Кіно па-беларуску будзе платным «па шматлікіх просьбах гледачоў»

Аб’яднаньне «Кінаконг» і кінатэатар «Перамога» працягваюць «Беларускія ўікэнды» — сэрыю паказаў кіно, агучанага па-беларуску.

Ужо прайшлі бясплатныя паказы стужак «Цудоўна Ласка» і «Лютэр».

На 19-20 лістапада заплянаваная сямейная камэдыя брытанскай вытворчасьці «Падынгтан» (Paddington​) — гісторыя прыгодаў абаяльнага мядзьведзіка ў Ангельшчыне. Вырашана было не рабіць гэтыя паказы бясплатнымі, а прадаваць квіткі па сымбалічнай цане — 1,5 рубля.

Як паведаміў Свабодзе дырэктар «Кінаконгу» Андрэй, прыняць такое рашэньне папрасілі самі гледачы:

«Мы правялі бясплатныя паказы дзьвюх стужак і зразумелі, што ўсім ахвотным месцаў у залі не хапае. Праз гэтага былі моцна незадаволеныя людзі, якія прыйшлі ў кінатэатар, але не змаглі трапіць на паказ. Былі і прафэсійныя скандалісты, якія пісалі скаргі ў кнігу, але ўсё ж большасьць у выніку парадавалася таму, што беларускамоўныя фільмы карыстаюцца вялікім попытам. У выніку самі ж нашы наведнікі сталі прасіць, каб мы зрабілі квіткі платнымі — тады іх можна будзе набыць загадзя і быць упэўненымі, што на сэанс трапіш. Як бы гэта сьмешна не гучала, але мы зрабілі паказы платнымі па шматлікіх просьбах гледачоў. Але цана сымбалічная; на іншыя фільмы, якія ідуць у менскіх кінатэатрах, яна вышэйшая ў 5-7 разоў».

На 19 і 20 лістапада ўжо раскупілі больш за палову квіткоў.

Падчас паказу фільму «Падынгтан» будзе абвешчана, які наступны фільм у па-беларуску «Кінаконг» прапануе гледачам. Пакуль вядома толькі, што ён будзе пра Каляды.

Андрэй адзначае, што ўсе беларускія паказы выклікалі вялікую цікавасьць з боку дзяржаўных СМІ.

«Я назіраю фэномэн. Гэтыя паказы карыстаюцца вельмі вялікай папулярнасьцю сярод наведнікаў і сярод дзяржаўных СМІ. Так, рэпартажы пра нашы паказы прайшлі па тэлеканалах СТБ, „Беларусь-3“ і АНТ, а таксама на радыё „Сталіца“ і „Культура“. Людзі вельмі пазытыўна да гэтага ставяцца, прычым ня толькі звычайныя гледачы, але і чыноўнікі, дзяржаўныя журналісты. І ў гэтым наша задача — выйсьці за межы беларускамоўнай „тусоўкі“, якую мы і так маем у сваёй аўдыторыі. Больш за тое, атрымліваем лісты зь іншых гарадоў Беларусі, людзі просяць прывезьці нашы фільмы. Вядома, хацелася б пашырыць геаграфію „Беларускіх уікэндаў“, аднак тут вельмі моцна ўплывае фінансавы складнік».

Такую цікавасьць з боку СМІ Андрэй тлумачыць тым, што «Беларускія ўікэнды» — гэта першы выпадак, калі фільмы зь беларускім агучваньнем паказваюць ня ў межах фэстывалю, а як звычайныя стужкі ў пракаце.

«Можна прыгадаць некалькі бясплатных паказаў па-беларуску. Але тое, што мы будзем рабіць з „Падынгтанам“, прадаваць білеты на фільм па-беларуску, — гэта будзе ўпершыню».

Андрэй адзначыў, што «Кінаконг» ужо атрымаў больш за сто водгукаў ад гледачоў:

«Тое, што нам пішуць, толькі натхняе на будучую працу. Прычым зьвяртаюцца ў тым ліку і расейскамоўныя людзі. Асабліва прыемна было прачытаць пра тое, што нехта „перагледзеў сваё стаўленьне да беларускай мовы“ пасьля прагляду фільма. Такім чынам людзі нават троху беларусізуюцца».