Сон Айчыны і бяссоньне нацыяналіста: акудовішчнае

Валянцін Акудовіч са сваёй новай кнігай.

Што можа быць самае страшнае для чалавека, які сьпіць?

Прачнуцца ў сваёй труне — скажа аматар жахаў.

Прачнуцца ў далёкай будучыні, дзе цябе ніхто ня ведае, а ты нікога не разумееш — запярэчыць яму футуроляг-снавідца.

Не, гэта калі цябе разбудзяць сярод вельмі прыемнага сну — адкажа аматар добра храпануць. А ў такім выпадку самае лепшае, што можа здарыцца з чалавекам, які сьпіць — гэта прачнуцца там, дзе табе ўтульна і прыемна, напрыклад, у Сваёй Краіне. Тут табе ўсё знаёма і зручна, усе размаўляюць на тваёй мове, разумеюць цябе з паўслова і пазнаюць здалёк. Любата! Блакітная мара любога сьвядомага беларуса! Але яна такая ж недасяжная, як пабудова камунізму ў асобна ўзятай краіне ці Нябеснага Ерусаліму ў адмыслова выбраным мястэчку.

Разьбіла гэтую мару белнацыяналістаў рэальнае жыцьцё Беларусі апошніх 20 гадоў, а паставіў «дыягназ» і нават прымроіў паліятыўнае «лячэньне» літаратар з «мэтафізычным профілем» Валянцін Акудовіч. «Код адсутнасьці» і «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» — найбольш важкія з ягоных «цаглін» у муры саркафагу беларускай ідэі.

Нягледзячы на тое, што акудовічаў «дыягназ» даволі суровы і далёка не ўсе (асабліва ў замежжы) падзяляюць ягоныя высновы, спрачацца зь ім ахвочых мала. Можа таму, што спрачацца з бажаволкамі і філёзафамі лічыцца заняткам марным, а мо таму, што аўтар «Коду адсутнасьці» і «Прачнуцца ранкам...» часам «зьнікае», і ня ў тым сэнсе, што «яго няма» (як ён сам канстатуе сваё тут-быцьцё), а ў тым, што ягоныя думкі і высновы сягаюць так далёка, што становяцца недасяжнымі для банальных аргумэнтаў і крытычных стрэлаў.

Нашы развагі звычайна разгортваюцца ў плашчыні бачнага і знаёма-датыкальнага, а ягоныя амаль заўсёды «правальваюцца» ў мэтафізычны нябыт, дзе простаму чалавеку гэтак жа няўтульна, як голаму беларусу ў адкрытым космасе. Хоць папраўдзе кажучы, сапраўднаму беларусу няўтульна ўсюды — і дзе ён ёсьць, і дзе яго няма, то бок і ў Айчыне, і на чужыне. Хіба што, схаваўшыся ноччу з галавой пад коўдру, ён можа адчуць часовае супакаеньне, альбо ў сьне — прымроіўшы, што прачнуўся нарэшце ў Сваёй Краіне. Але Свая Краіна — ідэальная Беларусь — такое ж Нішто і Нідзе, як і «небыцьцё» ў Акудовіча. На зямлі яе яшчэ не было, а калі верыць аўтару, то і быць ня можа.

Пэсымізм Акудовіча адносна монаэтнічнай, аднамоўнай ці «нацыяналістычнай» Беларусі даволі пераканаўчы і ўгрунтаваны ў тутэйшую гісторыю ды сучаснасьць. Калі такой Краіна ніколі не было раней, то малаверагодна, што калісь ужо й будзе — лёгіка нібыта жалезная. Але як сапраўдны філёзаф, ён пакідае шчыліну-надзею — мо не ідэальная, але нейкая іншая Беларусь усё ж будзе...

А якое месца ў ёй зойме сама беларушчына — цэнтральна-палеглае, маргінальнае ці толькі дэкаратыўнае? Пакуль невядома. Адылі і тут Акудовіч — нацыянал-пэсыміст, хаця з настальгіяй ставіцца да адраджэнскага рамантызму 90-х (хіба ж і сам не перахварэў на яго?).

Насамрэч, гісторыя не завершаная, нацыятворчыя працэсы працягваюцца, і многае пакуль залежыць ад саміх беларусаў. Тым больш, што ёсьць адна някепская навіна, пра якую Акудовіч ня згадвае.

Справядліва аддаючы даніну амбівалентнасьці (т.зв. «шызафрэнічнасьці») традыцыйнага беларуса, аўтар не заўважае падобныя тэндэнцыі і ў навакольным сьвеце. Акрамя відавочнай і добра «абсмактанай» глябалізацыі, уніфікацыі сьвету, перамогі масавага над элітарным, рацыянальнага над інтуітыўным, нарастае і супрацьлеглы рух — памкненьне да самаідэнтыфікацыі, захаваньня сваёй адметнасьці, пошукаў «родавых» знакаў або «генэтычных» стыгмаў, якія б аддзялялі «мяне ад іншых» ці, прынамсі, баранілі «ад чужых».

