Ва Ўкраіне жыве больш за 275 тысяч беларусаў. Але фармальна беларуская дыяспара арганізавалася ў краіне ў 2000 годзе, калі быў створаны Ўсеўкраінскі саюз беларусаў. Сёньня адбыўся яго чарговы зьезд, на які беларусы зьбіраюцца кожныя тры гады, каб падвесьці вынікі сваёй дзейнасьці.
Саюз аб’ядноўвае рэгіянальныя ўтварэньні беларусаў з 14 абласьцей Украіны. Ён ствараўся першым паслом Беларусі ва Ўкраіне Віталём Курашыкам, які пакінуў гэтую пасаду ў 2001 годзе, калі ўкраінскае грамадзянства этнічнага беларуса стала публічным фактам. Разам зь ім у стварэньні браў удзел яшчэ адзін этнічны беларус Валерый Варона — дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.
Арганізацыя ад пачатку сваёй дзейнасьці пазыцыянавала сябе па-за палітыкаю. Гэтая адметнасьць засталася і па сёньняшні дзень, нягледзячы на пэўныя зьмены як геапалітычнай, гэтак і ўнутранай сытуацыі ў Беларусі і Ўкраіне.
Дык ці варта чакаць Беларусі, што беларусы за мяжой стануць вялікаю лабісцкаю сілаю для прасоўваньня яе інтарэсаў?
Мы — беларусы
На сёньняшні зьезд у Кіеў прыехалі 62 дэпутаты з Адэсы, Львова, Харкава, Віньніцы, Дняпра і іншых абласьцей Украіны. Не прысутнічалі беларусы з Луганску і Данецку паводле вядомых прычынаў, але, як сказаў старшыня Ўсеўкраінскага саюзу Пётар Лайшаў, ніякіх іхных заяў пра выхад з арганізацыі не прыходзіла, і аўтаматычна яны лічацца сябрамі арганізацыі.
— Яны пакуль застаюцца ў складзе арганізацыі, а далей — жыцьцё пакажа, — сказаў ён.
У залі, якую прадставіла Гандлёва-эканамічная палата Ўкраіны (яе кіраўнік Генадзь Чыжыкаў — ганаровы старшыня Ўсеўкраінскага саюза беларусаў, ён нарадзіўся ва Ўкраіне, але мае беларускія карані па бацьку) сабраліся пераважна людзі сталага ўзросту, прычым большасьць зь іх — былыя вайскоўцы. Рыторыка прамоў — адпаведная. Адзін з гасьцей з трыбуны заявіў, што лічыць захаваньне Беларусьсю абрэвіятуры і структуры КДБ — вялікім дасягненьнем. А прывітаньне былога пасла Ўкраіны ў Беларусі Ігара Ліхавога «Слава Украіне! Жыве Беларусь!» заля ўспрыняла моўчкі.
Фактычнае кіраўніцтва грамадзкаю арганізацыяю ажыцьцяўляе выхадзец з Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці Пётар Лайшаў — генэрал-маёр, які ў сярэдзіне 80-х быў намесьнікам начальніка 9-га аддзела КДБ СССР у Крыме. У ягоную зону адказнасьці ўваходзілі 13 дзяржаўных дач на паўвостраве. Ён адказваў за бясьпеку вышэйшага кіраўніцтва Савецкага Саюзу на адпачынку і пасьпеў папрацаваць пры чатырох генэральных сакратарах кампартыі.
З 2004 да 2008 года Пётар Лайшаў кіраваў Гандлёва-эканамічнаю місіяю Ўкраіны ў Беларусі і ганарыцца, што менавіта ў той час быў рэкордны для двухбаковых стасункаў аб’ём узаемнага таваразвароту — больш як 5 мільярдаў даляраў. Ён прызнае, што зараз беларускія суполкі не папаўняюцца моладзьдзю, але на ягоную думку, гэта выклікана аб’ектыўнымі прычынамі, найперш — скарачэньнем міграцыйных працэсаў, якія былі вельмі інтэнсіўнымі ў савецкія часы.
