«Што тычыцца пазыцыі Беларусі, то мы гэта расцэньваем, як нож у сьпіну. Мы дзякуем беларускаму боку за незалежную пляцоўку ў Менску, мы цэнім гэта. Але незалежная пляцоўка мае быць незалежнаю ва ўсіх пазыцыях, а не ангажаванай гульнёй на адзін бок. Мы зьвяртаемся да Беларусі з просьбай гэтак жа паважаць права Ўкраіны адстойваць нашу незалежнасьць і наш сувэрэнітэт і разумець, што наступным будзе Менск, калі сёньня Кіеў не абароніць сваю незалежнасьць», — заявіла Ірына Герашчанка сёньня з трыбуны парлямэнту Ўкраіны.
Віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады таксама зьдзіўленая і пазыцыяй Казахстану ды Армэніі ў часе галасаваньня ў ААН за рэзалюцыю пра правы чалавека ў Крыме.
«Мы паважаем права Армэніі і Казахстану на іх асаблівыя адносіны з Расеяй. Мы ўсе разумеем, але і нашы сябры з дружалюбных нам Казахстану і Армэніі маюць разумець, што сёньня Ўкраіна, украінскі народ і ўкраінская армія ваююць ня толькі за нашу незалежнасьць. Мы адстойваем права ўсіх постсавецкіх краін на незалежную вонкавую палітыку», — падкрэсьліла Ірына Герашчанка.
За рэзалюцыю, у якой даецца крытычная ацэнка правоў чалавека ў Крыме, а Расея ўпершыню на такім узроўні называецца дзяржавай-акупантам, прагаласавалі 73 дэлегацыі, супраць — 23, яшчэ 76 устрымаліся. У ліку тых, хто быў супраць: Расея, Беларусь, Віетнам, Вэнэсуэла, Інданэзія, Індыя, Ірак, Іран, Кітай, Куба, Кыргызстан, Лаос, М’янма, Паўночная Карэя, Сынгапур, Сырыя, Таджыкістан, Узбэкістан, шэраг краінаў Афрыкі. Беларусь спрабавала заблякаваць рэзалюцыю праз працэдуру «No action motion» (прапанову наогул не разглядаць парадак дня). Але гэтую прапанову падтрымалі толькі 32 дэлегацыі, 101 — галасавала супраць.