Дамінанта кватэры Веры Кузьмінічны ў раёне менскага велазаводу — рарытэтнае піяніна ХІХ стагодзьдзя. Бацька Кузьма Трафімавіч прыхапіў інструмэнт у якасьці ваеннага трафэю, вяртаючыся зь Нямеччыны пасьля перамогі. Піяніна і сёньня ў працы: 72-гадовая жанчына «дае джазу» і сачыняе новыя песьні. Некалькі гадоў таму пачала засвойваць кампутар, а яшчэ з-пад яе віртуальнага пэндзля выйшла ўжо некалькі тысяч карцін.
«Голас Амэрыкі» з-пад коўдры
У сваёй музычнай будучыні Вера не сумнявалася ад самага дзяцінства. Бацька (маці яна ня памятае) меў праблему, як адагнаць малую ад піяніна, каб магла пайграць старэйшая дачка. Тая, дзеля справядлівасьці, музычную школу наведвала без імпэту і хатнія заданьні рабіла, можна сказаць, з-пад палкі.
Як падышоў узрост, таксама пачала займацца музыкай. Пасьля заканчэньня школы паступіла ў музычную вучэльню імя Глінкі. Праўда, скончыць не ўдалося: калі Веры споўнілася 18, памёр бацька. Сьледам за гэтым атрымала яшчэ больш жорсткі ўдар: сястра заявіла, што Вера ім ня родная, што ў 1945-м Кузьма Трафімавіч узяў яе, аднагадовую, зь дзіцячага дому на Палесьсі. Сказаўшы, што далей утрымліваць чужога чалавека не зьбіраецца, фактычна выставіла на вуліцу. Падзялілі бацькаву кватэру і пачалі жыць асобна. Трэба было зарабляць на кавалак хлеба.
Уладкавалася на гадзіньнікавы завод, працавала на лініі змазкі мэханізмаў. На першым часе спрабавала сумясьціць поўны працоўны дзень зь вячэрнім навучаньнем, але ні сіл, ні часу ўжо не заставалася. Зрэшты, «Прамень», як і іншыя буйныя прадпрыемствы сталіцы, меў уласны эстрадны аркестар. Аднойчы аказалася побач з заляй падчас рэпэтыцыі, стала даваць парады: тут фальшывіце, а там трэба задаць іншы рытм. Кіраўнік аркестру спачатку дзівіўся, а потым запрасіў далучыцца.
«Мяне ўсё жыцьцё цягнула ня столькі на клясыку, колькі на джаз, — гаворыць Вера Кузьмінічна. — Калі ўсе іншыя дзеці спалі, я пад коўдрай слухала „Голас Амэрыкі“ — апоўначы пачыналася гадзінная перадача Ўіліса Канавэра „Jazz Hour“. Мне ўжо ні сон быў не патрэбен, нічога. Рэальна падабалася, вельмі кранала, я была ў захапленьні ад той музыкі. Само сабой, у вучэльні абавязкова вучылі клясыку, але паралельна на слых падбірала папулярныя джазавыя кампазыцыі. Балазе слых быў. Бываюць такія, што клясыку граюць, а далей нікуды, як над імі ня біся, ніякага толку: „Бяз нотаў не магу, падабраць ня ўмею“. У мяне было якраз наадварот. І вось трапіла ў аркестар: шмат выступалі, езьдзілі на конкурсы».
У біяграфіі Веры Гоцінай было яшчэ некалькі прадпрыемстваў, і практычна ўсюды «з канвэера» яна ішла ў аркестар. Пакуль сябры не зарыентавалі ў сапраўдны біг-бэнд — калектыў «Зялёны агеньчык» пры менскім таксапарку. Фармальна Вера лічылася на пасадзе тэхніка ўліку, але рэпэтыцыі былі па-над усім. Гралі джаз, былі свае пазыўныя, запісваліся на радыё і тэлебачаньні, езьдзілі на рэспубліканскія агляды, шылі бліскучыя касьцюмы. «Проста як аркестар Каўнта Бэйсі», — захоплена ўспамінае суразмоўца, кажучы, што менавіта там «расквітнела душой».
