Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў
Карбалевіч: У суботу 12 лістапада Аляксандр Лукашэнка наведаў сваю радзіму — Копысь, Шклоў. Там была праведзеная нарада аб пэрспэктывах разьвіцьця малых населеных пунктаў Аршанскага і Шклоўскага раёнаў з удзелам кіраўнікоў Віцебскай і Магілёўскай абласьцей. А таксама Лукашэнка ўрачыста адчыніў лядовы палац у Шклове.
Тут варта патлумачыць, што гарадзкі пасёлак Копысь, дзе нарадзіўся Лукашэнка, суседнічае з Александрыяй, дзе ён правёў дзяцінства і сталеньне. Але суседзтва гэта незвычайнае. Копысь — на левым беразе Дняпра, а Александрыя — на правым. Ужо падчас прэзыдэнцтва Лукашэнкі паміж імі пабудавалі мост. Цікава, што два гэтых суседніх населеных пункты належаць да розных раёнаў і нават абласьцей. Копысь уваходзіць у склад Аршанскага раёна Віцебскай вобласьці, а Александрыя — Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласьці.
Вось толькі пасьля гэтай інфармацыі становіцца зразумела, чаму была праведзеная нарада аб пэрспэктывах разьвіцьця населеных пунктаў Аршанскага і Шклоўскага раёнаў. На Копысь, Александрыю, Шклоў ужо даўно ліецца фінансавы дождж. Але мусіць эфэкт ад яго невялікі, бо на нарадзе Лукашэнка ізноў запатрабаваў ад кіраўнікоў вобласьці шукаць інвэстараў. Жыхарам гэтых населеных пунктаў пашанцавала, што тут нарадзіўся і жыў Лукашэнка.
Акупнасьць лядовых палацаў варʼіруецца ад 12 да 42%
У Шклове адкрыты 32-гі ў Беларусі лядовы палац ці крыты каток. Беларусь знаходзіцца ў сусьветным рэйтынгу на 16-м месцы па колькасьці арэнаў на душу насельніцтва.
Праблема ў тым, што гэтыя збудаваньні даволі дарагія. Мінулым годам газэта «Пресболл» правяла дасьледаваньне і выявіла, што акупнасьць лядовых палацаў варʼіруецца ад 12 да 42%. Усё астатняе ўтрыманьне ляжыць на бюджэце, прычым, на мясцовым. І гэта галаўны боль для ўсіх мясцовых кіраўнікоў. Каб хоць трохі неяк акупіць іх, мясцовыя ўлады спрабуюць ладзіць там канцэрты, а квіткі разьмяркоўваюць шляхам адміністрацыйнага прымусу па прадпрыемствах і арганізацыях.
Гэта пры тым, што ў краіне складваецца крытычная сытуацыя ў мэдыцыне, не хапае сродкаў для элемэнтарнага абсталяваньня. Масавае будаўніцтва лядовых палацаў — гэта найбольш яскравы прыклад аўтарытарнага валюнтарызму. Прычым, сам Лукашэнка добра ведае, як ставіцца да гэтага будаўніцтва грамадзкасьць. Таму апошнім часам кожны раз пры адкрыцьці лядовага палацу ён уступае ў палеміку з сваімі апанэнтамі, даказвае, што ўсё робіць правільна. Дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што цяпер уводзяцца толькі лядовыя палацы, будаўніцтва якіх пачалося даўно, яшчэ да крызысу. Новыя палацы будаваць не распачынаюць. Па-першае, таму што ўжо ва ўсіх буйных і нават ня вельмі буйных гарадах яны пабудаваныя. Па-другое, няма грошай, бо крызыс.
Цыганкоў: Лукашэнка сваёй увагай да малой радзімы паўтарае савецкі досьвед. Кожны больш-менш высокапастаўлены кіраўнік у савецкі час меў абавязак перад сваёй малой радзімай зрабіць нешта для яе карыснае: правесьці туды дарогу, ці пабудаваць бальніцу, ці іншае што зрабіць. І ён, не саромеючыся, гэта робіць. Пры гэтым ён ня чуе крытычных водгукаў на гэты конт з боку грамадзтва, бо большасьць беларусаў напэўна ўспрымае гэта нармальна. Раз дарваўся да ўлады — дык павінен дапамагаць роднай вёсцы. У кожнага аўтарытарнага кіраўніка ёсьць свае слабасьці ці нейкія хобі, прыярытэты. За 22 гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі высьветлілася, што для яго галоўная слабасьць, хобі і прыярытэт — гэта хакей. Колькі грошай дзяржава аддае менавіта на гэты від спорту? Паводле выданьня «Прессбол», 80% усіх выдаткаў Беларусі на спорт ідуць на хакей. А калі падлічыць пабочныя выдаткі, у тым ліку лядовыя палацы...
хакейныя палацы ня маюць эканамічнага сэнсу і ляжаць на беларускім бюджэце, як помнік хобі Лукашэнкі
Гэта вельмі красамоўная лічба, хоць хакей не дае алімпійскіх мэдалёў, а посьпехі ў баскетболе ці гандболе ў беларусаў ня меншыя. Таму Аляксандар Лукашэнка вымушаны прызнаваць, што занадта многа ў краіне лядовых палацаў. Але калі меркаваць, што Беларусь расквітнее, людзі будуць багатыя і будуць хадзіць на хакейныя спаборніцтвы ў гэтых нават раённых цэнтрах, то тады магчыма нейкі эканамічны сэнс у гэтай будоўлі зьявіўся б.
Але на гэты момант тэндэнцыя адваротная — у людзей грошай усё менш, менш яны гатовыя аддаваць і на спартовыя мерапрыемствы, і на ўласныя заняткі спортам. Больш за тое, ідзе адток людзей з такіх маленькіх гарадоў, дзе пабудаваныя гэтыя палацы, у абласныя цэнтры і ў сталіцу. Так што сёньня хакейныя палацы ня маюць эканамічнага сэнсу і ляжаць на беларускім бюджэце, як помнік хобі Лукашэнкі.
Дракахруст: Я б патлумачыў гэты фэномэн па Фрэйду. Вы, Валер, сказалі, што Лукашэнка добра ведае, што ня надта каму тыя палацы патрэбныя. Але я мяркую, што ён сваё стаўленьне ў гэтым пытаньні грунтуе на памяці пра хлопчыка Сашку Лукашэнку, які ў сваёй Александрыі гуляў у хакей у двары, дзе брама была з дзьвюх цаглінаў. І ў таго хлопчыка была вялікая мара — пагуляць у хакей на прыгожым полі, у прыгожым палацы. І ён бачыць гэтую мару ў кожным беларускім хлопчыку. І хто б яму што ні даводзіў, што гэта не так, што іншыя мары ў цяперашніх дзяцей, ён памятае таго хлопчыка-сябе. І гэтыя палацы — чаканы падарунак сабе-дзіцёнку.
Вы, Валер, адзначылі, што новых палацаў ужо не будуюць. Магчыма ў гэтай дабудове палацаў прысутнічае і пэўны эканамічны разьлік. Бо не відавочна, што таньней: замарозіць будаўніцтва, якое ёсьць, каб гэты гмах стаяў як помнік вярхоўнаму валюнтарызму ці дакласьці нейкія грошы і дабудаваць — хай бы ўсё ж такі стаяў у горадзе дабудаваны будынак.