Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: У Малдове завяршылася галасаваньне ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў.
Паводле папярэдніх дадзеных Цэнтрвыбаркаму, лідзіруе сацыяліст Ігар Дадон — у яго амаль 58% галасоў. Правалібэральную кандыдатку Маю Санду падтрымалі 42% выбарцаў.
Дадон абяцаў у выпадку перамогі аднавіць стратэгічнае партнэрства з Расеяй. Санду выступае за ўмацаваньне сувязяў з Румыніяй, Украінай і краінамі Захаду пры захаваньні бесканфліктных адносінаў з Масквой.
Перш за ўсё, трэба нагадаць, што прэзыдэнт Малдовы мае фактычна сымбалічныя прадстаўнічыя паўнамоцтвы ў сыстэме парлямэнцкай рэспублікі. Кіраўнік дзяржавы тут шмат гадоў выбіраўся ў парлямэнце. Нядаўна, пасьля рашэньня Канстытуцыйнага Суду, перайшлі, дакладней, вярнуліся да агульнанародных выбараў. Паводле аналітыкаў, такім чынам улады адрэагавалі на народныя пратэсты, якія адбываліся сёлета, і каб прадухіліць магчымы роспуск парлямэнту, які быў бы непазьбежны ў выпадку неабраньня прэзыдэнта.
Ігар Дадон цяпер стаіць перад дылемай: альбо прыняць сваю даволі сьціплую ролю, альбо ўступіць у канфлікт з парлямэнтам і ўрадам.
Ігар Дадон цяпер стаіць перад дылемай: альбо прыняць сваю даволі сьціплую ролю, альбо ўступіць у канфлікт з парлямэнтам і ўрадам.
Ён можа пайсьці на радыкальныя крокі: напрыклад, выступіць за датэрміновыя выбары, пайсьці на абвастрэньне сытуацыі пад знакам сваёй перамогі. Але такіх фармальных паўнамоцтваў на сёньня ў яго няма, і чарговыя парлямэнцкія выбары адбудуцца толькі ў 2018 годзе.
Зараз стаіць пытаньне, наколькі ўдасца Дадону нешта зьмяніць у замежнай і ўнутранай палітыцы Малдовы. Ніякіх важных рашэньняў ён сам прымаць ня можа, але відавочна, што людзі, якія яго абралі, будуць гэтых рашэньняў чакаць.
Відавочна, выбары паказалі выключную нездаволенасьць малдаванаў існым станам рэчаў. Так атрымалася, што свае спадзяваньні на зьмены яны зьвязалі менавіта з сацыялістычным і прарасейскім кандыдатам.
Дракахруст: Таксама ўчора адбыліся прэзыдэнцкія выбары ў Баўгарыі, і там таксама перамогу атрымаў прарасейскі кандыдат Румэн Радзеў, генэрал ВПС у адстаўцы. Там палітычны крызыс працягваецца. Пасьля таго, як стала вядома, хто атрымаў прэзыдэнцкі мандат, прэм’ер-міністар падаў у адстаўку. Гэта азначае датэрміновыя парлямэнцкія выбары, якія вызначаць, наколькі грунтоўным быў гэты палітычны паварот, які ўвасобіўся ў галасаваньне за Радзева.
Для лёсу Эўропы баўгарскія выбары будуць мець большае значэньне, бо Баўгарыя — чалец і НАТО, і Эўрапейскага Зьвязу. У прыватнасьці, адносна Расеі дзейнічаюць санкцыі, якія ўвёў Эўразьвяз. І ў гэтай сытуацыі, калі Баўгарыя, магчыма, пасьля датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, выступіць супраць гэтых санкцый, то іх лёс будзе цьмяным. Прынамсі, яны могуць быць скасаваныя.
Калі ўявіць сабе, што пратэсты працягнуцца, асабліва калі на чале іх будзе стаяць прэзыдэнт, датэрміновыя парлямэнцкія выбары могуць стаць непазьбежнымі.
