МТЗ адкрыў зборачную вытворчасьць у Кіргізстане

Ілюстрацыйнае фота. Застаўленая трактарамі тэрыторыя Менскага трактарнага заводу, МТЗ

Беларусь і Кіргізстан аднавілі зборку трактароў у Бішкеку — цяпер у сталіцы Кіргізстану на даччыным заводзе «Киргизавтамаша» (уваходзіць у расейскі холдынг «Композит-групп») маюць вырабляцца трактары «Беларус», піша БЕЛТА.

На цырымоніі адкрыцьця прысутнічаў прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў і ягоны кіргіскі калега Сааранбай Жээнбекаў .

Кіргізстан плянуе зьбіраць да 5000 трактароў за год, у першыя гады — да 1000 адзінак тэхнікі (колькі вырабіла МТЗ у Беларусі за мінулы год, не абвяшчалася, але на экспарт пайшло 27 500 адзінак тэхнікі, яшчэ 3,7 тысячы засталося на складах). Зборка ў Бішкеку будзе ажыцьцяўляцца на вытворчых плошчах 2000 м², тады як у Менску плошча вытворчых памяшканьняў МТЗ — 800 000 м².

Трактары маюць пастаўляцца на ўнутраны рынак, прапрацоўваецца магчымасьць экспарту ў Кітай і Туркмэністан. Схема пастаўкі машынакамплектаў у Кіргізстан такая, што дазволіць рэалізоўваць прадукцыю карыстальнікам без падатку на дабаўленую вартасьць. Паводле Жээнбэкава, кіргіскія сяляне і фэрмэры ўжо добра знаёмыя зь беларускай тэхнікай.

Гэта не адзіная замежная вытворчасьць прадукцыі МТЗ: на канец 2015 году ліцэнзійная зборка тэхнікі беларускай маркі была наладжаная ў 14 краінах на 29 прадпрыемствах. У ліку зборшчыкаў «Беларусаў» Расея, Украіна, Літва, Грузія, Казахстан, Пакістан, Эгіпет, Вэнэсуэла і іншыя.

У Беларусі ж МТЗ, як і іншыя «прамысловыя гіганты», звальняе супрацоўнікаў. За апошні год МТЗ страціў 690 чалавек, альбо 3,9% работнікаў ад іх колькасьці ў 2015 годзе; за апошнія 5 гадоў завод звольніў 31% работнікаў.