Шматдзетная сям’я Гамолаў з Калодзішчаў страціла ўласнае жыльлё і два гады туліцца ў двухпакаёўцы разам зь сям’ёй сваіх сяброў. Прыватны дом Гамолаў згарэў. У 14-мэтровы пакой іх пусьцілі сябры, каб сацыяльныя службы не адабралі дзяцей. Недасяжнай марай для Гамолаў стала аднаўленьне вясковага дома.
Пажар пашкодзіў палову хаты, а наступны зьнішчыў усё
Марына і Аляксандар Гамолы — маладая сям’я: старэйшаму сыну Аркадзю два з паловаю гады, блізьнятам Міхалу і Леаніду — па паўтара. Ганна Антонаўна, маці Аляксандра, стала жыць з маладой сям’ёй, калі Аляксандар з Марынай пасяліліся ў яе хаце ў Калодзішчах пад Менскам. А неўзабаве здарылася бяда, расказвае Аляксандар:
«Дом у мамы быў стары, і аднойчы загарэлася праводка, здарыўся пажар. Гэта было ў 2009 годзе, і тады нам пашанцавала, бо дом згарэў ня цалкам і ў адным з пакояў мы маглі жыць».
Амаль пяць гадоў сям’я зьбірала грошы, набывала будаўнічыя матэрыялы. За гэты час нарадзіўся старэйшы сын і чакалі ўжо двайнят. Але бяда адна ня ходзіць, працягвае Аляксандар:
«Увосень, як звычайна, прыбіраў і спальваў сьмецьце з участку і на падворку. А ў гэты дзень быў вецер, і я не заўважыў, як агонь перакінуўся спачатку на адрыну з будматэрыяламі, а пасьля і на хату. Гэтым разам згарэла ўсё».
У сельсавеце нічым не дапамаглі, кажа Аляксандар:
«Нам сказалі, што на сацыяльнае жыльлё чарга, на крэдыты пад будаўніцтва таксама, пакоя ў інтэрнаце ці іншага часовага жыльля выдзеліць ня могуць, бо «такіх, як вы, шмат».
Гамолы ўзялі дазвол на аднаўленьне сядзібы і засталіся на папялішчы.
«Больш за ўсё баялася, што адбяруць дзяцей. Я і цяпер баюся»
Сям’ю прытулілі суседзі ў летняй прыбудове, а неўзабаве зьявіліся сацыяльныя службы, каб забраць дзіця, бо «не было ўмоў для пражываньня». Марына і сёньня прыгадвае тыя візыты з жахам:
«Адна жанчына ўвесь час крычала і пагражала, што забяруць дзіця і не аддадуць нованароджаных з радзільні, бо іх няма куды забіраць».
Марына кажа, што праз стан здароўя ёй супрацьпаказана было нараджаць, і з мужам яны нават не спадзяваліся мець дзяцей. Таму першынец для сям’і стаў вялікім шчасьцем, а тым болей чаканыя блізьняты.
«Для мяне самым страшным было тое, што адбяруць дзяцей, — успамінае жанчына, — я і цяпер гэтага баюся».
У выніку з радзільні Марыну з хлопчыкамі прывезьлі ў цесны пакойчык менскай двухпакаёўкі, дзе жывуць цяпер дзьве сям’і.
«Гэтая кватэра нашых сяброў — чужыя нам людзі, па сутнасьці. Яны выдзелілі нам большы пакой, а самі засталіся ў меншым, — паказваюць свой часовы прытулак Гамолы. — Нашы сябры ўзялі нас у сваю кватэру, каб не адабралі дзяцей, і вось амаль два гады мы і наша мама тут разам і жывём».
У пакоі Гамолаў ложак з канапай для дарослых і тры дзіцячыя ложкі для малых — болей тут нічога не зьмяшчаецца. Кухня ў гаспадароў і кватарантаў агульная ў поўным сэнсе слова — нават харчуюцца яны разам.
«Хто мае час, той і гатуе для ўсіх», — кажа Марына.
Колькі працягнецца гэтае сямейна-інтэрнацкае жыцьцё, Гамолы ня ведаюць: «Пакуль не збудуем дом».
З двух «опеляў» стаў адзін, амаль новы. А галоўнае — патрэбен дом
Аляксандар кажа, што не баіцца працы, і дэманструе, што склаўшы рукі не сядзіць.
«Адзін мой знаёмы аддаў мне свой стары „опель“, другі — яшчэ адзін. З двух я склаў адзін легкавік — атрымаўся амаль новы. Важу дзяцей у паліклініку, у „Дзіцячую вёску“, — усьміхаецца майстар. — Я і дом збудую ўласнымі рукамі, мне галоўнае — матэрыялы».
Аляксандар працуе ў прыватнай мэблевай кампаніі і кажа, што заробак памерам 600 рублёў дазваляе ўтрымліваць сям’ю, хоць гэта і цяжка. Ратуе дабрачынная арганізацыя «SOS Дзіцячая вёска», якая дапамагае сям’і перадусім прадуктамі харчаваньня, дзіцячымі рэчамі, адзеньнем. Але і пры гэтым набыць за адзіны заробак будаўнічыя матэрыялы ўжо немагчыма. Дырэктар прадпрыемства, дзе Аляксандар працуе, адгукнуўся на просьбу і ахвяраваў частку матэрыялаў. Яшчэ крыху — і вясной можна распачынаць будаўніцтва.
«Нам галоўнае — хоць адзін пакой збудаваць, але каб свой, каб там можна было жыць дзецям і нам. Нават ня грошы патрэбныя — будматэрыялы. Усё астатняе я пакрысе зраблю сам, — кажа Аляксандар і дадае: — Але матэрыялаў патрэбна яшчэ шмат...»
Аляксандар і Марына спадзяюцца на ўласныя сілы і на сардэчнасьць людзей, гатовых ахвяраваць сваю дапамогу.