Прычына — патрабаваньні гарадзкой структуры МНС, якая лічыць спробы стварыць утульнасьць у пад’езьдзе пажаранебясьпечнымі. Падпалкоўніку ў адстаўцы, пэнсіянэру Вадзіму Кузьміну загадана прыбраць зь лесьвічных пляцовак дываны, акварыюмы, крэслы, паліцы з кнігамі... Карацей, амаль усё тое, чым ён на працягу апошніх гадоў аздабляў пад’езд дзевяціпавярховіка на вуліцы Караткевіча.
Упрыгожыў кожную пляцоўку ў сваім пад’езьдзе
Пачалася гэтая гісторыя ў 2009 годзе: Вадзім Кузьмін атрымаў новае жытло і вырашыў, што можа «зрабіць добрую справу для ўсіх суседзяў»:
«За часы службы я зьмяніў больш за 40 кватэр! Служыў і на далёкім Усходзе, і ў Манголіі, і ў Маскве, і ў Кіеве, і ў беларускіх гарнізонах... Калі вырашыў у Віцебску застацца на сталае жыхарства, захацелася ўтульнасьці. Як чалавек вайсковы, я прывык да парадку. А ў пад’езьдзе было непрыгожа — бруд, сьмецьце, і нікога гэта асабліва не хвалявала. Што рабіць? Я надзеў рэсьпіратар, усё падмёў, вымыў. У мяне было некалькі рэпрадукцый у рамках, кветкі — я і аздобіў імі лесьвічную пляцоўку».
Спачатку Кузьмін аздабляў сваю пляцоўку, а пасьля вырашыў, што можна пацешыць і суседзяў:
«На кожнай пляцоўцы пачаў разьмяшчаць нешта новае: дзесьці павешу гадзіньнік, дзесьці — палічку для сувэніраў, дзесьці пастаўлю акварыюм, а на адным з паверхаў атрымаўся нават „бібліятэчны куток“ — крэсла, столік з кнігамі. Кожны можа ўзяць сабе й пачытаць».
Пераважная бальшыня суседзяў станоўча ацаніла творчы парыў спадара Кузьміна: у пад’езьдзе перасталі паліць, пачалі падтрымліваць парадак. Пра пад’езд-музэй даведаліся журналісты. У шмат якіх СМІ — ад «Советской Белоруссии» да «Комсомольской правды» — зьявіліся артыкулы пра Вадзіма Кузьміна і ягоную ініцыятыву. Сюжэт пра яго паказала мясцовае тэлебачаньне, аднак ня ўсе суседзі пагаджаюцца з тым, што герой сюжэту ўсё робіць слушна.
Нехта лічыць, што ў пад’езьдзе не экспазыцыя, якая цешыць вока, а сьметнік. Суседка, якую давялося сустрэць каля ліфта, так і гаворыць:
«Ён цягае са звалак розную старызну, разьвешвае яе, ні з кім не параіўшыся! На маім паверсе я такога не хачу. Так, павінен быць парадак, каб усё было прыбрана, чыста. Але ўсе гэтыя старыя рэчы — гэта абы-што, а не прыгажосьць».
Але Вадзім Кузьмін — вядомы ў Віцебску калекцыянэр і цікавіцца рознымі рэчамі. Шмат што зь ягонай калекцыі «перакачавала» і на лесьвічныя пляцоўкі, астатняе спадар Кузьмін набываў па аб’явах або атрымліваў у падарунак ад такіх самых апантаных калекцыянэраў, ягоных сяброў.
Усім сабраным ён заўжды гатовы падзяліцца. Некалькі гадоў таму перадаў у Віцебскі абласны краязнаўчы музэй такі вялікі збор фотаапаратаў, што супрацоўнікі вывозілі яго на двух мікрааўтобусах. Прадметы зь ягоных калекцый экспануюцца і ў іншых музэях. Так, у школьны музэй аграгарадка Заронава ён перадаў дакумэнты сваёй сям’і, Хойніцкаму музэю ахвяраваў вайсковую амуніцыю. Дарэчы, вайсковае мінулае ў Вадзіма Кузьміна не шараговае: ён узнагароджаны пяцьцю мэдалямі і ордэнам «За службу Радзіме ва Ўзброеных Сілах СССР» трэцяй ступені.
