«Магілу Цішкі Гартнага не забываюць», — дэпутатка Алена Анісім

У дзень памінаньня продкаў, у Дзьмітраўскую суботу, магілёўскія актывісты Таварыства беларускай мовы наведалі магілу загінулага ў час сталінскіх рэпрэсіяў пісьменьніка і палітыка Цішкі Гартнага. Упершыню на ёй пабывала і намесьніца старшыні Таварыства, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Рупліўцы беларушчыны згадалі жыцьцё Цішкі Гартнага, памянулі свіх продкаў. Прыбралі пляцоўку вакол памятнага знака пісьменьніку.

Памятны знак на сымбалічнай магіле Цішкі Гартнага



«Цешыць тое, што магілу Цішкі Гартнага не забываюць. Не афішуючы, наведваюць яе, ускладаюць кветкі. Гэта радуе», — сказала Свабодзе Алена Анісім.

«Існуе такая думка, што беларусы такія бяспамятныя людзі, але дбаньне пра месца, дзе пахаваны Цішка Гартны, абвяргаюць такія думкі, — працягнула яна. — Беларусы шукаюць свае карані і не забываць сваіх продкаў. Тое, што людзі ведаюць пра гэтую магілу і без прынукі прыходзяць на яе, сьведчыць, што ім гэта трэба і важна».

Алена Анісім



Месца пахаваньня Зьмітра Жылуновіча, больш вядомага пад псэўданімам Цішка Гартны, у Магілёве на ўскрайку Пячэрскага лесапарку — сымбалічнае. Непадалёк магілёўская вар’ятня, у якой абарваўся жыцьцёвы шлях пісьменьніка. Паводле афіцыйнай вэрсіі ён скончыў жыцьцё самагубствам. У вар’ятню Зьміцер Жылуновіч патрапіў пасьля засьценкаў НКВД.

Мясьціну, дзе пахавалі Зьмітра Жылуновіча, адшукаў старшыня магілёўскага аддзяленьня таварыства «Мартыралёг Беларусі» магілёўскі актор Валянцін Ермаловіч. Былая мэдсястра лякарні паказала яму брацкую магілу, у якой мог быць закапаны пісьменьнік. У 1989 годзе на ёй актывісты адраджэнскіх арганізацыяў гораду ўсталявалі памятны знак.

Апошнія гады прыглядае за гэтым знакам і пляцоўкай вакол яго пэнсіянэрка Аляксандра Падалінская. Яна сябра ТБМ. Жыве непадалёк. Аляксандра Рыгораўна пераказвае аповеды старэйшых за сябе людзей пра таямнічыя пахаваньні ў сталінскія 1930-я гады. Потым, кажа яна, у гэтых мясьцінах ужо фашысты хавалі расстраляных.

У кастрычніку 1918 году беларускага пісьменьніка прынялі ў камуністычную партыі бальшавікоў. 1 студзеня 1919 году ён ачоліў першы савецкі ўрад Беларусі, які кантраляваўся расейскімі бальшавікамі. У 1930 годзе Зьмітра Жылуновіча выключылі з партыі з фармулёўкай «за сувязь з <...> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі». У 1936 годзе яго арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псыхічна хворым і зьмясьцілі ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню.