Сам Іван Барбашынскі сьцьвярджае, што супрацоўнікі патрульна-паставой службы пры затрыманьні зьбілі іх з братам Ігарам.
20 верасьня Ігар Барбашынскі памёр у Жодзінскім СІЗА ад «імунадэфіцытнага захворваньня невядомага паходжаньня», на яго целе было 17 крывападцёкаў ад удараў цьвёрдым прадметам.
Першае паседжаньне суду над Барбашынскімі адбылося яшчэ 9 жніўня, усяго паседжаньняў было шэсьць. Раней пацярпелыя сэржант Шустэр і прапаршчык Ламейка далі паказаньні супраць братоў Барбашынскіх.
16 лістапада адвакат Юлія Станкевіч падала хадайніцтва, каб у сувязі са сьмерцю Ігара ў дачыненьні да яго спынілі крымінальную справу. Судзьдзя Паўленка задаволіла гэтае хадайніцтва.
17 лістапада суд упершыню дапытаў Івана. Той распавёў, як у ноч з 19 на 20 сакавіка вяртаўся з прыдарожнай кавярні «Слуцкі пачастунак» разам са старэйшым братам. Абодва былі нападпітку, але ішлі дахаты і «нармальна сябе адчувалі». Зьнянацку да іх пад’ехаў міліцэйскі «Собаль», адчыніліся дзьверы і, не назваўшы свае імя, адзін з супрацоўнікаў зьвярнуўся да Ігара: «Праедзем, таварыш маёр».
— Ігар сказаў: «Мы ўжо амаль дома, нікуды з вамі не паедзем». Пасьля гэтых словаў двое выскачылі з аўтамабіля, накінуліся на Ігара, заламалі яму рукі. Тым часам мяне нехта трымаў ззаду за плечы, не даючы падыйсьці да брата. Калі я пачаў вырывацца, то павалілі на зямлю. Я пачуў, як брат крычыць: «Асьцярожна, газ!» У наступны момант я закрыў твар рукой і адчуў струмень пярцовага газу, ён усё роўна трапіў мне ў вочы. Пачалі штурхаць, біць нагамі. Білі адначасова з усіх бакоў: па сьпіне, па нагах, па руках, такое адчуваньне, што нават ня гледзячы, — кажа Іван Барбашынскі.
Паводле Івана, пазьней у машыне міліцыянты абражалі іх, пачалася перапалка, якая перарасла ў бойку. Івана моцна прыціснулі да вакна і сказалі «Заткніся», пакуль Ігару наносілі ўдары.
Пасьля выцьвярэзьніка і ночы ва ўчастку, браты пайшлі здымаць пабоі. Акрамя шматлікіх крывападцёкаў, у Івана зафіксавалі пералом двух рабрынаў.
Калі Іван даваў паказаньні, судзьдзя і дзяржаўны абвінаваўца задавалі ўдакладняльныя пытаньні: «Колькі канкрэтна ўдараў вам нанесьлі міліцыянты?», «Што Вы бачылі ў салёне машыны?»
— Чалавек ня лічыць колькасьць удараў, калі яго б’юць. У машыне я ня мог нічога бачыць, бо, натуральна, вочы былі забрызганыя з балёнчыку, — адказаў Іван.
Адвакат таксама падала хадайніцтва, каб да матэрыялаў справы далучылі маршрутны ліст службовага аўтамабілю, дзе паказаны яго шлях у тую сакавіцкую ноч. Аднак суд адхіліў хадайніцтва.
У якасьці сьведкі абвінавачваньня выступіла сьледчая Машко. Адвакат запытала ў яе, якім чынам ужо ў 14:55 20 сакавіка ў яе было дастаткова дакумэнтаў і афіцыйных падставаў, каб распачаць крымінальную справу супраць Барбашынскіх, на што Машко ня здолела даць дакладнага адказу.
Сёньня ў 14:30 у Слуцкім судзе пачнуцца спрэчкі бакоў. Паводле інфармацыі бацькоў Івана Барбашынскага, прысуд будзе вынесены ўжо ў наступны панядзелак.
«Мы хочам верыць, што ўдасца разьбіць гэты мур хлусьні і хаця б адзін сын вернецца дадому...» — сказала Свабодзе маці Галіна Паўлаўна.