— Я прапаную стварыць міжпарляменцкую ўкраінска-беларускую камісію на чале зь віцэ-сьпікерамі нацыянальных парлямэнтаў, як ёсьць міжурадавая камісія, якая займаецца эканомікай. Але ёсьць жа яшчэ пытаньні культуры, інтэлекту, адукацыі, турызму, спорту... Вось, напрыклад, Беларусь плянавала правесьці ва Ўкраіне дні культуры ў 2014 годзе, з нагоды 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Былі адпрацаваныя пытаньні зь Міністэрствам культуры Ўкраіны, у Міністэрства культуры Беларусі таксама ліст быў накіраваны. Потым выявілася, што ва Ўкраіне няма фінансаваньня пад гэта, а зь Беларусі наагул не адказалі. Ад гэтага зашчаміла, калі шчыра, — кажа ён.
Пётар Лайшаў зьдзіўлены адсутнасьцю ўвагі беларускай улады да беларусаў за мяжой.
— Было некалькі зваротаў да прэзыдэнта Лукашэнкі пра сустрэчу з дыяспарай. Ён за апошнія тры гады быў двойчы зь візытам ва Ўкраіне, міністар замежных спраў Беларусі таксама быў двойчы тут. Але такой сустрэчы не адбылося. Чыноўнікі агарадзілі бэтоннаю сьцяною гэтыя пытаньні, — скардзіцца ён і прыводзіць прыклад, як іншыя дзяржавы — Ізраіль, Азэрбайджан, Малдова, Армэнія падтрымліваюць свае нацыянальныя суполкі за мяжою.
Пэўнае неразуменьне ў кіраўніка беларускага саюзу выклікала рашэньне ўзьвесьці жылы дом для беларускіх дыпляматаў і рэзыдэнцыю пасла на зямельным участку, выдзеленым кіеўскімі ўладамі для будаўніцтва беларускага выставачнага цэнтру, на тэрыторыі якога прадугледжвалася і памяшканьне для цэнтра беларускай культуры. — Такі цэнтар быў бы неабходным для 16 тысяч беларусаў Кіева і зараз. Больш таго, такі цэнтар мог бы стаць мэтадычным цэнтрам для арганізацыяў нашага саюзу і месцам правядзеньня плянавых культурных мерапрыемстваў, — перакананы Пётар Лайшаў.
Украінскія беларусы ўсё яшчэ спадзяюцца, што ў новым комплексе знойдзецца месца і для іхнага офісу.
Палітычныя рашэньні — ня нашая адказнасьць
Што могуць зрабіць замежныя беларусы для сваёй этнічнай радзімы і чаму нацыянальная дыяспара ва Ўкраіне ня ёсьць уплывоваю сілаю? З такім пытаньнем Радыё Свабода зьвярнулася да некалькіх кіраўнікоў рэгіянальных украінскіх суполак.
Уладзімер Качэлаба, старшыня Віньніцкага абласнога зямляцтва беларусаў:
— У нас па Віньніцы шмат людзей, якія мелі беларускія карані, у асноўным — вэтэраны, партызаны. Яны зрабілі вялікую памылку, што не прывялі ў такія суполкі сваіх дзяцей. Цяпер нашае зямляцтва пачынае адраджацца і да яго пачынаюць далучацца ня толькі беларусы, а і тыя, каму падабаецца беларуская культура, фальклёр. Напрыклад, у нашым ансамблі ёсьць дзяўчынка з Чачні, з Украіны. У нас толькі трое зьвязаныя беларускімі каранямі. Але калектыў у нас дружны, актыўны. Мяне, як беларуса, абралі кіраўніком усіх нацыянальных меншасьцяў Віньніцкай вобласьці. Я магу зьвяртацца наўпрост да кіраўніка вобласьці для вырашэньня пытаньняў. Зараз вось рыхтуем да падпісаньня дамову пра супрацоўніцтва нашага гораду Хмельнік са Слонімам. То бок мы не абмяжоўваемся ў пытаньнях культуры. Пазьней плянуем такую ж дамову падпісаць зь Пінскам Брэсцкай вобласьці. Калі мы і далей праз культуру будзем завязваць эканамічныя зносіны, то і пытаньняў зь фінансаваньнем у нас ня будзе.
