«Мы ніякіх указаньняў наконт зьнішчальнікаў не давалі і даваць не маглі. Гэта абсурд. У той жа час мы азнаёміліся з расшыфроўкай. Мы не прысутнічалі на перамовах, і я не магу расьпісвацца за „Украэрарух“. Цалкам магчыма, што спрацаваў чалавечы фактар, і гэта здагадка, чалавек перастараўся», — сказала Алена Гітлянская сёньня ў эфіры тэлеканалу «112».
Сёньня Міністэрства замежных справаў Украіны паведаміла, што «ўкраінскі бок з усёй сур’ёзнасьцю паставіўся да інцыдэнту» і цяпер ідзе яго расьсьледаваньне. Паводле сьпікера Міністэрства замежных справаў Украіны Мар’яны Бэцы, зьнешнепалітычнае ведамства зьвярнулася да ўкраінскіх кампэтэнтных органаў па тлумачэньне сытуацыі.«На ноту абавязкова мае быць адказ», — адзначыла яна.
Сёньня беларускія дзяржаўныя СМІ, у ліку якіх БЕЛТА і «Советская Белоруссия», апублікавалі, як сьцьвярджаецца, расшыфроўку размовы дыспэтчара «Кіеў-Радару» і пілёта «Боінга 737-800» рэйсу «Белавія» В-2-840, якому 21 кастрычніка ўкраінскі бок ня даў вярнуцца ў Беларусь, прымусіў разьвярнуцца ў Кіеў.
21 кастрычніка самалёт «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 па маршруце Жуляны (Кіеў) — Менск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету на патрабаваньне ўкраінскіх дыспэтчараў. «Белавія» заявіла, што з боку дыспэтчараў былі пагрозы ўзьняць у паветра зьнішчальнікі ў выпадку невыкананьня іх распараджэньня. На борце знаходзілася 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу.
Самалёт вярнулі ў Кіеў празь вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасьяна. Сам Мартырасьян увечары таго ж дня, пасьля праверкі супрацоўнікамі СБУ (паводле блогера, у яго шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі), вылецеў іншым рэйсам «Белавія» у Менск. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і абяцае зьвярнуцца з нагоды гэтага інцыдэнту ў суд.
Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала Ўкраіне ноту пратэсту з патрабаваньнем афіцыйнага выбачэньня і кампэнсацыі выдаткаў, да якіх прывялі дзеяньні ўкраінскіх уладаў. Беларускі бок сьцьвярджаў, што ўкраінскі бок пагражаў ужыць зьнішчальнікі супраць пасажырскага судна — надзвычайная рэч у міжнароднай практыцы.
Служба бясьпекі Ўкраіны: у перамовах з экіпажам самалёту «Белавія» дыспэтчар «перастараўся»
Прадстаўніца Службы бясьпекі Ўкраіны Алена Гітлянская заяўляе, што ва ўказаньнях спэцслужбаў пра вяртаньне самалёту «Белавія» ў кіеўскі аэрапорт ня ўзгадвалася пра магчымасьць выкарыстаньня зьнішчальнікаў.