«Дзякуй за ўсё Богу і Злучаным Штатам», — у Горадні быў праваабаронцам, стаў пэнсіянэрам з Брайтан-Біч

Аляксандар Антанюк у Горадні

Аляксандар Антанюк спускаецца па лесьвіцы, як быццам не згінаючы ног. Тлумачыць: у яго тытанавыя каленныя суставы. Атрымаў бясплатна ад Амэрыкі. Амэрыканскія — найлепшыя, даводзіць ён, францускія горшыя. «Не жыву ў раі, не жыву ў пекле, але жыць можна, — кажа ён і ўдакладняе: — Чатырыста даляраў за пакой плачу, пэнсію маю васемсот, з прычыны непрацаздольнасьці, плюс дзьвесьце — на ежу, паводле сацыяльнай праграмы. Лекі атрымліваю бясплатна, дарагія». Раней было цяжка, вучылі наноў хадзіць, але цяпер ходзіць сам: «Дзякуй за ўсё Богу і Злучаным Штатам».

Аляксандар Антанюк — герой майго апавяданьня.

Як цяпер памятаю: сьпяшаемся ў Пагранічны, ля польскай мяжы, дзе бацюшка Іван Спасюк будуе без дазволу начальства царкву. Антанюк акуратна прытарможвае перад кожнай вёскай — адпаведна дарожным знакам. Нас абганяюць джыпы, і ён кажа: «Бачыце, Сяргей, у праваабаронцы ўсяго старэнькі „форд“, на лепшы не зарабіў».

Антанюк пяць гадоў быў у Горадні «чалавекам з БХК», а тады мы сьпяшаліся, каб убачыць, што атрымаецца ў сьвятара. Той запрасіў амэрыканскіх дыпляматаў, каб паглядзелі на будоўлю. Цытата з апавяданьня: «Вялікі магутны аўтамабіль — сама моц, хуткасьць — імкліва наблізіўся і рэзка спыніўся. Вонкі выбраліся замежнікі ў акулярах. Дэлегацыя з бацюшкам на чале, з абразом, з пірагом і букетамі рушыла да іх. Вы зь цікаўнасцю назіралі. Бацюшка гаварыў прамову. Госьці частаваліся, затым зь іх счышчалі цукровую пудру. Вецер! «Замест хлеба з сольлю яны пірог салодкі паднесьлі, — даволі скептычна пракамэнтаваў Алекс. — Увогуле гэта ўсё занадта. Навошта каравай, навошта кветкі? Дый абраз навошта з ручніком?»

Праблема была ў тым, што ў Пагранічным памежная зона. Усе ўезды заблякаваныя памежнікамі і міліцыяй. Чакалі! Амэрыканскіх дыпляматаў ня хочуць пускаць. Потым пусьцяць, каб скласьці адміністрацыйны пратакол. Я перадаў аб усім на «Свабоду».

Мы з Антанюком чакалі. Ён успамінаў, як некалі слухаў па «Голасе Амэрыкі» біт-музыку. Як, нарэшце трапіўшы ў Нью-Ёрк, з захапленьнем вышукваў на блышыным рынку за даляр старых выканаўцаў. З радасьцю набыў Iron Butterfly ды іншых, каб дома перапісаць на CD, якія мы слухалі ў машыне...

Да сёньня яго зьдзіўляе: не рэгіструючы прыход айца Яна, як ён яго прывык называць, чыноўнікі паўтаралі, што ён «некананічны», належыць да замежнай беларускай царквы. Ну якая справа атэістам — кананічны ці не, якая розьніца? Людзі хацелі царквы! Калі Спасюка выклікалі ў раённы суд у Бераставіцу, успамінае Антанюк, прыйшлі старыя прыхаджане: чаму нашага бацюшку ўціскаюць? Зрабіў ён тады спачатку намёт-царкву, хадзіў там з кадзілам, працягвае Антанюк. Потым пачаў будаваць, але ўлады зруйнавалі. Выставілі аўтаматчыкаў, перакрылі ўезд. Прыслалі ў Пагранічны аўтобус рабочых, каб зламалі недабудаваны храм.

Пасьля сьвятару ўдалося перабрацца ў ЗША. А чым займаўся, як трапіў у Штаты, сам Антанюк? Быў старастам у праваслаўным прыходзе. Цяпер гэта на Коні-Айлэндзе, раней быў іншы адрас. Займаўся хворымі на алькагалізм і наркаманію ў прытулку пры царкве. Рускамоўнымі. А як зарабляў на жыцьцё? «Працаваў на кухні за пару грошаў у рускай рэстарацыі, зранку з шасьці гадзін да дваццаці дзьвюх і нават пазьней». Спачатку «зялёная карта», потым грамадзянства. Цяпер ён сапраўдны амэрыканец. У Горадні бывае часам.