Неўзабаве на «завадную» піяністку зьвярнулі ўвагу ў філярмоніі — на той час гэта была адзіная жанчына, якая выступала ў беларускіх аркестрах. Дырэктар запрасіў да сябе. Такім чынам, пачынаючы ад 1968 году, 22 гады працоўнай біяграфіі Вера Гоціна прысьвечаны філярманічнай рытм-групе. На выходныя камандзіравалі ў самыя модныя рэстараны, дзе іхная дыксіленд-чацьвёрка забаўляла замежнікаў — савецкія песьні мала каго цікавілі.
«Папса» забівае джаз і джазмэнаў
Вера Кузьмінічна выйшла замуж, цяперашняе прозьвішча — ад Міхаіла Гоціна, ён таксама музыкант, быў вядомым ударнікам. А неўзабаве давялося прайсьці праз новае выпрабаваньне — самагубства каханага чалавека:
«Чаму, уласна кажучы, скончылася мая кар’ера ў філярмоніі? Нас абрабавалі, дакладней, „паднялі“ рэстаран з нашымі інструмэнтамі. Муж некалькі гадоў езьдзіў на Поўнач, каб набыць апаратуру. Уклаў 7,5 тысячы рублёў, вялізныя па тых часах грошы, можна было купіць машыну. Рэч у тым, што джаз паступова адыходзіў, наступаў Юры Антонаў, усялякія рознакаляровыя і „поющие“ гітары. Пачыналася эра папсы. І калі нам пасьля выступаў у „Потсдаме“ сказалі, што джаз не патрэбен, яму давялося набыць для мяне сынтэзатар Yamaha, двухраднае стрынг-піяна. У яго самога былі электронныя барабаны, добры мікрафон. І вось усё гэта скралі. Ясна, што „пасьвілі“, чакалі моманту. Так мы зноў засталіся бяз працы. Муж ня вытрымаў, пакончыў з сабой. Для яго гэта быў удар, які немагчыма было перажыць...»
Міліцыя сьпісала крадзеж на «малдаўскіх гастралёраў», ніхто прапажу так і не знайшоў. Вяртацца ў філярмонію было балюча і бессэнсоўна.
Тым часам трэба было жыць далей, падрастаў сын. Даведалася, што ў ЗАГСе Партызанскага раёну сталіцы вызвалялася месца акампаніятара цырымоній рэгістрацыі, там адпрацавала наступныя 10 гадоў, аж да самай пэнсіі.
Каб не хадзіць з працягнутай рукой, ня жыць на жабрацкую пэнсію, паспрабавала працаваць і прыбіральшчыцай у краме, і вахцёркай у інтэрнаце, але абвостранае пачуцьцё справядлівасьці не давала затрымлівацца надоўга. Затое не прымусіла доўга чакаць чарговая трагедыя — у 2003-м крымінальнікі забілі яе 32-гадовага сына:
«Яшчэ адно няшчасьце ўварвалася ў маё жыцьцё — забілі сына. Тут, на раёне, проста ў суседнім доме. Гэта быў канчатковы ўдар. Лёс прайшлося паравым катком, не шкадуючы. Для мяне тады ня тое што піяніна, усё жыцьцё скончылася. Усё з кватэры павыносіла — кнігі мяхамі, усе фотаздымкі парвала, накрыла дэпрэсія. А тут яшчэ суды, уся гэтая дастача. Тыя бандыты спачатку прадставіліся сябрамі сына, маўляў, дапамаглі яго пахаваць. „Мы і вам магілку купілі, пакладзём туды, калі што...“ Такое было, не пераказаць. Насамрэч крымінал, „крышавалі“ раён, а кватэра была вельмі зручная для назіраньня. Уся прастора насупраць была занятая шапікамі, пад паўсотні іх стаяла, зь іх для „абшчаку“ зьбіралі даніну. Спатрэбілася „штаб-кватэра“. І забілі майго хлопца...».
Вера Кузьмінічна ня ўтойвае, што спустошанасьць вылілася ў запоі, тут жа знайшліся сябры-выпівохі, якія вынесьлі з кватэры практычна ўсё. Дзіўна, як засталося некранутым піяніна — відаць, занадта цяжкім аказалася для слабых алькаголікаў. Кажа, што рабіла ўсё, каб наблізіць сьмерць.
