«Людзі кардынальна мяняюць лад жыцьця, а я так ня ўмею. Нават шаржы, якія маляваў усё жыцьцё, сёньня ня ў радасьць. Мне проста ня сьмешна. Заўсёды ганарыўся сваім пачуцьцём гумару, а цяпер чамусьці не да сьмеху. Задзяўбла стабільнасьць. Самы добры час быў, калі была нестабільнасьць», — зь якім багажом падышоў да знакавай даты гуру беларускай музыкі Ігар Варашкевіч.
Безнадзейна хворыя на рок-н-рол
Напачатку 1980-х, як пачалі падаваць голас першыя беларускамоўныя каманды, Ігар Варашкевіч дэбютаваў за «Бонду». Ягоны моцны і насычаны вакал хутка стаў візытоўкай гурту, але ў 1989 годзе «Бонда» распалася. Праўда, не без карысьці для альтэрнатыўнай сцэны — з руінаў паўстала цэлая нізка выбітных праектаў: «Уліс», «Рокіс», «Крама», The Little Blues Band.
У вымушанай паўзе Варашкевіч зьехаў у родныя Баранавічы, дзе на нейкі час давялося згадаць пра асноўную спэцыяльнасьць — мастака. Ня ўсе заўзятыя прыхільнікі ведаюць, што ён скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут са спэцыялізацыяй «інтэр’ер і абсталяваньне», нават пасьпеў атрымаць разьмеркаваньне ў рэстаўрацыйныя майстэрні ў Горадню. Але так і не даехаў.
У сярэдзіне 1991 году сябры-музыкі прыехалі ў Баранавічы агітаваць Варашкевіча далучыцца да праекту «Рокіс». Прапанову пасьля працяглых угавораў прыняў, але музычны фармат расчараваў. І тады прадэманстраваў уласныя напрацоўкі баранавіцкага пэрыяду. Матэрыял калегам спадабаўся, але ён ішоў у разрэз з канцэпцыяй «Рокіса». Шыльду вырашалі зьмяніць, хоць і не аднагалосна. Так увосень 1991-га паўстала «Крама».
Ужо на наступны год прыйшло першае прызнаньне — гран-пры фэстывалю «Басовішча-92» у польскім Грудэку. Тым часам каманда набірала крэйсэрскую хуткасьць: «Гурт году» на «Рок-каранацыі-94», лідэр у намінацыях «За вернасьць жанру» («Рок-каранацыя-95»), «Традыцыі і сучаснасьць» («Рок-каранацыя-99»), «Альбом году» («Хавайся ў бульбу», «Рок-каранацыя-01»), «Блюз-рок-выканаўца» («Рок-каранацыя-04»); фэстывалі «Славянскі базар» (Віцебск), «Маладэчна», «Пакаленьне» (Масква), «Visagino Country» (Літва), «Noc Bluesowa» (Польша) ды іншыя.
Анталёгію беларускага року папоўнілі спрэс гітовыя альбомы: «Хворы на рок-н-рол» (1993), «Гэй там, налівай!» (1994), англамоўны экспэрымэнт «Vodka On Ice» (1994), «Камэндант» (1995) і праз трохгадовую паўзу — «Што дапаможа нам» (1998). Амаль усе раньнія тэксты напісаныя паэтам-журналістам Зьмітром Лукашуком, хіты апошніх гадоў — культуролягам Настай Гулак.
Вялікія і малыя залі дружна падхоплівалі «Стэфку», «Слуцкую браму», «Маму», «Хворага на рок-н-рол», «Будзь разам з намі», «Бяжы, хлопец», «Гэй там, налівай», «Выпі са мной да дна», «Што дапаможа нам», «Гомельскі вальс», «Хавайся ў бульбу», «Падае дождж», «Тата мае рацыю». Але дасягнуўшы піку папулярнасьці на пяцігадовы юбілей, «Крама» пачала «зьдзімацца»: новы матэрыял ня клеіўся, музыкі сыходзілі ў іншыя праекты. На стыку тысячагодзьдзяў Варашкевіч нават задумаўся завяршыць музычную кар’еру.