Парэзалі фіранкі, скралі 13 штук рагоў, у акварыюм налілі кефір
Але суседзі пра гэта наўрад ці ведаюць, яны лічаць Вадзіма Кузьміна проста дзіваком-пэнсіянэрам. Гэта не істотна, галоўнае, каб у пад’езьдзе не даходзіла да шкодніцтва, гаворыць калекцыянэр:
«Калі кніжкі скрадуць — гэта яшчэ ладна: можа, хоць пачытаюць. Але нехта парэзаў фіранкі, скраў венікі, якія пакінуў на кожным паверсе каля сьмецьцеправоду, у акварыюмы налілі кефір — вядома, рыбкі не выжылі... Суседзі дапамагчы ўвогуле ня дужа імкнуцца: ніхто лішні раз кветкі не палье, падлогу не падмяце. Я зьвяртаўся ў міліцыю, калі пачаліся крадзяжы, але там нават разьбірацца ня сталі!»
За пяць гадоў Вадзім Кузьмін напісаў у Першамайскі РАУС больш за 150 заяў. Зладзеяў ніводнага разу не знайшлі. Бо бракуе доказаў вінаватасьці, апраўдваецца міліцыя.
Апошнія заявы наконт скрадзеных рэчаў былі адпраўлены некалькі месяцаў таму, працягвае спадар Кузьмін:
«Зьнікла некалькі гадзіньнікаў. Зьніклі рогі лася, а іх было 13 штук! Якраз у пачатку восені па Віцебску зьявіліся аб’явы „Куплю рогі“, і нехта, мабыць, паквапіўся... Крыўдна! І таму, што суседзі мяне не разумеюць, хоць я неаднаразова казаў: калі вам не падабаецца, давайце будзем добраўпарадкаваць разам — як вы хочаце. А галоўнае, што міліцыя „адфутбольвае“ мае заявы. Каб хоць аднойчы кагосьці пакаралі, дык іншыя наступным разам задумаліся! Але ж не. І я стаміўся сарамаціць міліцыю за тое, што яны мусяць бараніць інтарэсы грамадзян, аднак ня робяць гэтага».
Прадметы мэблі і акварыюмы будуць перашкаджаць эвакуацыі, цьвердзіць МНС
На думку Кузьміна, менавіта шматлікія звароты да праваахоўнікаў справакавалі тую сытуацыю, у якой калекцыянэр-энтузіяст апынуўся сёньня. Вадзім Кузьмін перакананы, што міліцыянты, якім надакучыла разьбірацца зь ягонымі заявамі, вырашылі ліквідаваць «музэй у пад’езьдзе», выкарыстаўшы для гэтага службу МНС.
Матэрыялы для праверкі былі дасланыя з подпісам старшыні Першамайскага РАУС. Інспэктар Максім Генісаў прыйшоў у пад’езд, дзе жыве Вадзім Кузьмін, каб узяць тлумачэньні. Ён камэнтуе сытуацыю такім чынам:
«Матэрыялы прыйшлі зь міліцыі, і я бачу бачыў процьму парушэньняў, што да супрацьпажарнай бясьпекі. У прыватнасьці, гэта загрувашчваньне шляхоў эвакуацыі — грамадзянам будуць замінаць прадметы мэблі, акварыюмы і гэтак далей. Яшчэ парушэньнем зьяўляецца выкарыстаньне ў аздабленьні памяшканьняў агульнага карыстаньня гаручых матэрыялаў — дываноў, наяўнасьць на паліцах кніжак. Ды што казаць: хто-небудзь з суседзяў кіне запалку — і ўсё можа загарэцца».
Супрацоўнік інспэкцыі нагляду і прафіляктыкі Віцебскага гарадзкога аддзелу па надзвычайных сытуацыях спадар Генісаў тлумачыць, што за парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць. Паводле часткі 1 артыкулу 23.56 Вадзіму Кузьміну пагражае адміністрацыйнае папярэджаньне або штраф памерам да 30 базавых велічынь.