Вызваленьне ад навязьлівасьці суіцыду
Ад нэрваў і стрэсу ў Веры Гоцінай разьвілася анкалёгія, мэтастазы пайшлі ў косьці, не магла хадзіць. Была зроблена апэрацыя, на выпалены імунітэт абрынуліся іншыя хваробы. І тады адбылося знаёмства, якое вярнула да жыцьця — жанчыну запрасілі ўзмацніць музычнае суправаджэньне ў габрэйскую мэсіянскую суполку «Брыт Хадаша». Кажа, што менавіта там знайшла паратунак і новы сэнс жыцьця:
«Былі спробы самагубства... Цяпер ужо магу сказаць, што Бог мяне вяртаў — адзін раз, другі. Дзеля таго, каб я жыла. Хоць я і не разумела, навошта? Аказалася, што жыць можна і трэба... Уліцца ў музычнае суправаджэньне джазавымі акордамі немагчыма, гэта там не падыходзіць. Там абсалютна іншы дух. Амаль 3 гады сядзела за сьпінай у музыкантаў і ў сілу магчымасьцяў унікала ў новую гармонію. Паступова стала служыць. З групай услаўленьня езьдзілі ў Магілёў. На мне ўжо была музыка, адчула, што гатовая да пакланеньня. Тым часам арганізуецца клюб „Часы“. Зьбіраемся на сьвяты, запрашаем габрэяў і ня толькі. Бо, як кажа наш пастар, гэта дом габрэйскай радасьці для ўсіх народаў. Усе прыходзьце, радуйцеся, весяліцеся, Бог любіць усіх і хоча, каб усе ўратаваліся. На гэтай хвалі прайшло адно сьвята, другое. А ў сьнежні настала Ханука».
«Маленькі Джэм», выконвае Вера Гоціна:
Your browser doesn’t support HTML5
На суд публікі спадарыня Вера падрыхтавала песьню «Я іншая» — пра тое, як пасьля столькіх выпрабаваньняў зьмянілася яе жыцьцё з прыходам да Бога. Твор уразіў, людзі не хавалі сьлёз. Сярод іншых падышла пазнаёміцца культуроляг Інэса Ганкіна, падарыла зборнік вершаў «У века на гершках». Для Гоцінай кніга стала ў літаральным сэнсе настольнай, а вершы пачалі «абрастаць» музыкай.
Як кажа сама Інэса Ганкіна, некалі яе творы акуратна складваліся ў шуфляду: «Ні я сама, ні мае тэксты ніякім бокам з савецкай уладай не „станцоўваліся“. А калі сьвет зрушыўся і пайшоў у правільным кірунку, усё аказалася запатрабаваным».
«Я ўнутры разумела, што форма будзе ламацца, музычная фраза павінна ісьці сьледам за паэтычнай. Вельмі важна, каб музыкант гэта таксама разумеў: калі ня проста ля-ля, пень-дзень, а за аснову бярэцца паэзія, ад яе і танчыш, няма права навязваць нешта сваё. У гэтым выпадку першаснае слова. Калі ўжо зачапіў нечым тэкст, мусіш знайсьці адэкватнае музычнае ўвасабленьне. Каб у сваю чаргу паэт сказаў — yes! Якраз той выпадак, калі спачатку было слова. Ёсьць і іншая форма: кампазытар прыдумляе, потым ідзе да паэта і просіць нешта сачыніць, маўляў, будзе шлягер. І паэт нешта спрабуе ўціснуць у стандарт, у акрэсьленыя рамкі. Тут усё наадварот... Вера, вядома, прыбядняецца, але недарэмна яна чытала і ўсясьветную клясыку, і вершы. Як вынік, у чалавека прысутнічае ня толькі агульная музыкальнасьць, але агульная культура. То бок, разуменьне любога тэксту, ня толькі музычнага».
Раней піяністка Гоціна музыку не пісала, але разам зрабілі ўжо два альбомы, а трэці на падыходзе. «На схіле гадоў рызыкнула», — гаворыць спадарыня Вера. «І нядрэнна атрымалася», — дадае спадарыня Інэса.
Габрэйскія карцінкі зь далёкага дзяцінства
Яшчэ адным плёнам наведваньня суполкі стаў занятак, пра які Вера Гоціна і ня думала. Кажа, што пасьля гібелі сына вышэйшыя сілы паслалі ёй суцяшэньне ў выглядзе студэнткі лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Дзяўчынка з Бабруйску мела патрэбу ў жыльлі на час навучаньня, габрэйская грамада кінула кліч, хто можа ўзяць яе да сябе. Добраахвотніцай вызвалася Вера Гоціна, на той час яна ўжо жыла адна. «Пяць гадоў душа ў душу, стала мне як дачка, а на разьвітаньне атрымала ад яе дарагі падарунак», — гаворыць суразмоўца.