Аднак да поўнай капітуляцыі не дайшло, і ў наступныя гады сьвет пабачылі яшчэ тры альбомы — «Хавайся ў бульбу» (2001), «Усё жыцьцё — дзіўны сон» (2007), «Белая вада» (2014). Пры тым, што ў сярэдзіне нулявых «Крама» разам зь іншымі «нядобранадзейнымі» трапіла ў «чорны сьпіс» адміністрацыі прэзыдэнта: канцэртная дзейнасьць, ратацыя на радыё і тэлебачаньні былі спыненыя.
Не зачыніць «Краму» насуперак абставінам
— Ігар, пасьля ўсіх выпрабаваньняў, што выпалі на долю калектыву, разьлічвалі на такое доўгажыхарства? Прыблізна ў адзін час з «Крамай» пачыналіся шмат якія праекты, але сёньня пра іх або не чуваць, або яны зусім кволыя...
— Шчыра кажучы, я пра гэта ня думаў, нічога такога не плянаваў. Я ў прынцыпе ніколі нічога не пляную, проста раблю тое, што мне падабаецца. Атрымалася — добра, але ня ўсё так проста. Шмат разоў мы ў прынцыпе маглі разысьціся, закрыць «Краму». Гэтага не адбылося. Мала за тое, мы прайшлі празь дзьве забароны — праўда, калі нядаўна быў на канале СТВ у Ягора Хрусталёва, той і намагаўся даказаць, што ніякіх забаронаў не было, маўляў, музыкам самім выгадна нічога не рабіць. Ну добра, не было дык не было, толькі чамусьці Лявон Вольскі па сёньняшні дзень забаронены. Дык вось праз усё гэта мы прайшлі, у тым ліку празь зьмены складу, бо ў сытуацыі няпэўнасьці людзі прыходзілі-сыходзілі. Прайшлі праз дастаткова сур’ёзныя творчыя спрэчкі. Але ўрэшце данесьлі свой сьцяг да саліднай лічбы — 25 гадоў.
— Дарэчы, можаце згадаць, калі апошні раз на біг-бордах у сталіцы рэклямаваўся канцэрт «Крамы»? Гэта тая самая «адліга»?
— Ды не было асабліва... Так, цяпер у невялікай колькасьць ёсьць, можа, нехта пасьля гэтага і скажа: ну вось, прадаліся рэжыму. Але ня думаю, што «адліга», у гэтым сэнсе я досыць пэсымістычна настроены чалавек. Хутчэй нагадвае нейкую гульню ў «адлігу». Нават тое, што 7 лістапада адбылося адкрыцьцё помніка Леніну каля МТЗ, як падчас «урачыстай цырымоніі» зьбілі Зьмітра Дашкевіча — гэта ніякая не «адліга», а працяг «глыбокай замарозкі».
— Тым больш, Ягор Хрусталёў паклікаў, хутчэй, па старой памяці, бо ў 1990-я сам рабіў музычныя перадачы. А Першы канал фактычна «кінуў»...
— Так, Першы канал сам прапанаваў трансьляваць канцэрт, нават пачалі рабіць фільм пра «Краму». А потым ад усяго адмовіліся. Мабыць, спачатку паглядзелі, што я буду гаварыць, як сябе паводжу, можа нарэшце стаў добрым, больш лагодным да ўладаў. Але я свае погляды ніколі не зьмяняў. І калі нават не кажу штосьці публічна, думаю і раблю ўсё тое самае, што і 25, 30 ці 35 гадоў таму. Дарэчы, па-беларуску я пачаў сьпяваць яшчэ да «Крамы». Дзьве песьні існуюць ужо 30 гадоў, сёлета ў іх юбілей — гэта «Слуцкая брама» і «Стэфка», з рэпэртуару яшчэ «Бонды». Мы нават не зьбіраліся іх сьпяваць, але калі пачалі езьдзіць у Польшчу на «Басовішча», людзі прасілі, гэта галоўныя хіты іх жыцьця. Тады ўключылі ў рэпэртуар. Так што ў «Стэфкі» і «Слуцкай брамы» таксама юбілей, 30-гадовы.