Адміністрацыйнае пакараньне памерам да 200 базавых велічынь пагражае і старшыні таварыства ўласьнікаў, у чыім падпарадкаваньні знаходзіцца дом. Старшыня Сяргей Галкін гаворыць, што не чакаў нічога падобнага:
«Суседзі не скардзіліся. Усё было нібыта нармальна. Мне асабіста такое аздабленьне пад’езду не падабаецца. Я не хацеў бы, каб над маімі дзьвярыма нехта павесіў рогі... Але ёсьць тыя, каму гэта цікава, і нават з суседніх дамоў прыходзяць паглядзець на гэты „музэй“ як на дзіва. Цяпер, атрымліваецца, гэта ўсё трэба ліквідаваць... Ды тут спатрэбіцца цэлы грузавік, каб вывезьці „экспанаты“, ды не адзін!»
І старшыня таварыства ўласьнікаў, і сам Вадзім Кузьмін цьвердзяць, што аздабленьне пад’езду раней бачылі і чыноўнікі, і адказныя службоўцы. Колькі гадоў таму спадара Кузьміна нават узнагародзілі за перамогу ў конкурсе «Там, дзе мы жывём», які праводзіць гарвыканкам супольна з газэтай «Віцьбічы». Адпаведна, у пад’езьдзе перабывалі шмат розных камісій, аднак ніякіх прэтэнзій не гучала...
«Гэта ўсё я ахвярую вам»
Разабраць экспазыцыю за пару тыдняў, выдаткаваных на гэта супрацоўнікам пажарнай інспэкцыі, выглядае мала рэальным. Вадзім Кузьмін ужо ў намаладым веку. А апошнія паўтара года ён не жыве ў сваім пад’езьдзе, а перасяліўся да старэнькай маці, якую мусіць даглядаць. За парадкам трохі сачылі суседзі, якім Вадзім Кузьмін некалі ўручыў, як ён кажа, «калектыўны падарунак»:
«Аднойчы на Новы год я зладзіў дзіцячае сьвята. Набыў за свае грошы ласункаў, запрасіў усіх на гарбату. А потым сказаў і малым, і іхным бацькам: „Гэта ўсё я ахвярую вам! Давайце разам будзем захоўваць чысьціню і прыгажосьць!“. А цяпер у мяне пытаюцца: „Гэты слоік — ваш? А карціна — ваша? А ваза чыя?“ Ды я ўжо і ня памятаю, што тут чыё, бо людзі таксама аддавалі свае рэчы для аздабленьня пад’езду. І як цяпер з гэтым быць?»
Перад Вадзімам Кузьміным паўстала праблема: ці зрабіць пад’езд шараговым, ці пакінуць усё на месцы — але тады трэба быць гатовым да вялікіх штрафаў.
А ўсё праз тое, што міліцыянты бязьдзейнічаюць і ня робяць сваю працу як мае быць, паўтарае неабыякавы пэнсіянэр:
«Так, я напісаў 150 заяў пра крадзяжы ў пад’езьдзе. Мне аднойчы адказалі, што нібыта я сам правакую зладзеяў, пакідаючы каштоўныя рэчы без аховы і ў адкрытым доступе. У 2012 годзе я таксама неаднаразова зьвяртаўся ў міліцыю, каб адшукалі вандалаў, якія размалявалі свастыкамі дамы ў нашым мікрараёне Білева. Некалькі месяцаў прайшло, пакуль я дачакаўся хоць нейкай рэакцыі: вінаватых не знайшлі, але малюнкі ўрэшце зафарбавалі камунальнікі. Я разумею, што маё жыцьцё навідавоку, бо я не маўчу, я чалавек з актыўнай грамадзкай пазыцыяй. Дык што гэта — помста? Пагроза, каб я не «вытыркаўся»?
Вадзім Кузьмін — сябра партыі левых «Справядлівы сьвет», неаднойчы ён балятаваўся на выбарах у мясцовыя саветы, быў назіральнікам http://www.svaboda.org/a/27300415.html , сёлета спрабаваў трапіць у парлямэнт. У тэлевізійнай прамове перад выбарнікамі абяцаў, што ў выпадку абраньня гатовы адмовіцца ад ільготаў і дэпутацкага заробку — аддаць большую частку грошай на дабрачыннасьць, пакінуўшы сабе толькі «два мільёны старымі».
Максымальны штраф, які яму пагражае за ўтрыманьне «пад’езду-музэю», большы за гэтую суму ў тры разы. А штрафаваць за парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі адказныя службы могуць бясконца — да поўнай ліквідацыі зафіксаваных неадпаведнасьцяў.