«Сьвет Шагала», выконвае Вера Гоціна:
Your browser doesn’t support HTML5
Што рабіць з мудрагелістым ноўтбукам, пэнсыянэрка ня ведала. Але сама дзяўчына параіла ёй паспрабаваць маляваць:
«Пытаюся: нашто яно мне? Яна кажа: цёця Вера, малюйце! Толькі не алоўкам, а мышкай: кропка, кропка, агурок. Ну пачала гэтыя кропкі-агуркі выводзіць. Мінуў час, з нашай суполкі адзін малады чалавек гаворыць: падабаюцца вашы малюнкі, але давайце скіну нармальную праграму. Прынёс, паставіў. А там магчымасьцяў — у тысячу разоў больш! І палітра, і розныя алоўкі, і пэндзлі, і пяро, і аэрографы. І пачала маляваць ужо на іншым узроўні. Пераважна па начох, бо ўдзень няма куды з кампутарам падзецца, сонца засьвечвае экран, нічога не відаць. А ўначы накіруеш сьвятло, ціхенька добрую джазавую музычку паставіш — так рамантычна. І вось як пайшло, так і не стрымаць ужо...».
Неўзабаве малюнкі Веры Гоцінай пабачыла мастачка Ліна Цывіна з Гарадка пад Маладэчнам. Яе высілкамі работы былі запушчаныя ў публічную прастору. Падчас адной з імпрэзаў у Маладэчне карціны разьвесілі ў залі, іх пабачылі прафэсійныя галерысты, тут жа ўдарылі па руках наконт будучых экспазыцый.
Літаральна за два гады Вера Гоціна зрабіла некалькі тысяч кампутарных малюнкаў, прыватны выдавец дапамог з публікацыяй альбому, прайшлі дзьве пэрсанальныя выставы, другі з Інэсай Ганкінай музычны альбом ужо суправаджаўся відэаролікам з аўтарскімі выявамі.
Сярод іншага сама сабой склалася ўнікальная сваёй структурай галерэя габрэйскіх тыпажоў пад назвай «Мы жывыя!». Як называе іх спадарыня Вера, твары з вачыма. І гэта рэальныя ўспаміны зь яе дзяцінства:
«Трэба разумець, дзе прайшло маё дзяцінства. Раён, дзе мы жылі, — габрэйскі, у межах цяперашніх Заслаўскай, Гвардзейскай, Сухой. Падчас вайны там было гета, пасьля туды ж вярталіся габрэі, якія ацалелі, выжылі. У камунальныя кватэры — 7 мэтраў на 4 чалавекі. Дагэтуль памятаю тыя твары, якія потым усплылі на малюнках. Усе гэтыя Розачкі, Фімачкі — у маіх працах. Галя, Валя — там такіх імёнаў не было, былі або габрэйскія дзеці, або польскія ці татарскія. Прыватныя дамы зь вялікімі садамі. Калі вярталіся са школы, габрэйскія мамы заўсёды зазывалі да сябе дадому. Ведалі, што сірата, бо маці памерла, як была зусім малой, асноўным быў бацька. А сястра потым сказала, што я ім наогул ня родная... Галоўнае ў тым, што я цудоўна памятаю ўсіх мам, памятаю твары дзяўчатак, зь якімі вучыліся ў 26-й школе на вуліцы Астароўскага. Увесь раён — Няміга, Камсамольская — усё абышла пехатой, усё ў памяці...».
Вера Гоціна кажа, што кожны пэрсанаж яе малюнкаў — як сямейнік. Зь імі яна размаўляе, прыгадвае пасьляваенны Менск, сваіх дзіцячых сяброў. Сваімі працамі ўпрыгожыла сьцены ў агульным калідоры, але камусьці яны прыйшліся не даспадобы і малюнкі пазрывалі. «Непатрэбныя — ну і няхай, зьняла і больш не экспэрымэнтую», — па-філязофску рэагуе Вера Гоціна.
Творчыя пляны ў піяністкі і мастачкі вялікія. Але пакуль час заняцца здароўем — Вера Кузьмінічна праходзіць чарговы курс хіміятэрапіі, анкалёгія далёка не адпускае.