— Ці зразумелі, за што патрапілі ў «чорны сьпіс» ідэолягаў прэзыдэнцкай адміністрацыі? У канцэрце, прымеркаваным да 10-годзьдзя кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі летам 2004-га, пасьля якога шэраг музыкаў былі абвешчаныя па-за законам, «Крама» нават ня ўдзельнічала...
— Гэта пытаньне да арганізатара канцэрту Ўладзімера Шаблінскага, бо я дагэтуль ня ведаю, чаму мы ня ўдзельнічалі. Каб нас запрасілі, безумоўна, мы там былі б таксама. Таму я проста зьдзіўлены, што нас тады абмінулі. І вось пасьля таго, як я сваю пазыцыю агучыў раз, другі, трэці, чацьвёрты, на пяты нас забаранілі таксама, за кампанію. То бок, за маральную падтрымку тых, хто выступаў на сцэне. А другая забарона была ўжо пасьля Плошчы 2006 году, тады ўсіх забаранілі аўтаматычна, адным махам.
— Пэрсанальная крыўда на некага ёсьць? На таго ж ідэоляга Праляскоўскага, з імем якога зьвязаныя шматлікія спробы перакрыць кісларод любому іншадумству.
— Якая крыўда, слухайце? Я на гэта гляджу з касьмічнага ўзроўню, як бы высакапарна не гучала. Жыцьцё праходзіць, а мне яшчэ думаць пра Праляскоўскага? Такая мітусьня насамрэч...
Адпрацаваны матэрыял і герой Міхалок
— Ува што яшчэ выліўся вымушаны прастой, апроч маральнага дыскамфорту, зьнікненьня з радыё- і тэлеканалаў, адмены канцэртаў?
— Ну ўва што ён выліўся? У тое, што частка моладзі нас проста ня ведае. Для іх галоўны герой, пра што я неаднойчы казаў, — гэта Сяргей Міхалок. Які падчас першай забароны спакойна выступаў у Палацы спорту, сьпяваў свае песьні, кліп «Капітал» з Лукашэнкам круціўся на беларускіх каналах — ніякіх праблемаў. А мы ўсе былі растаптаныя. Праз гэта моладзь яго і ведае, тады як нас загналі ў падпольле. І цяпер, калі Сярожа стаў рэвалюцыянэрам (добра гэта ці ня добра — ня мне вырашаць), ён — герой. А ўсе астатнія — гэта адпрацаваны матэрыял, разумееце? Я, праўда, сябе не лічу «адпрацаваным», нямала людзей нас ведае і паважае, аднак для агульнай папулярнасьці змарнаваны час згуляў не на руку.
— Ці была рызыка развалу калектыву? Няма працы — няма стымулу...
— Рызыка была, але не з-за гэтага. Тут больш спрэчкі творчага характару. Мы ўжо даўно зразумелі, што шмат грошай не заробім, таму кожны для выжываньня займаецца сваёй справай. Прыкладам, гітарыст Сяржук Трухановіч — настаўнік, басіст Аляксандар Ванькевіч таксама выкладае. Я малюю, ёсьць іншыя заняткі. Кожны нечым займаецца, каб утрымліваць сябе і сям’ю.
— Трэба аддаць належнае, што, нягледзячы на ўсе праблемы, так званая «цякучка кадраў» у «Краме» — на досыць прымальным узроўні. Некаторыя, калі не памыляюся, уладкаваліся за мяжой — Анатоль Горбач, Ільля Шэўчык, так?
— Зь першага складу ў «Краме» засталіся тры чалавекі — я, Сяржук Трухановіч і Андрэй Лявончык. Басіст Аляксандар Ванькевіч грае ад пачатку 2000-х. Сапраўды, Горбач даўно зьехаў у Бэльгію, займаецца музыкай, Шэўчык — сапраўдная зорка ў Кітаі, зарабляе добрыя грошы. Пра яго наогул асобная гісторыя. Паехаў з кавэр-бэндам, а потым і застаўся. У яго ад пачатку былі здольнасьці да моваў, ён вельмі добра ведаў ангельскую, вывучыў польскую і выступаў як «польскі блюзмэн». А ўрэшце засвоіў кітайскую і цяпер сьпявае на нейкім дыялекце, чым прыводзіць публіку ў захапленьне. Ён там рэальная супэрзорка.
