У аснову музэю пакладзена асабістая калекцыя Анатоля Белага, які зьбіраў яе дзясяткі гадоў.
Месьціцца музэй у двух двухпавярховых дамах, зьведзеных пад адзін дах. Плошча экспазыцыі — каля 500 кв.м. У калекцыі каля 2 тысяч экспанатаў. Экспазыцыя разьмешчана ў 8 тэматычных залях: «Жывапісная Беларусь», «Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах», «Творы мастака А.Р.Пятрухны», «Сябры клюбу „Спадчына“», «Скульптура і мэдальерная кераміка», «Гісторыя Беларусі ў графіцы» (гэтая заля падзеленая на тры тэмы: «Старажытная Беларусь», «Змагарная Беларусь» і «Маладая Беларусь»), «Любіць Радзіму, шанаваць родную мову» і заля з творамі сучасных беларускіх мастакоў. У дворыку музэя — больш за 70 помнікаў і скульптур.
«Музэй працуе. Глядзім за ім я і стрыечны брат Анатоля Яўхімавіча, — кажа ўдава Анатоля Белага Ала Мікалаеўна. — Каб трапіць у музэй, трэба зьвязацца загадзя з намі праз тэлефон. Але бывае, што людзі прыяжджаюць і ходзяць вакол, дзівяцца, што за сядзіба. Тады сустракаем такіх гасьцей і запрашаем у музэй. Нельга сказаць, што наведнікі прыходзяць штодня, але кожны тыдзень нехта бывае».
Год таму выйшла кніга ўспамінаў пра Анатоля Белага «Жыцьцё ў імя Бацькаўшчыны». Кнігу надрукаваў прыватны выдавец Віктар Хурсік, яна складаецца з трох частак. Першая — артыкулы, прысьвечаныя Анатолю Беламу і яго музэю, якія друкаваліся цягам апошніх 20 гадоў. Другая частка называецца «Музэй: і памяць, і помнік», там водгукі наведнікаў. Трэцяя частка — успаміны пра Анатоля Белага, вершы, прысьвечаныя яму Рыгорам Барадуліным, Віктарам Шніпам, Яўгенам Гучком.
Альбом-каталёг калекцыi прыватнага музэю выяўленчага мастацтва А. Я. Белага ў горадзе Старыя Дарогі «Раскрылі крылы музы» (выдавецтва «Рыфтур», г. Менск, 2011 г.) нядаўна зьявіўся ў зборах Бадлeянскай бібліятэкі Оксфардзкага ўнівэрсытэту ў Англіі. Пра гэта паведаміла старшы бібліятэкар аддзелу новых паступленьняў бібліятэкі Васілена Секулава.
Гэты альбом, а таксама кніга ўспамінаў пра Анатоля Белага «Жыцьцё ў імя Бацькаўшчыны» і зборнік інтэрвію зь беларускімі эмігрантамі ў ЗША «Да роднага ганку», рэдактарам якога быў Анатоль Белы, папоўняць славянскую калекцыю бібліятэкі, якая была заснaваная ў 1610 годзе і разам з Ватыканскай бібліятэкай лічыцца адной з найстарэйшых у Эўропе.
Ала Мікалаеўна вельмі ўважліва ставіцца да ўсіх наведнікаў і заўсёды зьвяртае ўвагу на словы, якія яны пакідаюць у музэйнай кнізе водгукаў:
«Зусім нядаўна была жанчына, якая напісала пасьля наведваньня музэю, што яна нібыта ў раі пабывала і ніколі ня бачыла такой прыгажосьці. Была група людзей, якія былі ў Старых Дарогах у камандзіроўцы. Папрасіліся ў музэй. А выйшлі ў такім захапленьні, усё паўтаралі, што ў шоку, што ня вераць, што тут такія творы мастацтва захоўваюцца», — расказвае пра гасьцей Ала Мікалаеўна.
Сярод наведнікаў музэю нярэдка бываюць і групы мясцовых школьнікаў, і замежныя госьці:
«Амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт адкрывала помнік Тадэвушу Касьцюшку, некалькі разоў прыяжджаў амбасадар Чэхіі, але таксама бываюць і замежныя турысты. Амаль штотыдзень бываюць школьнікі разам з настаўнікамі гісторыі».