Любы прагрэс — працэс амбівалентны, дзеяньне спараджае супрацьдзеяньне: павялічэньне творчых і вытворчых магчымасьцяў — адпаведны рост самазьнішчальных і дэструктыўных памкненьняў, павелічэньне ўзроўняў свабоды — паралельнае нарастаньне спосабаў кантролю і зьняволеньня, або ў хрысьціянскай тэрміналёгіі — прырост «дабротаў» множыць «сілы зла». Вось і актывізацыя сэпаратызму ды нацыянальных рухаў апошніх гадоў — ня просты «рэнэсанс» эўрапейскага нацыяналізму, а рэакцыя на глябалізацыю, «выбух камунікацыі» ды чарговае «перасяленьне народаў».

Аб’ектыўна ў глябальным акіяне інфармацыі, міграцыі і татальных тэхналёгій простаму (кансэрватыўнаму па сваёй прыродзе) чалавеку каб выжыць, патрэбны нейкія абмежаваньні, арыенціры, указальнікі, якія б не парывалі зусім са старымі звычаямі, але ўлічвалі б постіндустрыяльныя тэндэнцыі. Сёньняшняя «эпоха апакаліпсісаў» і ёсьць тым часам, калі пераглядаюцца традыцыйныя каштоўнасьці і ўзьнікаюць новыя сакральныя сымбалі, адпаведныя гістарычным выклікам. Нацыянальныя стыгматы, сярод іншых і адносна новыя (ім 150-200 гадоў), добра зразумелыя для большасьці, а таму маюць някепскія шанцы захаваць актуальнасьць у бліжэйшай пэрспэктыве. І тут беларусы не «тармазнутыя рэтраграды», а ледзь не ў цэнтры цывілізацыйнага мэйнстрыму, сярод іншых маладых ды амбітных народаў.

Справа за «малым» — каб наша культура, мова і беларускае мысьленьне ў прыватнасьці здолелі адэкватна зрэагаваць на рэальнае жыцьцё, стварыць свае парадыгмы ці нават тэхналёгіі выжываньня ў гэты пераломны час. І калі пашанцуе, то ўсё можа быць, і высілкі сп. Акудовіча ды іншых інтэлектуалаў ня пойдуць на глум. А Беларусь будзе не часова «нічыйнай» тэрыторыяй на цывілізацыйным памежжы ці посткамуністычным палітычным фантомам, ці прыхамацьцю аднаго маніякальнага ўладалюбцы, а самадастатковым дзяржаўным суб’ектам, формаю жыцьця і волі тутэйшай супольнасьці.

Шчыра сказаць, я не нашмат большы аптыміст, чым Валянцін Акудовіч, і таксама лічу, што добры патэнцыял зусім не гарантуе яго рэалізацыю. Хутчэй наадварот, дасягае большага той, хто быў у ценю, не выхваляўся «патэнцыямі», а ціха йшоў ці нават поўз да свае мэты. І таму па старой беларускай звычцы лічу, што лепш недахваліць, чым перахваліць, лепш не дасказаць, а толькі падумаць ды... зрабіць. У дачыненьні да выбранага жанру — публіцыстычнага абмену думкамі — лепш добра падкалоць, чым кепска падхваліць. Вось і мне пасьля чытаньня кніг і сустрэч з Акудовічам ягоны партрэт на фоне сацыяльна-мысьлёвага ляндшафту бачыцца такім: на Беларусі ён —

самы рамантычны пэсыміст, самы радыкальны рэаліст, самы прасунуты фаталіст, самы заклапочаны пафігіст, самы анамальны лукашыст, самы назіральны нацыяналіст і самы... безнадзейны беларус.

Прачытаўшы апошняе, нехта скажа: «Это же чудовищно!» А я ж скажу больш: гэта — акудовішчна! То бок — а куды ж ад гэтага дзецца? Яно і колка і ёлка, і жахліва і справядліва, і парадаксальна і прадказальна. Адным словам, відовішча не для слабых ды летуценных, а сталых і задуменных.

І пра самае галоўнае. Пра сон. Калі Айчына сьпіць, а сьпіць яна больш як 20 гадоў, ня сьпіцца толькі вэтэрану. Вэтэрану Адраджэньня і партызану першай прайгранай вайны за ідэальную Беларусь. І добра што ня сьпіцца! Бо калі ня сьпіцца, то думаецца, а думаецца рознае. Напрыклад, хай Яна пакуль пасьпіць, а мы тым часам мусім нешта зрабіць, каб лепш падрыхтавацца да раніцы. Каб прачнуўшыся, Айчына зьдзівілася — а дзе я і што тут здарылася «нібыта ў сьне»? Бо насамрэч, сон — таксама праца, не відавочная і не заўсёды зразумелая, але часам вызначальная.

Вось і Акудовіч — адзін з тых майстроў і знахароў таго «нацыяльнага сну», хто робіць сваю работу някідка, няхутка, але грунтоўна. Як і мусіць сапраўдны мэтафізык, хай і заве ён сябе толькі літаратарам. Калі ж вы мне ня верыце, то чытайце — «Код адсутнасьці» і «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне».