечваюць больш як 6 тысяч супрацоўнікаў Нацыянальнай паліцыі. На некалькіх вуліцах перакрыты аўтамабільны рух, а на Майдане Незалежнасьці ўсталяваныя металадэтэктары.