— У «Крамы» мноства хітоў з катэгорыі «на ўсе часы». Асновай посьпеху — найперш удалае спалучэньне музыкі і тэкстаў, гэта сапраўды як адно цэлае. Як адважыліся даверыцца на той час зусім юнаму тэкставіку Зьмітру Лукашуку? Гэта цяпер відавочна, што стаўка згуляла, а тады?
— На ўзросьце Зьмітра асабліва не акцэнтаваўся, проста падабаліся ягоныя тэксты. Чалавек, калі так можна сказаць, быццам апрануў маю скуру. Нягледзячы на розьніцу ў гадах, у нас склаўся працаздольны тандэм: я прыдумляў музыку, Зьміцер пісаў тэксты, практычна зь першага разу трапляючы ў патрэбную тэму. Калі мне нешта не падабалася, я казаў, якія радкі варта падправіць. Ён адразу ж перапрацоўваў, і на выхадзе ўсё было супэр. Тэксты кшталту «Бяжы, хлопец», «Выпі са мной да дна», «Здраднік» паклаліся ў кантэкст адразу, без аніякіх правак. А як пазнаёміліся? Ён пісаў для гурту «Рокіс», прыехаў разам з хлопцамі да мяне ў Баранавічы. Такім чынам наша супраца і пачалася...
Музычная партытура з палітычным падтэкстам
— У актыве гурту — удзел і перамогі ў вялікіх рок-фэстывалях, як, скажам, «Пакаленьне» ў Маскве. Але чаму, у адрозьненьне ад украінскамоўных выканаўцаў, беларусаў за сваіх у Расеі так і не прынялі? Праўда, з улікам апошніх падзеяў у Крыме і на Данбасе рокеры з Украіны цяпер гэтаксама пэрсоны нон-грата...
— Адказу, каб на 100%, у мяне няма. Але ў такіх выпадках я заўсёды кажу: значыць, мы не такія таленавітыя. Хоць, па вялікаму рахунку, я нікуды адмыслова і ня лез. Тым ня меней, наша прынцыповае адрозьненьне ў тым, што ў нас шмат палітыкі ў тэкстах — і было, і ёсьць дагэтуль. Скажам, у «Акіяна Эльзы», нягледзячы на тое, што яны героі Майдану, у іх палітыкі ў песьнях увогуле няма. Яны проста выконваюць прыгожую музыку на сваёй роднай мове. А мы сьпяваем на мове, толькі не зусім роднай для беларусаў — беларусы не размаўляюць па-беларуску.
— Таму беларускамоўныя выканаўцы дагэтуль у меншасьці нават дома...
— Аднаму знаёмаму гітарысту паставіў запіс польскага блюзмэна Тадэвуша Налепы і запытаў: чаму той пачаў гэта рабіць яшчэ ў 1960-я і не сутыкаўся з такімі праблемамі, як мы? Ён адказаў: дык ён жа сьпявае на той мове, на якой размаўляе ўсё насельніцтва Польшчы! Там няма дзьвюхмоўя — ёсьць польская, і ўсё. А мы сьпяваем па-беларуску, размаўляем то так, то гэтак, асяродзьдзе вакол расейскамоўнае. Вось і думайце. Зноў жа, галоўны герой Беларусі Міхалок на якой мове гаварыў, калі езьдзіў у ЗША? На расейскай, я чытаў камэнты ў Фэйсбуку. Але ж паляцеў у Штаты. «Крама» там была? Не. Гэта і да вас, Радыё Свабода — хэй, спадары! Ці беларуская суполка не такая, як украінская? Ці мы самі не такія? Арнамэнту на мне няма, без «Пагоні» на майцы? Зараз як? Напяліў бэйсболку зь вершнікам — і ўжо адразу супэрбеларус. Але любоў да Радзімы — не на бэйсболцы, не на цішотцы. Не сумнявайцеся, у мяне таксама ўсё гэта ёсьць. Любоў павінна быць у сэрцы.
