«Будзе чыстка. У бюджэце няма грошай, каб фінансаваць такі вялікі дзяржапарат»

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Глод

Глод: Аляксандар Лукашэнка ўчора, прымаючы кіраўніка сваёй адміністрацыі Аляксандра Косінца, чарговым разам зьвярнуўся да тэмы аптымізацыі дзяржаўнага апарату. Спадар Косінец публічна заявіў, што гэты працэс пачнецца 1 студзеня 2017 году. Ён закране тры ўзроўні дзяржапарату: першы — урад, міністэрствы і ведамствы; другі — абласныя, раённыя і гарадзкія выканаўчыя камітэты; трэці — кантрольныя органы і сілавы блёк.

Адразу падумалася, што апарат пералічаных структураў будзе істотна скарочаны. Аднак рэформа, паводле плянаў Аляксандра Косінца, выглядае зусім іншай. Кіраўнік адміністрацыі заявіў, што ніхто ня будзе выведзены кудысьці за арбіту дзейнасьці. Усім дадуць працоўныя месцы. Ніхто ня будзе пакрыўджаны. Усе будуць мець дастаткова добрую працу, а дзяржаўныя служачыя з падвоенай энэргіяй будуць выконваць пастаўленыя задачы. «Будуць забясьпечаны матывацыя, прэстыж службы, што дасьць эфэктыўны вынік для будаўніцтва моцнай і квітнеючай Беларусі», — рэзюмаваў спадар Косінец.

Выходзіць, што чыноўнікаў крыўдзіць ня будуць, усім дадуць працу. Экспэрты лічаць, што пад выглядам рэформаў пэўную колькасьць дзяржслужачых перавядуць у найманыя работнікі. Фактычна колькасьць работнікаў можа і не зьмяніцца, проста яны памяняюць свой статус. Чыноўнік пераходзіць са сваёй пасады ў апараце ведамства ці міністэрства на высокую пасаду на дзяржпрадпрыемстве або ў ніжэйшыя дзяржструктуры. Пад аптымізацыю запішуць і скарачэньне «пустых месцаў»: у выканкаме ці міністэрстве былі незанятыя пасады, якія фармальна скарацілі, але колькасьць людзей не зьмянілася.

Заробак беларускага чыноўніка вышэйшы за сярэдні па краіне на 24%

Так было падчас папярэдніх дзьвюх аптымізацыяў. Так, у 2013 годзе шырока заяўлялі, што колькасьць дзяржаўных службоўцаў скароціцца на 25%, то бок апарат скароцяць на аднаго з кожных чатырох чыноўнікаў. Аднак афіцыйная статыстыка сьведчыць зусім пра іншае — пакуль скарочаны толькі адзін на кожныя 60 супрацоўнікаў дзяржаўных органаў. Такія дадзеныя знаходзяцца ў статыстычным зборніку «Праца і занятасьць у Рэспубліцы Беларусь».

Але ж утрымліваць чыноўнікаў — справа дарагая. Іх заробак вышэйшы за сярэдні па краіне на 24%. А да гэтага трэба дадаць і іншыя бонусы. Тады, паводле Белстату, утрыманьне аднаго дзяржслужачага каштуе бюджэту 15 мільёнаў 600 тысяч недэнамінаваных рублёў штомесяц. Кошт чалавека-гадзіны чыноўніка складае 100 тысяч рублёў, тады як у сярэднім па краіне гэты паказьнік — 57 400 рублёў. Выдаткі на чыноўнікаў перавышаюць выдаткі ва ўсіх іншых сфэрах. Напрыклад, у фінансавай сыстэме заробкі вышэйшыя, чым у сфэры кіраваньня. Але нават там утрымліваць супрацоўніка таньней.

Карацей, істотных зьменаў раней не адбылося, але Аляксандар Лукашэнка набраў у вачах народу дадатковыя ачкі. Маўляў, глядзіце, як ён абараняе народ ад чыноўнікаў, якія нічога ня робяць, а толькі атрымліваюць вялікія грошы.

Тыя ж экспэрты кажуць, што замест аптымізацыі трэба праводзіць рэформу дзяржаўнага апарату. А для гэтага спачатку трэба пераглядаць функцыі, якія выконваюць міністэрствы і ведамствы, і толькі потым глядзець, якая колькасьць супрацоўнікаў неабходная для выкананьня пастаўленых задач і функцый. Чаму ж, калегі, улады праводзяць аптымізацыю, пачынаючы, як кажуць, не з таго канца?