Абраны ў Малдове прэзыдэнт сапраўды ня мае вялікіх паўнамоцтваў. Але, як мы ведаем з досьведу многіх краінаў сьвету, часам паўнамоцтвы — рэч плыткая. Часам яны вызначаюцца ня літарай Канстытуцыі, а палітычнай вагой асобы, якая займае тую ці іншую пасаду. Усё ж такі тое, што ў Малдове вярнулі наўпроставыя выбары прэзыдэнта народам, нейкім чынам псыхалягічна падвышае яго вагу і аўтарытэт, незалежна ад таго, якія ў яго прапісаныя канстытуцыйныя паўнамоцтвы.
Акрамя таго, фракцыя Сацыялістычнай партыі спадара Дадона — самая буйная ў парлямэнце. Так, яна ня мае большасьці, урад — у руках кааліцыі правых праэўрапейскіх партыяў, але меркаваць, што ў Дадона ў парлямэнце ня будзе ніякай падтрымкі, не выпадае.
Вы, Віталь, слушна заўважылі, што Канстытуцыйны суд прыняў рашэньне вярнуць наўпроставыя выбары прэзыдэнта пад ціскам вуліцы, выступаў маніфэстантаў. Калі ўявіць сабе, што гэтыя пратэсты працягнуцца, асабліва калі на чале іх будзе стаяць прэзыдэнт, датэрміновыя парлямэнцкія выбары могуць стаць непазьбежнымі. Гэта не наканавана, але гэта і не абстрактная магчымасьць.
Зь іншага боку, не выключаю, што і сам спадар Дадон хутчэй выступае за нейкую карэкцыю зьнешняй палітыкі Малдовы, а не за тое, каб Малдова ўступіла ў Эўразійскі саюз. Урэшце рэшт, у найноўшай гісторыі Малдовы быў выпадак, калі яна ўвогуле абрала камуніста, Уладзіміра Вароніна, які кветкі да помніка Леніну насіў. Тады таксама былі такія алярмічныя прагнозы, што, маўляў, заўтра СССР адновяць, Малдова стане савецкай рэспублікай. Ня стала. Гэтак жа, я думаю, і пры прэзыдэнце Дадоне ня стане.
Карбалевіч: Трэба адзначыць, што Малдова, здаецца, адзіная краіна, грамадзяне якой могуць свабодна, бязь візаў езьдзіць і па прасторы ЭЗ, і па дзяржавах СНД, па постсавецкай прасторы. Малдаване гэтымі правамі актыўна карыстаюцца. У пошуках лепшай долі яны жывуць і працуюць і ў Расеі, і ў эўрапейскіх краінах. Напрыклад, будучы ў Румыніі, сам бачыў там шмат малдаванаў. Таму і ўзьнікла праблема зь недахопам бюлетэняў пры галасаваньні малдаўскіх грамадзянаў у замежжы, найперш, у Эўропе.
Вынікі галасаваньня паказваюць расчараваньне насельніцтва ў праэўрапейскіх сілах. Нешта падобнае было з прэзыдэнцтвам Віктара Юшчанкі ва Ўкраіне. Бо была вялікая карупцыя. Мяне ўразіў факт, што скралі мільярд даляраў. Для невялікай і беднай краіны гэта вялізная сума.
Вынікі галасаваньня паказваюць расчараваньне насельніцтва ў праэўрапейскіх сілах.
Новы прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон ужо заявіў, што мае намер першы візыт нанесьці ў Маскву, каб «ініцыяваць распрацоўку і падпісаньне пагадненьня аб стратэгічным партнэрстве з РФ». Таксама ён прапаноўваў разарваць дамовы аб свабодным гандлі з Эўразьвязам і ўвайсьці ў Эўразійскі эканамічны саюз. Такое ўражаньне, што нешта падобнае ўжо было. І скончылася кепска для ініцыятара. То бок, Дадон спрабуе ісьці шляхам Віктара Януковіча. Шлях вельмі склізкі і рызыкоўны.