Першы раз сёлета сустрэліся выпадкова. Ля яго былога роднага дома — у падворку на Савецкай і насупраць турмы. Паказаў мне акно аднапакаёўкі, дзе жыў з бацькамі. Гэта пяты дом, у сёмым спыняўся аднойчы Кастусь Каліноўскі, кажа цяпер Антанюк. Прыгадвае, як 29 лістапада 1961-га ўзрывалі фару Вітаўта, гатычны касьцёл, да якога было сто мэтраў. Заходзіў участковы: пагасіце сьвятло і заклейце шыбы крыж-накрыж, каб не павыляталі, сказаў. На наступны дзень на месцы храма — толькі каменьне, самазвалы, экскаватары.

Дом, дзе жылі Антанюкі на Савецкай, 5

Антанюкі жылі ў самым цэнтры гарадзенскага жыцьця. Запомнілася дэманстрацыя гіпі на Савецкай. Каля двухсот чалавек было. Ён і сам трапіў у гэтую гісторыю, кажа Аляксандар. Было яму шаснаццаць. Сабраліся хлопцы, сьпявалі трошку пад гітару. Нехта казаў, што ката вадзілі на павадку, нехта — што пеўня. Але не, такога ён ня бачыў. І тады як падляцелі «варанкі», як пачалі хапаць! І на наступны дзень. «Схапілі, быў такі Левашэня, дык ён крычыць ім: „Я ня гіпі, я алькаголік!“ І завезьлі мяне разам зь іншымі ў міліцыю, — успамінае Антанюк. — „Здыміце шапкі!“ Зьнялі. У каго доўгія валасы, таго пастрыглі. Гэта быў стыхійны пратэст. У школе забаранялі доўгія валасы насіць, на працы забаранялі. У пэдістытуце таксама не дазвалялі. Лёталі камсамольскія атрады, хапалі і па рэбрах дадуць яшчэ».

Памарудзіўшы, мой размоўца дадае: «Быў такі ўчастковы з запамінальным прозьвішчам Готэ — некалькі разоў хапаў мяне асабіста і аб дрэва галавой біў, у гарадзкім парку гэта здарылася. Прыводзіў у пункт аховы парадку і там стрыг».

Вось цікава: а як пасьля такога сам Антанюк стаў гарадзенскім участковым? Ён у адказ пасьміхаецца. Сапраўды служыў, меў пад прыглядам старыя, з ХІХ стагодзьдзя, могілкі — асобна праваслаўныя і каталіцкія. На апошніх, напрыклад, магіла вядомай пісьменьніцы Элізы Ажэшкі. Цікавіўся іх гісторыяй. Старая жанчына, якая прыглядала за магіламі, вадзіла і расказвала, дзе хто пахаваны. Многія пахавальныя склепы былі разрабаваныя, труны пабітыя, ломам цынкавую разаб’юць, бывала. І здараліся выпадкі пры ім. Аднойчы злавіў малых хлопцаў, скарбы шукалі ў магілах.

Старыя каталіцкія могілкі, якія былі ў сэктары адказнасьці ўчастковага Антанюка

Але дзіўна: маючы «прыводы» ў міліцыю, сам туды потым пайшоў. Як так здарылася? Ён тлумачыць: «Служыць трапіў у Ленінград, ва ўнутраныя войскі, частка стаяла насупраць Эрмітажу, гэта былыя казармы Праабражэнскага палку. Цяпер вуліцы вярнулі старую назву — Мільённая. Пры канцы службы далі, што ня дзіўна, накіраваньне на службу ў міліцыю». Школу міліцэйскую закончыў? «Не, — адказвае Антанюк, — толькі факультэт правазнаўства ў гарадзенскім унівэрсытэце, завочна». Дык чаму ж усё-ткі ў міліцыю пайшоў? «Справа жыцейская, ажаніўся, а кватэру лягчэй было атрымаць у міліцыі, каапэратыў. Затрымаўся на чатырнаццаць гадоў. А потым быў БХК. Да сёньняшняга дня гарадзкі тэлефон адключаюць у гарадзенскай кватэры, калі выбары ў Беларусі», — усьміхаецца Антанюк.

