Маршрут падарожжа наступны: Менск — Ліда — Мураванка — Жалудок — Навагрудак — Мір — Менск. Удзельнікі падарожжа наведаюць славуты замак Гедыміна ў Лідзе, старажытны храм абарончага тыпу ў Мураванцы, палац Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку, рэшткі вялікакняжацкай рэзыдэнцыі ў Навагрудку, а таксама пабачаць Мірскі замак.
Як паведаміў Свабодзе лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан, мэта арганізацыі — запрасiць у вандроўку тых, у каго празь фінансавыя цяжкасьці няма магчымасьцi паехаць туды за грошы, а таксама тых, хто яшчэ не бываў у такiх мясьцiнах і таму думае, што ў Беларусi бракуе цікавых гiстарычных славутасьцяў.
«Вандроўку мы аплочваем самі, сябры нашай арганізацыі. Ніякага камэрцыйнага складніку няма. Вандроўка будзе вельмі цікавай, мы будзем расказваць пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, наведаем знакавыя мясьціны. Я ўпэўнены, што яна натхніць людзей. Вельмі пажадана, каб з намі паехалі тыя, хто раней ня езьдзіў у такія вандроўкі і ня мае такой магчымасьці. Чаму мы вырашылі арганізаваць падарожжа? Можа, для таго, каб троху разагнаць пэсымістычны настрой і падняць узровень цікавасьці як да беларускай гісторыі, так і да таго, што адбываецца цяпер. Увогуле, мы будзем рабіць акцэнт на велічнасьці гісторыі ВКЛ, казаць, што нам ёсьць чым ганарыцца. А таксама паразважаем, што трэба рабіць, каб захаваць помнікі архітэктуры».
У вандроўку змогуць паехаць 55 чалавек. Падрабязная інфармацыя пра ўдзел тут.