Спадчына Абамы: які даробак пакідае пасьля сябе 44-ы прэзыдэнт ЗША?

Якая спадчына застаецца ў сьвеце і ЗША пасьля Барака Абамы?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Барак Абама накіраваўся ў фінальнае турнэ па Эўропе ў якасьці прэзыдэнта ЗША, каб абмеркаваць з эўрапейскімі партнэрамі выкананьне краінай абавязацельстваў, узятых на сябе ў пэрыяд ягонага прэзыдэнцтва. Першы прыпынак — гэта Грэцыя, дзе, дарэчы, у Атэнах паліцыянты ўжылі сьлезацечны газ і сьветлавыя гранаты, каб разагнаць натоўп з прыкладна 3000 пратэстоўцаў у цэнтры гораду. Гэтую нагоду можна выкарыстаць, каб паразважаць пра гістарычную спадчыну Абамы.


Калі ў 2008 годзе на фоне гіпатэчнага крызысу, які перарос у банкаўскі і нават эканамічны, у ЗША да ўлады прыйшоў малады прэзыдэнт, першы афраамэрыканец на гэтай пасадзе — то на яго ўскладаліся вельмі вялікія чаканьні, як у краіне, гэтак і ў сьвеце. Магчыма, гэтая эўфарыя ў пэўным сэнсе была нават празьмернай. У Эўропе зьбіраліся сотні тысячаў, каб вітаць першы прыезд новага амэрыканскага прэзыдэнта. На фоне рэспубліканца Джорджа Буша, які адзначаўся тым, што распачаў вайну ў Іраку, Абама ўспрымаўся як міратворац.

Барак Абама нават у першы год прэзыдэнцтва стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру за 2009 год. Узнагарода прысуджана яму з фармулёўкай «за вялізныя намаганьні па ўмацаваньні міжнароднай дыпляматыі і супрацоўніцтва паміж народамі».

І Абама сапраўды стаў міратворцам, падпісаў вядомую ядзерную ўгоду з Іранам, вывеў амэрыканскія войскі з Аўганістану і Іраку

Сапраўды, Абама, узначаліўшы Злучаныя Штаты, паабяцаў адмовіцца ад ранейшай аднабаковай зьнешняй палітыкі і выказаў гатоўнасьць клапаціцца пра інтарэсы ня толькі ЗША, але і ўсіх краінаў сьвету. Ён, акрамя таго, заявіў, што гатовы да перамоваў з такімі краінамі як Іран і Куба. Адным з найважнейшых пунктаў ягонай перадвыбарчай праграмы было завяршэньне ваеннай кампаніі ў Іраку і вывад адтуль амэрыканскіх войскаў.

І Абама сапраўды стаў міратворцам, падпісаў вядомую ядзерную ўгоду з Іранам, вывеў амэрыканскія войскі з Аўганістану і Іраку. Але кожны з гэтых крокаў быў неадназначна ўспрыняты ў сьвеце — супраць угоды зь Іранам выступілі Ізраіль і арабскія краіны (і рэспубліканцы ўнутры ЗША). У выніку вываду войскаў з Аўганістану сытуацыя з бясьпекай у гэтай краіне ня стала лепшай. Але, бадай, самым відавочным мінусам замежнай палітыкі за час Абамы стала зьяўленьне тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». А напрыклад адносіны з Расеяй, нягледзячы на спробы перазагрузкі, на дадзены момант апусьціліся на найніжэйшы ўзровень, да стану халоднай вайны.

Акрамя таго, антыамэрыканізм у сьвеце не скончыўся і нават не паменшыўся. У першыя гады Абамы назіралася ягонае зьніжэньне, але зараз, як паказваюць шматлікія дасьледаваньні, ён па ўсім сьвеце вырас, а ў такіх краінах, як Турэччына, Эгіпет, Расея, знаходзіцца на гістарычна рэкордным узроўні.

спадчына прэзыдэнта Абамы, безумоўна, неадназначная, як у любога гістарычнага дзеяча

Калі ж браць эканоміку, то і тут усё неадназначна. Буш сыходзіў у момант разгару гіпатэчнага крызысу, перадаўшы змагацца зь ім Абаму. І той здолеў ня даць гэтаму крызысу перарасьці ў сапраўдную Вялікую дэпрэсію, як многія тады прадказвалі. Крызыс быў пагашаны, за апошнія гады ў ЗША зьніжаецца беспрацоўе і расьце ВУП. Зь іншага боку, найбольш часьцей «у віну Абаму» узгадваюць 20 трыльёнаў дзяржаўнага доўгу ЗША. За 8 гадоў Абамы гэты доўг вырас удвая, з 10 да 20 трыльёнаў, больш чым за ўсю папярэднюю гісторыю ЗША. Так што спадчына прэзыдэнта Абамы, безумоўна, неадназначная, як у любога гістарычнага дзеяча.

Гурневіч: Каб прааналізаваць спадчыну, трэба канешне вярнуцца да чаканьняў. Чаканьні былі неверагодныя. Я ўзгадваю тую атмасфэру, якая была падчас першых выбараў, калі Абама перамог. Абсалютна невядомы большасьці ў сьвеце палітык, але калясальныя чаканьні былі, паколькі ён унёс новую якасьць у палітыку. Паказаў, што прэзыдэнтам можа быць чалавек, блізкі да поп-культуры, моладзі, які можа рабіць фотасэсіі, лежачы на падлозе Белага Дому, які бегае за жонкай на газоне каля Белага Дому. Жонка яго расказвае, як ён раскідвае шкарпэткі ў хаце. Гэта, канешне, піяр, але да гэтага ніхто ў Амэрыцы такім, відаць, не карыстаўся. Выбар Барака Абамы паказваўся ў сьвеце як нешта неверагоднае, як рэвалюцыя.

Мне здаецца, што вынікі тых чаканьняў не выглядаюць такімі ж эўфарычнымі. Тым ня менш Абама зрабіў у Амэрыцы вельмі шмат, як мы можам бачыць з прэсы. Улічваючы тое, якая гэта пасада, што прэзыдэнт ня ўсё вырашае, што ёсьць Кангрэс і Сэнат, і Абама ня кожны раз меў зялёнае сьвятло для сваіх ініцыятываў. Для амэрыканцаў ягоная спадчына — адна справа, для нас — іншая.

Для амэрыканцаў ягоная спадчына — адна справа, для нас — іншая

Напрыклад, для эўрапейца спадчына Абамы някепская. Таму што, калі яго абралі, гучалі галасы, што ён увогуле забудзецца на Эўропу, будзе займацца Блізкім Усходам, Азіяй. Не, Абама быў вельмі праэўрапейскім прэзыдэнтам. У нядаўняй сытуацыі з Брэксітам ён заклікаў Лёндан застацца ў Эўразьвязе. Пры Абаме прымаліся рашэньні пра высылку ва Ўсходнюю Эўропу батальёнаў НАТО. Амэрыка засталася донарам НАТО і тым паліцыянтам, які пільнуе парадак у сьвеце. Мы бачым яго стаўленьне анэксіі Крыма Расеяй — даволі цьвёрдае. Хоць калі б мне такое сказалі 8 гадоў таму, калі ён абіраўся, то я б не падумаў, што ён будзе цьвёрдым прэзыдэнтам адносна Расеі. Беларусь заставаліся пад увагай таксама. Усе гэтыя акты аб дэмакратыі ў Беларусі, санкцыі, заставаліся. Ён заставаўся такім эўраатлянтычным прэзыдэнтам, для якога інтарэсы Эўропы былі важныя.

Цыганкоў: Як вы, Дзьмітры, ставіцеся да той фразы, якая даволі часта гучыць, што калі б быў умоўны Буш, рэспубліканец, а не Абама, то Расея не напала б на Ўкраіну, а гэта стала магчымым толькі дзякуючы прэзыдэнцтву Абамы?

Гурневіч: Я так абсалютна не мяркую. Я ўзгадваю, што калісьці і падчас дэбатаў Буш прыхільна выказваўся пра прэзыдэнта Пуціна і казаў «Vladimir is my friend». Мы ня ведаем, што б здарылася, калі б Буш быў. Але мы ведаем, як павёў сябе Абама. Пры Бушы адбыўся самы жахлівы тэракт у гісторыі ЗША, пачалася вайна з тэрарызмам, у якой Амэрыка не магла даць рады — гэта пра тое, што таксама не да канца эфэктыўным быў і Джордж Буш.

