Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімір Пуцін і абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у тэлефоннай размове абмеркавалі ўзаемадзеяньне ў пытаньнях барацьбы з тэрарызмам і сырыйскае ўрэгуляваньне.
Пра гэта паведамляе агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на прэсавую службу кіраўніка расейскай дзяржавы.
«Уладзімер Пуцін і Дональд Трамп сышліся ў меркаваньні аб неабходнасьці абʼяднаньня намаганьняў у барацьбе з агульным ворагам нумар адзін — міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам. У дадзеным ключы абмяркоўваліся і пытаньні ўрэгуляваньня крызысу ў Сырыі», — адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы.
Таксама паведамляецца пра ўзаемнае жаданьне працягваць тэлефонныя кантакты і пачаць падрыхтоўку да асабістай сустрэчы.