— Доўгія гады вас зьвязвалі сяброўскія адносіны зь Мікалаем Аруцюнавым, лідэрам гурту «Ліга Блюзу». Фактычна гэты першы музыка з Расеі, які засьпяваў па-беларуску. Некалькі гадоў таму нават анансаваўся сумесны альбом...
— Анансаваўся, але хто-небудзь асабліва заўважыў? Амаль ніхто. Вось калі Андрэй Макарэвіч засьпяваў па-беларуску — гэта ўжо падзея. Я яго люблю і паважаю, але дзе аб’ектыўнасьць? Аруцюнаў сам прапанаваў, ніхто яго не агітаваў, з уласнай ініцыятывы. Яму спадабаліся нашы песьні, вывучыў правільнае вымаўленьне, прасьпяваў «Бяжы, хлопец». Ён лінгвіст — мабыць, лягчэй, але калі пачынаў «джекаць», як на Беласточчыне, я спыняў, шукалі нешта сярэдняе. Цудоўны быў праект, сапраўдны. Ну а скончылася тым, што такая музыка не прыносіць матэрыяльных дывідэндаў. Таму і застопарылася. Калі Коля зрабіў у Маскве дыск, і мы хацелі арганізаваць прэзэнтацыю, нічога не атрымалася — з-за адсутнасьці цікавасьці, на жаль. Так і заціхла. Хоць асабістыя кантакты засталіся, бязь зьменаў.
— Аруцюнава выпадкова ня будзе на сёньняшнім канцэрце?
— Я б з задавальненьнем яго запрасіў, але на гэта патрэбныя грошы. А бегаць усё жыцьцё з працягнутай рукой ужо надакучыла. За капейкі чалавек не паедзе, усё ж жыве ў сталіцы Расеі. І Сяргея Воранава з Crossroadz мог бы запрасіць, хапае цікавых людзей. У блюзмэнаў сяброўства не губляецца. Адзінае, магчымасьці сустракацца ня так шмат — мы ў Маскву ня езьдзім ужо гадоў 15, спынілі пасьля дэфолту канца 1990-х. Дый былі свае ўмовы: палову праграмы трэба было мець англамоўнай, што цяпер робяць усе кавэр-бэнды. Калісьці мне падабалася, а потым проста надакучыла. Цяжка пабудаваць канцэрт, калі частку сваіх песень сьпяваеш на роднай мове, астатняе, кшталту Hoochie Coochie Man ці Johnny B. Goode, па-ангельску. Нейкая разбураная праграма атрымліваецца.
Краіна стабільнасьці кавэр-бэндаў
— Нават у постсанкцыйных умовах зарабіць канцэртнай дзейнасьцю ў Беларусі складана. Як вынік, нават вядомыя музыкі пераарыентуюцца на кавэр-бэнды. Што з вашым клюбным праектам Los Bulbas?
— Los Bulbas ужо не існуе. Гэта была назва да майго заплянаванага сольнага праекту, які я пакуль што ня змог ажыцьцявіць. Потым назва перакачавала ў гэткі кавэр-бэндавы кабацкі склад. Безумоўна, тое быў вымушаны крок, але ўжо два гады там не працую. Тым ня меней, я не шкадую: гэта добрая практыка, плюс я сьпяваў толькі тое, што люблю, не было ні савецкіх песень, ні шансону, толькі рок-н-рол і блюз. Тыя рэчы, якія былі яшчэ да зьяўленьня кавэр-бэндаў у гісторыі Беларусі, песьні, зробленыя ў 1990-я для паездак у Польшчу і Расею. Па вялікім рахунку, можна было і надалей працаваць, бо сабраўся добры кавэр-бэнд, мелі нармальныя грошы. Але скончылася, і дзякуй Богу. Цяпер гэтых гуртоў столькі, што ўжо проста ванітуе ад іх. Краіна стабільнасьці кавэр-бэндаў (сьмяецца).