Што да Амэрыкі, то Obamacare для амэрыканцаў таксама быў важным законам. Нават Дональд Трамп заявіў, што ён не зьбіраецца цалкам адмяняць яго, толькі ўнесьці папраўкі. Ён разумее, што той электарат, які яго выбіраў — гэта людзі, якія хацелі б карыстацца Obamacare, людзі, якія расчараваныя эканамічнай палітыкай, і мэдычная страхоўка для іх вельмі важная.

Амэрыка застаецца Амэрыкай пры любым прэзыдэнце

Падчас другога тэрміну, канешне, паляпшэньне адносінаў з Кубай, легалізацыя аднаполых шлюбаў — ідэалягічныя пытаньні для Абамы былі вельмі важныя. Гэта і зялёная энэргетыка, хоць яна і пацярпела фіяска. Абама падтрымаў палітыку Буша, якую ён запачаткаваў, пакет стымуляцыі эканомікі, і па-сутнасьці, гэты пакет выратаваў краіну. Таксама падчас ягонага прэзыдэнцтва быў ліквідаваны кіраўнік тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Кайда» Усама Бэн-Ладэн.

Амэрыканскі прэзыдэнт, якія б ні былі эмоцыі падчас выбараў, няшмат што мяняе ў сьвеце. Сутнасьць застаецца тая самая. Зьмяняецца якасьць, словы, але гэта так званыя эстэтычныя пытаньні. Але Амэрыка застаецца Амэрыкай пры любым прэзыдэнце.

Глод: Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што дзейнасьць прэзыдэнта ЗША Абамы нельга ацаніць адным словам «добрая» ці «дрэнная». Гэтаксама, як тут нельга ўжываць толькі адну фарбу — чорную ці белую.

Існуе думка, што Абама дамогся посьпехаў толькі ва ўнутранай палітыцы. Пра гэта сьведчыць рост эканамічных паказьнікаў, хоць некаторыя экспэрты і папракаюць прэзыдэнта, што гэтае дасягненьне зробленае найперш за кошт павелічэньня доўгу краіны. Адпаведныя лічбы тут ужо называў Віталь Цыганкоў.

Мне падаецца, Абама далёка не такі мяккі і слабавольны чалавек, якім ён здаваўся на пачатку прэзыдэнцкай кар’еры. Менавіта на ягоным рахунку некалькі вельмі яркіх акцыяў, на якія не адважыўся ніхто зь ягоных папярэднікаў. Гэта — мэдычная рэформа, першая за апошнія 50 гадоў даволі пасьпяховая спроба лібэралізаваць і пашырыць рынак мэдычных страховак.

гадоў праз дзесяць, я думаю, і пра Абаму будуць гаварыць болей прыемных рэчаў, чым сёньня

Гэта — міграцыйная рэформа. Абама адважыўся на радыкальныя зьмены, што не зрабіў ніхто зь ягоных папярэднікаў. Гэта — фінансавая рэформа. Абама забараніў бескантрольную гандаль нічым не забясьпечанымі другаснымі фінансавымі інструмэнтамі, што прывяло да фінансавага крызысу 2008 году. Гэта — энэргетычная рэформа. Пры Абаме ЗША ператварылася з найбуйнейшага экспарцёра нафты ў імпарцёра. Але ж былі і няўдачы. Дагэтуль Абама ня здолеў усталяваць кантроль над вогнестрэльнай зброяй. А ён неабходны, паколькі час ад часу масавыя забойствы ў школах і каледжах уводзяць у шок увесь сьвет.

У зьнешняй палітыцы дасягненьняў меней. Хоць рашэньне іранскай ядзернай праблемы выглядае добрым дасягненьнем. Як і аднаўленьне дыпляматычных дачыненьняў з Кубай. Аднак цяперашні разгул міжнароднага тэрарызму на сумленьні Абамы. І з гэтым абвінавачваньнем спрачацца цяжка.

Цяжка быць лідэрам такой краіны як Злучаныя Штаты Амэрыкі. ЗША — усясьветны лідэр. І што б не рабіла гэтая краіна і яе прэзыдэнт, заўжды знойдуцца людзі, якія скажуць: яны робяць альбо не тое, альбо ня так.

І яшчэ — усясьветны досьвед паказвае: чым больш часу праходзіць з моманту завяршэньня кар’еры таго ці іншага палітычнага лідэра, тым часьцей яго згадваюць станоўча. Так што гадоў праз дзесяць, я думаю, і пра Абаму будуць гаварыць болей прыемных рэчаў, чым сёньня.