Справа Шарамета: датычнасьць добраахвотнікаў да забойства сьледзтва не разглядае як асобную вэрсію

Першы намесьнік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Вадзім Траян заяўляе, што сьледзтва не разглядае ў якасьці асобнай вэрсіі датычнасьць добраахвотнікаў да забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета.

«Прычым тут добраахвотніцкія батальёны? Людзі (маюцца на ўвазе журналісты „Украінскай праўды“ — РС) зайшлі на судовы сайт, узялі там нейкія рашэньні, якіх было больш як 97 толькі на тым сайце, а яшчэ ёсьць іншыя. Яны ўзялі тры рашэньні, сказалі, што гэта добраахвотнікі, а яшчэ 97 чалавек чаму яны не паказалі? Ведаеце, гэта канкрэтна чалавек захацеў так напісаць або нехта папрасіў», — сказаў Вадзім Траян сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

У сваю чаргу кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хація Дэканаідзэ заклікала журналістаў да асабістай адказнасьці, калі гаворка ідзе пра падрабязнасьці справы пра забойства Паўла Шарамета:

«Я неаднаразова вас прасіла, каб вы разумелі ўсю адказнасьць, якая таксама на вас ляжыць адносна раскрыцьця справы Паўла Шарамета, справы годнасьці, б так сказала. Калі будзе нейкая новая інфармацыя, вядома, вы будзеце першыя, хто пра яе даведаецца».

«Разам з тым, ні ў якім выпадку не падумайце, што нехта спыніў працу на нейкім этапе. Не, нi ў якiм разе, бо такая вельмі маштабная справа цягне за сабой вельмі сур’ёзны комплексны падыход — гэта апытаць людзей, гэта зноў жа тэхнічная праца, апэратыўная праца. Пакуль, на жаль, навіны мы ня можам распавесьці, але што тычыцца працы — яна ні ў якім разе не спыніліся», — запэўніла Хація Дэканаідзэ.

У той жа час кіраўніца Нацыянальнай паліцыі пацьвердзіла, што зараз адкрытае асобнае крымінальнае расьсьледаваньне наконт праслухоўваньня журналістаў Інтэрнэт-выданьня «Украінская праўда».

«Быў адкрыты зварот, калі журналісты зьвярнуліся да Нацыянальнай паліцыі, каб рэальна праверыць дэталі. У мяне была асабістая сустрэча з рэдактарам „Украінскай праўды“, мы прагаварылі гэтую справу. Так што будзем расьсьледаваць і займацца», — падкрэсьліла яна.

20 кастрычніка Інтэрнэт-выданьне «Украінская праўда» апублікавала рэдакцыйны артыкул «Тры месяцы без Пал Героіча. Што вядома ў справе Шарамета». У артыкуле сярод іншага адзначалася, што сьледзтва ня вельмі верыць у расейскую вэрсію злачынства ды вывучае датычнасьць менавіта ўнутраных украінскіх выканаўцаў. У якасьці аргумэнтаў «Украінская праўда» выкарыстала некалькі рашэньняў Пячэрскага раённага суду Кіева, зь якіх сьледзтва атрымала доступ да дадзеных некалькіх мабільных нумароў апэратараў мабільнай сувязі «Кіеўстар», «МТС», «Lifecell», якія знаходзіліся ў трох населеных пунктах Данецкай вобласьці. «Сьледчыя прасілі суд дазволіць для маніторынгу абанэнтаў у гэтых мясцовасьцях ў розны пэрыяд часу. Адрасы ўказваюць на дысьлякацыю батальёну «Азоў», — адзначалася ў артыкуле «Украінскай праўды».

28 кастрычніка «Ўкраінская праўда» ў чарговым рэдакцыйным артыкуле «Вушы ўлады. Як сочаць за працай журналістаў УП» апублікавала дакумэнты, якія нібыта пацьвярджаюць факты праслухоўваньня супрацоўнікаў выданьня.