— Для кавэр-бэндаў якраз набліжаецца чаканы сэзон карпаратываў, калі можна «падняць касу». А што Варашкевіч і кампанія?
— Чакаюць, канечне, гэта ж самы «чос»... А як па мне, дык будзе праца — адпрацую, а не — пасяджу з гітарай дома. У маім жыцьці ад гэтага дакладна нічога ня зьменіцца. Тым больш перад канцэртам галава занятая зусім іншым...
— Любы юбілейны канцэрт — у пэўным сэнсе справаздачны, прынамсі ёсьць магчымасьць азірнуцца на пройдзены шлях. А што далей, што трэба для руху наперад?
— Ну што далей? Трэба зьбіраць грошы. Як гэтае моднае цяпер слова — краўдфандынг? Ня хочацца ва ўсё гэта ўлазіць, але давядзецца, калі зьбіраесься жыць далей. Патрэбныя тэксты новыя. Так адбылося, што Зьміцер Лукашук перастаў пісаць, можа, няма ў чалавека натхненьня. Наста Гулак таксама ня вельмі шпарка выдае тэксты. І ўсё ж спадзяюся, што нешта зрушыцца: музыкі шмат, іншая справа наколькі яна патрэбная? Бо ў прынцыпе яна застанецца такой, якой яна ёсьць цяпер. Да гэтага канцэрту не пасьпелі, але паспрабуем да Новага году зрабіць «Стэфку-3», якраз да 30-годзьдзя. У 2006-м запісалі гісторыю праз 20 гадоў, цяпер вось яшчэ 10 зьверху. Песьня сама ёсьць, тэкст застаўся. Якраз днямі хадзіў да Лукашука, дамаўляўся, каб ён хутка да мяне прыехаў і напісаў тэкст (сьмяецца). Бо няма яшчэ ідэі, як там далей сытуацыя разьвіваецца...
— Сапраўды, Стэфка ўжо, мякка кажучы, ня самая маладая...
— Так, дарослая. Нехта нават казаў, што ўжо бабуля, але я да такога павароту пакуль не гатовы — не яшчэ (сьмяецца). Хоць у мяне самога ёсьць унучка, але я сябе дзядулям асабліва яшчэ не адчуваю. У параўнаньні з гэтымі хлопцамі (расшпільвае байку, пад якой майка з эмблемай Rolling Stones — І.К.) мы яшчэ зусім немаўляткі.
— Каго са сваякоў, сяброў запрасілі на канцэрт? Так разумею, што маці з Баранавічаў наўрад ці ўдасца прывезьці?
— Мама, на жаль, ня зможа прыехаць, таму што ўжо 3,5 гады ня ходзіць. Бацькі ўжо 20 гадоў няма, ад 1996 году. Будзе мая каханая, зь якой я цяпер жыву, будзе мая першая жонка, маці майго сына, будзе сын з жонкай і, магчыма, з унучкай (цяпер вось вырашаем, ці не занадта гучная музыка для двухгадовага дзіцяці). Таксама сябры, усе, хто дапамагае па жыцьці — знаёмы доктар, які мяне лечыць, напрыклад. Людзі, якія маюць дачыненьне да аздабленьня альбомаў. Наогул усе, хто калі-небудзь нешта зрабіў для «Крамы» добрае, карыснае.
Крутая гітара замест дарагога аўтамабіля
— Цягам такога доўгага маратону былі розныя моманты, у тым ліку дэпрэсіўныя, ажно да жаданьня «завязаць» з музычнай кар’ерай. Сёньня няма настрою вешаць гітару на цьвік?