Грузьдзіловіч: Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба як мінімум працаваць у Адміністрацыі прэзыдэнта. Вось пайшлі размовы пра тое, што ў адміністрацыі можа зьявіцца новы кіраўнік. Прызавуць з Масквы Сідорскага. Магчыма, прэтэнзіі да Косінца на гэтай глебе і ўзьніклі, што ён вырашыў замахнуцца на самае сьвятое — на намэнклятуру, і пакрысе скараціць гэтых людзей. Але калі паглядзець на 22 гады гісторыі Беларусі, пакуль кіруе ёй Аляксандар Лукашэнка, мы бачым цалкам рэстаўрацыю асноўных канструкцыяў савецкай сыстэмы. А яна была змантажаваная Сталіным, у якога быў асноўны прынцып: «кадры вырашаюць усё». Знайдзі патрэбнага чалавека, пастаў яго на пэўнае месца, зматывуй — ён вырашыць усё, што трэба.

Гэта будзе чарговая чыстка пад выглядам удасканаленьня апарату

Але што адбылося? У Савецкім Саюзе гэты прынцып дзейнічаў, пакуль былі масавыя рэпрэсіі, пакуль чыноўнікі былі ў такім жа стане, як і простыя людзі. Іх таксама маглі арыштаваць, адправіць у ГУЛАГ, нават расстраляць. Калі гэтага ня стала, чыноўнікі пачалі сыцець. Вынікам стала кадравае балота, якое прывяло да застою, а ўрэшце Саюз наагул распаўся.

Рэпрэсіі — гэта неабходны чыньнік эфэктыўнай працы апарату сталінскай мадэлі. Калі іх няма, то чым яго замяніць? Беларусь — маленькая краіна, тут ня будзеш асабліва перакідваць гэтых чыноўнікаў з аднаго месца ў другое. Адзіны варыянт у такіх умовах — зрабіць чарговую чыстку пад выглядам удасканаленьня апарату, пры якой частку людзей будуць выводзіць па-за штат ці на нейкія дамовы, рабіць гнуткую сыстэму, пры якой чыноўніку будзе пагражаць паніжэньне. Вось у гэтым сэнс чарговай рэформы, якую абвясьціў спадар Косінец.

Яна будзе няўдалай. Пагаджуся з Уладзімерам Глодам, што безь перагляду функцый і патрэб чыноўнікаў, штату нічога ня зьменіцца. А ініцыятыва Косінца — гэта чарговы спосаб адміністратыўнымі захадамі вырашыць гэтую кадравую праблему, а па вялікім рахунку — дапамагчы гэтаму палітычна і эканамічна збанкрутаванаму рэжыму яшчэ крыху пратрымацца на паверхні.

Карбалевіч: Думаю, што кіраўнік дзяржавы з кіраўніком сваёй адміністрацыі сустракаюцца часта. Але вось толькі гэтым разам сустрэчу выцягнулі ў публічную сфэру. Чаго раптам?

Хацеў бы заўважыць, што цікавыя нюансы падчас сустрэчы Лукашэнкі з Косінцам. Найперш, Лукашэнка выказаў незадавальненьне працай Косінца па кадравых пытаньнях. Можа, сапраўды чуткі пра зьяўленьне на гэтай пасадзе Сідорскага маюць падставы.

У бюджэце няма грошай, каб фінансаваць такі вялікі дзяржапарат

Па-другое, высьветлілася, што «па гаспадарчых суб’ектах, вызначальных прадпрыемствах фактычна няма кіраўнікоў не адзін дзень і не адзін тыдзень». То бок людзі ня хочуць ісьці працаваць дырэктарамі дзяржпрадпрыемстваў. Бо крызіс, і да таго ж на гэтай пасадзе лёгка трапіць у турму. Кадравы голад, кадравы крызіс.

Па-трэцяе, Лукашэнка чакае ад чыноўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта нейкіх новых ідэй. Можна зразумець так, што тыя ідэі, якія яму прапануе ўрад, а менавіта — ладзіць эканамічныя рэформы, яму не падабаюцца. Пра гэта Лукашэнка казаў месяц таму, выступаючы ў Нацыянальным сходзе. І ён шукае такіх чароўных ідэй, якія б дазволілі ўратаваць сытуацыю ў краіне без рэформаў. Усё той жа спадзеў на цуд, на халяву.

І наконт чарговага скарачэньня дзяржапарату, якое тут хаваецца пад прыгожым словам «аптымізацыя». Думаю, прычына новых крокаў па гэтым шляху банальная: у бюджэце няма грошай, каб фінансаваць такі вялікі дзяржапарат. Вось і шукаюць выйсьця. За аптымізацыяй дзяржапарату хаваецца спроба аптымізацыі бюджэту. А заява Косінца, што ніхто ня будзе пакрыўджаны — гэта, як кажуць, добрая міна пры дрэннай гульні.