Тамара Казак, стараста Беларускай грамады «Львоўшчына»:
— У Львове адпаведна перапісу насельніцтва жыве 5 тысяч беларусаў, але паколькі перапіс быў даўно, і іміграцыя беларусаў у Львоў практычна прыпынілася, ёсьць толькі адзінкавыя выпадкі, беларусаў стала менш. Наша арганізацыя аб’ядноўвае 300 асоб, але на зборы прыходзяць ня ўсе. І галоўная мэта нашай суполкі — выключна падтрыманьне беларускай культуры, беларускага духу ў нашым асяродзьдзі, ажыцьцяўленьне выключна культурных кантактаў зь Беларусьсю. У нас ніводнага разу не было магчымасьці праводзіць апытаньні нашых сяброў наконт палітычных пытаньняў, анэксіі Крыму ці сытуацыі ў Данбасе. Гэта не ўваходзіць у нашые задачы. Што датычыць уплыву на палітычныя стасункі Ўкраіны зь Беларусьсю, то мы намагаемся праводзіць такую народную дыпляматыю празь сяброўскія кантакты. Мы невялікая арганізацыя і ня можам адказваць за нейкія палітычныя рашэньні і ацэньваць іх. А на міжасабовых зносінах мы робім усё, і я ўпэўненая, што гэта мае вынік для таго, каб папярэдзіць канфлікты між беларусамі і ўкраінцамі, каб беларусы добра сябе адчувалі ва Ўкраіне, а ўкраінцы — у Беларусі.
Валерый Варона, сябра Ўсеўкраінскага саюзу беларусаў, дырэктар Інстытут сацыялёгіі НАН Украіны. Ва Ўкраіне з 1958 году:
— Беларуская дыяспара вельмі ўплывовая. Беларусы ўсюды працуюць ціха, спакойна і адказна. І вось гэта вызначае і стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў і наагул да Беларусі.
Вярнуцца да вытокаў, каб зразумець, куды ісьці
Былы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы прызнаецца, што для яго — нізкая актыўнасьць беларусаў ва Украіне ёсьць пэўнай загадкай.
— Сёе-тое я нават магу патлумачыць — мэнтальнасьць, ёсьць асаблівасьць нацыянальнага характару, і беларусы адрозьніваюцца ад украінцаў. Растлумачыць можна ўсё, але зьмірыцца з гэтым ня варта, я думаю. Я не люблю даваць парады, але, на мой погляд, беларусы павінны выконваць больш значную ролю ў месцах свайго пражываньня. Беларусаў таксама лёс раскідаў па краінах сьвету, і цяпер многія езьдзяць. Для мяне было адкрыцьцём, што беларусы дастаткова інтэграваныя. Пакуль ва Ўкраіне шмат кажуць пра ўваходжаньне ў Эўропу, то кожны беларус бярэ чамадан і ўваходзіць у Эўропу сваім шляхам. Сапраўды, больш актыўнасьці трэба. Украінская дыяспара ў Беларусі меншая па памерах, чым беларуская ва Ўкраіне, але ў Беларусі яна больш прыкметная. Разам з тым, пасіўнасьць беларусаў ва Ўкраіне можа сьведчыць пра тое, што іх усё задавальняе тут. Але я хацеў бы, каб у нас былі значна больш інтэграваныя адносіны паміж Украінай і Беларусьсю. Для беларусаў і для Беларусі няма больш аптымальнага партнэра, чым Украіна — у нас падобныя эканомікі, у нас агульная гісторыя, у нас няма культурнага барʼеру, у нас ёсьць разуменьне адзін аднаго, як кажуць музыкі, з дзьвюх нот.
