Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод
Цыганкоў: 17-га лістапада ў Менску прэзэнтавалі дасьледаваньне «Стан і пэрспэктывы дэмаграфічнага разьвіцьця ў Беларусі» Беларускага дасьледчага інстытута працы, зробленае пры падтрымцы ААН у галіне народанасельніцтва. І дэмографы пралічылі чатыры асноўныя прагнозы да 2030-га году: аптымістычны, сярэдні, пэсімістычны і інэрцыйны без уліку міграцыі. Дык вось тры з чатырох кажуць, што насельніцтва ў Беларусі будзе скарачацца.
Паводле інэрцыйнага прагнозу, калі ўсё будзе ісьці так, як зараз ідзе, зь цяперашніх 9,5 мільёнаў насельніцтва скароціцца да 8,9 мільёнаў. Сярэдні прагноз — гэта 9,4 мільёна, ніжні — 9 мільёнаў і 83 тысячы. І самы высокі — тыя самыя 9,5 мільёнаў.
Асноўнымі пагрозамі дэмографы назвалі дэпапуляцыю, інтэнсіўнае старэньне насельніцтва, скарачэньне колькасьці насельніцтва ў працаздольным узросьце, тэндэнцыя трансфармацыі інстытуту сям’і, а таксама неўраўнаважнае разьмеркаваньне насельніцтва па краіне. Дырэктарка гэтага навукова-дасьледчага інстытуту зьвярнула ўвагу на неспрыяльную полава-ўзроставую структуру насельніцтва Беларусі, дастаткова шмат людзей ужо ў сталым узросьце, узровень нараджальнасьці на сёньня не забясьпечвае простае ўзнаўленьне насельніцтва, а таксама зьніжэньне сацыяльнай патрэбы ў дзецях.
калі ўсё будзе ісьці так, як зараз ідзе, зь цяперашніх 9,5 мільёнаў насельніцтва скароціцца да 8,9 мільёнаў.
Тое, што ў 2000-я гады нараджальнасьць у Беларусі пачала павялічвацца, стала моцным чыньнікам афіцыйнай прапаганды, дэманстрацыяй посьпехаў сацыяльнай палітыкі ўладаў. Неаднаразова Аляксандар Лукашэнка дапускаў такія рэплікі ў сваіх публічных заявах, бачыце, і беларускія жанчыны пачалі больш нараджаць. На самай справе і дэмографы, і аналітыкі тады папярэджвалі, што гэта мае кароткачасовы эфэкт, які хутка сайдзе на нішто. Так і атрымалася. Чаму?
Па-першае, спрацаваў закон дэмаграфічнай піраміды. У беларускай дэмаграфіі дагэтуль назіраецца эфэкт ІІ сусьветнай вайны. Тое пакаленьне ў значнай ступені было зьнішчанае, адпаведна дзеці дзяцей вайны даюць колькасна меншае пакаленьне. Таму ўсплёскі нараджальнасьці зьмяняюцца праваламі. Вось у 80-х быў аб’ектыўны рост нараджальнасьці, а ў 90-я наступіла прагназаванае падзеньне, якое ўзмацнілася і сацыяльна-эканамічным крызысам пачатку і сярэдзіны 90-х. І вось зараз адносна нешматлікае пакаленьне, якое нарадзілася ў 90-я, уступіла ў дзетародны ўзрост. Адпаведна і на гэтыя гады з 16-га па 20-ы можна чакаць, што нягледзячы на сацыяльна-эканамічную сытуацыю зьніжэньня нараджальнасьці.
Як дзяржава можа паўплываць на павелічэньне нараджальнасьці? Многія экспэрты і я зьяўляемся прыхільнікамі дэмаграфічнага дэтэрмінізму. Дзяржава мала што можа зрабіць. Досьвед Эўропы паказвае, што нават самыя багатыя эўрапейскія дзяржавы, калі яны ўсяляк фінансава спрыялі большай нараджальнасьці, не аказвалі радыкальнага ўплыву на грамадзтва. Пэўныя зрухі былі, але вельмі кароткатэрміновыя. Ну а потым ужо многія краіны не маглі несьці такой фінансавай нагрузкі. Апошнія дзесяцігодзьдзі гісторыя чалавецтва паказвае адну відавочную заканамернасьць: чым больш узровень адукацыі сярод жанчын у грамадзтве, і чым меншая рэлігійнасьць, тым меншая нараджальнасьць.
Ва ўсім сьвеце, дзе больш адукаванае насельніцтва і меншы ўплыў рэлігіі на жыцьцё, там нараджальнасьць зьмяншаецца, нават калі фінансавыя даходы высокага ўзроўню. Беларусь у гэтым сэнсе — краіна з высокай адукацыяй, жанчын з высокай адукацыяй у нас больш, чым мужчынаў, узровень рэлігійнасьці ў нас сьціплы. Таму няма ніякіх прычынаў лічыць, што нараджальнасьць можа павялічвацца. Тым больш і дзяржава не можа падтрымліваць гэты эфэкт, тым больш калі ён такі часовы.
Карбалевіч: Я б замяніў слова «адукацыя» адносна жанчын на слова «эмансыпацыя». Яно ўключае і адукацыю, і шмат чаго іншага.