— Не, тым больш, цяпер столькі гітараў, што цьвікоў ня хопіць (сьмяецца). Балазе, дзякуючы аднаму сябру, цяпер у мяне ёсьць магчымасьць карыстацца сур’ёзнымі, дарагімі інструмэнтамі — Gibson, Fender Stratocaster, Telecaster. Дарэчы, Сяржук якраз будзе на іх граць на канцэрце. Да таго ж, я на цьвік вешаць гітару ніколі і не зьбіраўся, таму што ня бачу свайго жыцьця бяз гэтага. То бок, такі шлях выбраў і стаць кімсьці іншым папросту не магу. Ёсьць людзі, якія кардынальна мяняюць лад жыцьця, прафэсію, а я так ня ўмею. Мог бы пачаць маляваць, але дзеля гэтага патрэбна натхненьне, зараз зусім не хачу. Нават шаржы, якія маляваў усё жыцьцё, сёньня ня ў радасьць. Мне проста ня сьмешна. Заўсёды ганарыўся сваім добрым пачуцьцём гумару, а цяпер чамусьці не да сьмеху. Думаеш: ну вось такі спрыяльны час, маляваў бы палітычныя карыкатуры — калісьці сапраўды шмат чаго рабіў — дык не хачу, ня сьмешна, хоць забі.
— Нейкі мэлянханічны канцэрт прадбачыцца...
— Не, на канцэрце будзе весела, гэта я так, пра жыцьцё (сьмяецца). Стабільнасьць задзяўбла. Самы добры час быў, калі была нестабільнасьць. Я не жадаю, безумоўна, беларускаму народу нестабільнасьці, але цяпер настолькі поснае, пустое жыцьцё — аж да бессэнсоўнасьці. Мне ў горадзе ўвогуле няўтульна, нават дыскамфортна. Толькі калі еду ў лес, на рэчку, на возера — пачынаю адчуваць сябе чалавекам, дакранацца да энэргіі гэтай зямлі.
— Атрымліваецца, калі іншыя ўкладаюць у нерухомасьць, у машыны, Ігар Варашкевіч усё спускае на гітары?
— Я ня супраць машын, нават марыў быць кіроўцам, бегаў зь піянэрскага лягеру на берасьце-маскоўскую шашу глядзець на дальнабойшчыкаў. Але ўсім уладальнікам аўто кажу: калі вы купляеце добрую гітару, яна ўвесь час становіцца даражэй. А набыў аўто за 20 тысяч даляраў — і праз два гады яно каштуе напалову меней, празь 5 гадоў увогуле нічога за яго не атрымаеш, калі гэта не гістарычны рарытэт. Так што ўкладайце ў гітары (сьмяецца). Вось мой сын грае на гітары, і я ўсю калекцыю пакіну яму, калі ўжо не змагу гэтым займацца. Дарэчы, нават плянаваў выкарыстаць паслугі сына на нашым канцэрце, але не хапала часу на падрыхтоўку, вырашылі адкласьці да наступнага разу. Ён сам па сабе флейтыст, але сапраўды няблага грае на гітары...
Увечары 12 лістапада на сцэне менскай залі Prime Hall юбіляраў будуць віншаваць іх ня меней вядомыя сябры з гуртоў «Палац», Neuro Dubel, Trubetskoy, J:морс. Кожны з удзельнікаў выканае некалькі песень «Крамы» ва ўласнай апрацоўцы, пасьля чаго сыграе падборку ўласных гітоў. Апошнімі на сцэну падымуцца галоўныя героі ўрачыстасьці. Вядучы канцэрту — шоўмэн і рокер Аляксандар Памідораў.
Цяперашні склад гурту «Крама»
Ігар Варашкевіч: сьпеў, акустычная гітара, губны гармонік
Сяржук Трухановіч: гітара
Андрэй Лявончык: клявішы, бэк-вакал
Аляксандар Ванькевіч: бас-гітара, бэк-вакал
Аляксандар Манецкі: ударныя
Музыкі, якія ў розныя гады прайшлі праз «Краму»
Аляксандар Газізаў: гітара, бэк-вакал
Ігар Сацэвіч: бас-гітара, бэк-вакал
Ільля Шэўчык: гітара
Аляксандар Сапега: ударныя, бэк-вакал
Анатоль Горбач: ударныя
Андрэй Філатаў: ударныя
Сяржук Кныш: ударныя
Аляксандар Салаўёў: гітара
Руслан Праўда: бас-гітара
Кірыл Сенін: бас-гітара
Юры Фядзюк: бас-гітара