— Сёлета спаўняецца 25 гадоў устанаўленьня дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і Украінай. На ваш погляд, краіны знайшлі аптымальны фармат супрацоўніцтва і ці магчымы варыянт стварэньня супольнага блёку нашых дзяржаў на міжнароднай арэне?
— Сапраўды ў нас было вельмі шмат напрацовак і праграм, у якіх мы пасьпяхова супрацоўнічалі з выхадам на Літву, на Польшчу. Праблема ўкраінцаў і беларусаў у тым, што мы — не чэмпіёны ў спрынце, мы дастаткова марудныя. Мы маем вялікія патэнцыйныя магчымасьці, але вельмі павольна ўключаем новыя праекты ў дзеяньне. Насамрэч, Эўропа, маючы іншых партнэраў па той бок мяжы — Расея, Кітай, Азія — павінна адчуваць надзейнасьць ва Ўкраіне і Беларусі. Мы ня можам не абʼяднацца. Усё пачынаецца з жаданьня, з разуменьня рэальнай сытуацыі. Калі мы сёньня не заявім гучна пра сябе, як пра надзейных і магутных гульцоў на палітычным і эканамічным рынку, на рынку бясьпекі — ніхто за нас гэтага ня зробіць.
— Але ў Беларусі ўжо даўно няма пасла Ўкраіны. Магчыма, вы маеце інфармацыю, хто можа ўзначаліць амбасаду Ўкраіны ў Беларусі?
— Нялёгка падабраць аптымальнага амбасадара. Паглядзіце на гісторыю дыпляматычных адносін за 25 гадоў, і вы там пабачыце і пасьпяховыя рашэньні, і мякка кажучы, правальныя. Але кіраўнік дзяржавы павінен у бліжэйшы час прызначыць амбасадара, таму што гэта ненармальны, ненатуральны стан, калі ў суседняй дзяржаве так доўга адсутнічае амбасадар. Патрэбны не чалавек, «блізкі да двара», а, па-першае, кампэтэнтны, па-другое, адказны, па-трэцяе, высокакультурны чалавек, бо беларусы выразна адрозьніваюць збожжа ад пустазельля. Нельга было дасылаць, як гэта было раней, расейскамоўных, камунаарыентаваных людзей. Калі прыходзяць такога ўзроўню «дыпляматы», то потым гэтыя раны вельмі доўга загойваюцца. У Менск мае ехаць чалавек, якога ведаюць паводле яго папярэдняй працы, які інтэгруецца ў беларускую культурную прастору, чалавек, які будзе гаварыць на беларускай мове. Я яе ня вывучыў дасканала, але заўсёды лічыў, што так павінна быць. Трэба ўмацоўваць гуманітарныя адносіны, трэба быць кампэтэнтным у вельмі многіх галінах — гэта і энэргетыка, і мэталюргія, і машынабудаўніцтва, і сельская гаспадарка. Але перш за ўсё — вялікі гуманітарны складнік. Успомніце, якой магутнай у Эўропе была дзяржава пад назвай Вялікае Княства Літоўскае. Нам трэба часам вярнуцца да вытокаў, каб зразумець, куды мы будзем ісьці. Уласна, у гэтым трохкутніку — Украіна, Беларусь, Эўразьвяз — разьвязка вельмі многіх нашых праблем. Ёсьць яшчэ чацьвёрты кут — Расея, але той кут, хутчэй, для Беларусі тупік. І для Украіны, як жыцьцё паказала. А беларусы маюць быць больш актыўнымі ва Ўкраіне. Я б з задавальненьнем хадзіў на беларускія імпрэзы, на беларускія канцэрты, на цікавыя тэатральныя пастаноўкі, на выставы мастацкіх твораў, на кніжныя кірмашы. Так мала гэтага. А ёсьць вялізныя магчымасьці.