Глод: У Беларусі дэмаграфічныя праблемы — гэта дзяржаўныя праблемы. Беларускія чыноўнікі заяўляюць, што забесьпячэньне дэмаграфічнай бясьпекі — прыярытэтны напрамак сярод сацыяльных праблем краіны. І гэта той зь нямногіх выпадкаў, калі рэчаіснасьць супадае зь іхнымі заявамі. Адбываецца гэта, як кажуць, не ад добрага жыцьця.
Значнасьць дэмаграфічных працэсаў вызначаецца нэгатыўнымі тэндэнцыямі: адносна нізкім узроўнем нараджальнасьці, высокай сьмяротнасьцю, адмоўным сальда прыросту насельніцтва, ростам колькасьці па-за шлюбных дзяцей, адмоўнымі зьявамі ў галіне міграцыі жыхароў, старэньнем насельніцтва, няспынным працэсам дэпапуляцыі. Галоўнае, што на барацьбу з усім гэтым патрабуецца шмат бюджэтных грошай. А іх не хапае. Таму дзяржава мусіць рабіць непапулярныя захады. Напрыклад, падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Але ж з пункту гледжаньня навукоўцаў ня ўсё так дрэнна.
сацыя-культурныя зьмены аб’ектыўна арыентуюць сям’ю на меншую колькасьць дзяцей
Экспэрты заяўляюць, што Беларусь мае добрыя магчымасьці для стымуляваньня росту нараджальнасьці. Па-першае, у нас адна з самых нізкіх сярод усіх эўрапейскіх дзяржаў шчыльнасьць насельніцтва. Таму і няма праблемы перанаселенасьці. Па-другое, Беларусь адносіцца да той групы эўрапейскіх (перш за ўсё постсавецкіх) краін, у якіх склалася стабільнае адмоўнае сальда натуральнага прыросту насельніцтва. Такога ўжо няма ў бальшыні заходніх дзяржаў. І, па-трэцяе, у нас ёсьць такі магутны прыродны і эканамічны патэнцыял, як зямельныя і водныя рэсурсы — іх абмежаванасьць перашкаджае росту насельніцтва ў многіх краінах.
Цыганкоў: Ваш аргумэнт пра перанаселенасьць не зусім вытрымлівае праверку практыкай, бо якраз у Кітаі і Індыі такая перанаселенасьць, але нараджальнасьць не зьніжаецца. Усё-такі гэта напэўна залежыць не ад тэрыторыі, не ад доступу да рэсурсаў, а менавіта ад сацыяльна-культурных фактараў.
Глод: Аднак пад такія спрыяльныя ўмовы не хапае эканамічнай заможнасьці беларусаў. Я думаю, менавіта таму, найперш, нэгатыўныя працэсы ў нараджальнасьці не пераадоленыя, нягледзячы на адносна стабільную колькасьць рэпрадуктыўнага кантынгенту па гадах у сельскай і гарадзкой мясцовасьці. Да таго ж сацыя-культурныя зьмены, пра што ўжо падрабязна казаў Віталь Цыганкоў, аб’ектыўна арыентуюць сям’ю на меншую колькасьць дзяцей.
Карбалевіч: Аляксандар Лукашэнка ўвесь час кажа, што ў нас у Беларусі мала насельніцтва, трэба каб яно было 30 мільёнаў чалавек, і гэта было б нармальна для Беларусі з гледзішча і тэрыторыі, і шчыльнасьці. Існуе некалькі прычын такога скарачэньня. Найперш, гэта цывілізацыйныя прычына. Ва ўсіх эўрапейскіх краінах апошнія дзесяцігодзьдзі адбываецца скарачэньне нараджальнасьці. У гэтым сэнсе Беларусь разьвіваецца па эўрапейскім трэндзе.
Крызыс, беспрацоўе, скарачэньне заробкаў, зьмяншэньне будаўніцтва жытла адмоўна ўплываюць на нараджальнасьць
Цікава, што рост нараджальнасьці ў краінах ЭЗ цяпер у пэўнай меры забясьпечваюць грамадзяне мусульманскага веравызнаньня. У Беларусі мусульманская абшчына невялікая, да таго ж яна жыве паводле агульнага дэмаграфічнага трэнду, нараджальнасьць у семʼях карэнных беларускіх мусульман ня надта адрозьніваецца ад агульнабеларускага ўзроўню. Другая прычына — гэта дэмаграфічная яма, якая зьяўляецца вынікам рэха апошняй вайны. Гэтыя прычыны абʼектыўныя і ніяк не залежаць ад дзяржаўнай палітыкі.
Аднак на дэмаграфію ўплываюць і сацыяльна-эканамічныя чыньнікі, якія зьяўляюцца вынікам дзяржаўнай палітыкі. Эканамічны крызыс, рост беспрацоўя, скарачэньне заробкаў, зьмяншэньне будаўніцтва жытла адмоўна ўплывае на нараджальнасьць. Таксама шмат моладзі, зьяжджае за мяжу. Вось учора на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка адмаўляў, што беларусы едуць на заробкі ў Расею. Але насамрэч, зьяжджае шмат. І гэтыя беларусы за мяжой ствараюць семʼі, там нараджаюць дзяцей Паколькі сацыяльна-эканамічны крызыс — гэта надоўга, то можна прагназаваць, што дэмаграфічная праблема ў Беларусі будзе толькі пагаршацца.