Абараняць у судах даводзілася Гавіна з Саюзу палякаў, Мальчыка з БНФ. Калі былі выбары ў 2001-м, з людзьмі з Хэльсынскага фонду правоў чалавека з Варшавы езьдзілі па вобласьці, потым надрукавалі кніжку аб прэзыдэнцкай кампаніі на прыкладзе Гарадзеншчыны. З машыны ў той час не вылазіў, прызнаецца мой размоўца. То Воранаўскі раён, то Ваўкавыскі, то Масты. Трэба было сьпяшацца: судзілі актывістаў.

І сёньня ў інтэрнэце знаходзяцца зьвесткі пра тыя часы. Мастак Іваноўскі (цяпер ужо нябожчык) галадае ў спэцпрыёмніку, пасадзілі за мітынг, Антанюк хадайнічае, каб далі сустрэцца. Міліцэйскі начальнік зьдзекліва адказвае: «У мяне ня дом спатканьняў». Што для яго быў былы ўчастковы капітан? Начальнік гэты зробіць хуткую кар’еру, цешыць будуць самалюбства генэральскія пагоны, ды нядоўга, неўзабаве закоціцца ягоная зорка. Антанюк будзе ў той час цяжка працаваць на кухні ў рускай рэстарацыі ў Нью-Ёрку.

Карані ў Аляксандра Антанюка напалову заходнія, напалову ўсходнія. «Бацька родам з Падляшша, зь Беласточчыны. Дзед пайшоў у 1939-м працаваць у міліцыю. І на пачатку вайны адступіў з Чырвонай арміяй. Бабка перабралася ў 1944-м у Горадню і тут спадзявалася яго дачакацца. Але ён ужо завёў сабе іншую сям’ю, хоць быў дагэтуль жанаты. Не дачакалася. Ёй удалося таксама другі раз замуж выйсьці, маючы дваіх дзяцей. Бабка была Смалеўскай, выйшла замуж за Антанюка.

Маці Аляксандра — з усходняй Беларусі, прозьвішча яе было Пракопчык. Дзеда па кудзелі рэпрэсавалі ў 1938 годзе. Ніякіх зачэпак не было, толькі што меў восем клясаў адукацыі. Звычайны кладаўшчык у калгасе. Каля Бабруйску. Забралі і напісалі потым, што „памёр“. Забралі ў лютым, забілі, як потым высьветлілася, у сакавіку. Усе „грахі“ былі дарэвалюцыйныя — яшчэ ў прадзеда была крамка. Усё забрала савецкая ўлада, але ўсё роўна „вораг“. Толькі пры Гарбачове атрымалі ліст, што „незаконна рэпрэсаваны і расстраляны“, і нават нейкія грошы. Я кажу: „Аднясі ты, мама, гэтыя грошы ў царкву, хай памоляцца за ўсіх нявінна ўбіенных у той час“», — успамінае Антанюк.

«Пакінулі жонку: на руках пяцёра дзяцей, і жыві як хочаш. А потым немцы, акупацыя. І партызанка. Як мама расказвала, ноччу партызаны, ранкам карнікі», — нібы падсумоўвае ён.

Пасьля размовы мы выходзім. Каля суседняга дома нумар сем на Тэлеграфнай вуліцы доўгавалосая моладзь рабіла некалі здымкі «пад Beatles». У пачатку 1970-х. Антанюк паказвае рукой цераз вуліцу. «На другім паверсе жыў прыяцель (ён называе імя), зь якім трапілі на дэманстрацыю гіпі. Але сьпіўся», — нібы ставіць адразу кропку ён у сваім успаміне. Мы ідзём да канца Тэлеграфнай, дзе таксама зьбіраліся мясцовыя гіпі каля помніка пісьменьніцы Элізе Ажэшцы, гэта было іхняе месца. Я раблю некалькі кадраў, горад выглядае пасьвяжэлым: у Горадні выпаў першы сьнег.

***

Аляксандар Антанюк нарадзіўся ў Горадні ў 1956 годзе. Філію БХК ў Горадні ўзначальваў з 1998-га, з 2003-га жыве ў ЗША. Восем гадоў чакае ў Нью-Ёрку ў чарзе сацыяльнае жытло. Кожны месяц атрымлівае чатыры ўколы бясплатна, агульны кошт — дзьве тысячы даляраў.

У Горадні схадзіў цяпер у «сабес» пацікавіцца: ці можна будзе разьлічваць на нейкую капейчыну, калі пэнсію аформіць? Не, сказалі, армія ня ўлічваецца, чатырнаццаці гадоў у міліцыі таксама недастаткова. Ну а праваабаронца, самі разумееце, у нас гэта не прафэсія.