Ужо сёньня, 2 лістапада: Дзяды

Шэсьце ў Курапаты напярэдадні Дзядоў.

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дзяды – старадаўняя рэлігійна-народная традыцыя прыгадваньня продкаў; у гэты дзень наведваюць магілы продкаў і памінаюць іх за сямейным сталом. У апошнія дзесяцігодзьдзі дэмакратычная грамадзкасьць на Дзяды ўшаноўвае ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, выбітных змагароў за свабоду Беларусі. У першай палове 1990-ых у Беларусі Дзяды адзначаліся як дзяржаўнае сьвята.

Менск — адкрыцьцё юбілейнай выставы Сьвятланы Кастрыцы «Прастора і сьвятло». Мастацкая галерэя «Унівэрсытэт культуры» (пл. Кастрычніцкая,1). Пачатак а 17-ай.

Менск — пасяджэньне экспэртнага клюбу на тэму «Што можа даць грамадзянам Беларусі далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу?». Офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі (вул. Харужай, 22), пачатак а 14-ай.

Прага — ушанаваньне памяці прэзыдэнтаў БНР Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі, а таксама знакамітага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага на Альшанскіх могілках. Пачатак а 12-ай.

У гісторыі:

1648 — упершыню ў Рэчы Паспалітай быў учынены габрэйскі пагром. Здарылася гэта на ўкраінскіх землях, а загадаў зрабіць пагром Багдан Хмяльніцкі. Ягоны загад абярнуўся сапраўднай трагедыяй. За адзін дзень казакі забілі больш за 12 тысяч габрэяў.

1939 — на пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету СССР у Маскве быў прыняты закон пра ўлучэньне Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюзу і ўваходжаньне яе ў Беларускую ССР.

1943 — пачалася дэпартацыя карачаеўцаў у Сібір і Сярэднюю Азію.

1967 — у Менску быў адкрыты Дзяржаўны музэй Беларусі. На сёньня гэта — найбуйнейшая беларуская скарбніца духоўных і матэрыяльных здабыткаў культуры, што мае назву «Нацыянальны музэй гісторыі й культуры Беларусі».

1993 — палата лордаў брытанскага парлямэнту прыняла рашэньня пасьвячаць жанчын у духоўны сан.

2002 — ва ўрочышчы Курапаты ўсталяваны крыж-капліца з абразом Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных аўтарства Аляксея Марачкіна.

У гэты дзень нарадзіліся:

1699 — Жан Батыст Шардэн, славуты францускі жывапісец. Менавіта Шардэн стаў пачынальнікам рэалізму ў францускім мастацтве.

1755 — Марыя Антуанэта, француская каралева, жонка Людовіка XVI, пакараная сьмерцю на гільятыне ў 1793 годзе.

1836 — беларускі мастак і ўдзельнік паўстаньня Каліноўскага Міхал Андрыёлі.

1869 — Язэп Стаброўскі, археоляг, краязнаўца, філёзаф, вынаходнік. Заснавальнік аднаго з старэйшых у Беларусі Слонімскага краязнаўчага музэю.

1906 — Зьміцер Бяляцкі, беларускі мэдык і навуковец, дзяржаўны дзяяч.

1909 — Максім Лужанін, беларускі паэт, перакладчык які быў сакратаром Якуба Коласа і напісаў кнігу «Колас расказвае пра сябе».

1913 — Мікалай Сірата, беларускі фізык, акадэмік.

1930 — паэт і дзяяч беларускай супольнасьці ў Польшчы Алесь Баршчэўскі-Барскі.

У гэты дзень памерлі:

1895 — Жорж Шарль Дантэс, забойца расейскага паэта Аляксандра Пушкіна.

1950 — Бэрнард Шоў, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскага прэміі па літаратуры 1925 году.

1959 — Аляксандрар Орса, беларускі пэдагог, грамадзкі і палітычны дзяяч, міністар асьветы ва Ўрадзе БНР на эміграцыі, адзін з заснавальнікаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.

Цытата:

Суджана, стаўлена пад перакладзіны,
Сечана, палена, а не аддадзена,
Не парастрачана і не раскрадзена,
Рупна ў падмуркі на золку пакладзена
Роднае слова.

Максім Лужанін