Большая частка экспазыцыі — гэта падарункі Анатолю Беламу, а цяпер, калі яго няма — ягонаму музэю. Але, як кажа Ала Мікалаеўна, некаторыя творы мастацтва калекцыянэр набываў ці абменьваў:
«Ён пачаў зьбіраць калекцыю на пачатку 70-х гадоў. Нешта дарылі. Нешта ён мяняў на іншыя рэчы. Нешта набываў за грошы. Але большасьць экспанатаў — гэта ўсё ж падарункі. Калі людзі пабачылі яго апантанасьць, яго захапленьне, то яму шмат дарылі. Анатоль Яўхімавіч хацеў паказаць гісторыю Беларусі, пачынаючы ад Вялікага Княства Літоўскага і сканчаючы нашымі днямі. Недарэмна прафэсар Штыхаў сказаў нейк, што па музэі Анатоля Белага можна вывучаць усю гісторыю Беларусі».
Нягледзячы на ўнікальнасьць музэю, уваход у яго бясплатны — такая была воля Анатоля Белага. Ала Мікалаеўна кажа, што ўсе выдаткі, зьвязаныя з утрыманьнем памяшканьняў, камунальнымі паслугамі і доглядам за экспанатамі — на ёй і дачцэ.
«Спраўляемся самі. Трэба за электрычнасьць, за ацяпленьне, за ваду заплаціць. Цяпер, зімой, за ацяпленьне шмат будзе. Але нічога, неяк управімся. Карціны я сама даглядаю, для іх галоўнае — тэмпэратурны рэжым, пільна сачу за гэтым».
Ала Мікалаеўна кажа, што музэй не пазыцыянуецца як апазыцыйны, а сьцягі і герб «Пагоня» на фасадзе — гэта выключна гістарычныя памяткі.
«У нас тут сьцяг, падобны да бел-чырвона-белага. Але гэта сьцяг, які ўваходзіць у помнік героям Грунвальдзкай біты. Некаторыя, калі глядзяць на гэты сьцяг, то думаюць, што тут ледзь не сядзіба Партыі БНФ. Гэта ня так. Гэта проста помнік героям 1410 году. Ніякай апазыцыйнасьці тут няма».
За пяць год, як няма Анатоля Белага, ягоная калекцыя павялічылася, кажа Ала Мікалаеўна.
«Пастаянна павялічваецца экспазыцыя. Вось зь нядаўняга некалькі прыкладаў. Зьявіўся мэдаль Францішка Скарыны — яго прэзэнтаваў скульптар Аляксандар Зіменка. Таксама мэдаль уладыкі Філарэта — гэта праца скульптара Ўладзімера Меліхава. Таксама Меліхаў зрабіў барэльефы Ніла Гілевіча і Ларысы Геніюш».
Анатоль Белы — вядомы навуковец і калекцыянэр, заснавальнік Менскага гарадзкога культурна-асьветніцкага клюбу «Спадчына» і Старадароскага музэю выяўленчага мастацтва.
Анатоль Белы нарадзіўся 10 сьнежня 1939 году ў Старых Дарогах (Менская вобласьць). У 1967 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Быў сябрам Саюзу мастакоў Беларусі, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, удзельнікам устаноўчых зьездаў БНФ і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Сабраў каля трох тысяч твораў жывапісу, графікі, мэдальернага і дэкаратыўнага мастацтва. На аснове сваёй калекцыі ў 1990 годзе заснаваў, а ў 1999-м адкрыў у сваёй сядзібе ў Старых Дарогах прыватны музэй выяўленчага мастацтва. Сёньня ў музэі чатыры будынкі і восем заляў, у якіх экспануецца каля 1700 твораў.
Дзякуючы намаганьням Белага ў дворыку БДУ ўстаноўлены шэраг помнікаў выбітным дзеячам нацыянальнай культуры — Эўфрасіньні Полацкай, Кірылу Тураўскаму, Міколу Гусоўскаму, Францыску Скарыну, Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.