У гэтыя восеньскія дні беларусы памінаюць продкаў. У каталікоў 1 лістапада — Дзень усіх сьвятых, 2 лістапада — Дзяды, у праваслаўных 5 лістапада — Зьмітраўская бацькоўская субота. Прыбіраюць магілы, ставяць сьвечкі, задумваюцца пра вечнае.
Колькі каштуе цяпер пахаваньне, ці можна ўкласьціся ў дапамогу, якую дзяржава выдзяляе ў выпадку сьмерці, на якіх могілках цяпер хаваюць у сталіцы, чаму пад пахаваньні даюць забалочаныя і гліністыя землі, як зьмяніліся пахавальныя традыцыі, высьвятляла Іна Студзінская.
Цяпер рэдка сустрэнеш у горадзе пахавальную працэсію: грузавую машыну з адкінутымі бартамі, засьцеленую дываном, на якім стаіць труна, елачкі па баках замянілі адмыслова абсталяваныя катафалкі. Родныя памерлага ўжо ня бегаюць у разгубленасьці па інстанцыях, зьбіраючы даведкі, шукаючы месца на могілках, дамаўляючыся, хто выкапае магілу, хто адвязе людзей на могілкі, арганізуе адпяваньне, памінальны стол — зьявіліся шматлікія спэцыяльныя агенцтвы, якія бяруць на сябе ўсе жалобныя клопаты.
Цана пытаньня — на любы гаманец
Дзяржаўная дапамога на пахаваньне роўная сярэдняй заработнай плаце ў краіне за пазамінулы адносна дня сьмерці месяц. У кастрычніку 2016 году памер стандартнай дапамогі на пахаваньне складаў 750 рублёў. А мінімальны кошт пахаваньня, у які прапануюць укласьціся КУП «Спэцкамбінат КБА» і некаторыя рытуальныя агенцтвы, пачынаецца ад 500 рублёў. Прычым агенцтвы прапануюць некалькі пакетаў паслуг, кшталту «Эканом», «Стандарт», «V.I.P.» Верхняй мяжы няма, бо рытуальныя крамы прапануюць, напрыклад, труны на любы густ, нават з каштоўных парод драўніны, з разьбой, сусальным золатам. Так і паведамляюць: «Цэны пачынаюцца ад 800 беларускіх рублёў (верхняй мяжы няма. Усё залежыць ад пажаданьняў кліента, складанасьці работ, матэрыялу і тэрмінаў вырабу)». Што да ўсіх астатніх паслуг, тут тое самае — выканаюць «любы капрыз» родных памерлага.
У Менску 24 могільнікі, хаваюць толькі на адным
У сельскай мясцовасьці прыстойна пахаваць чалавека праблемы амаль няма. Амаль за кожнай вёскай, звычайна на пагорку, месьцяцца вясковыя пагосты. Знайсьці прыстойнае месца для пахаваньня блізкага чалавека, каб і дабірацца было зручна, і глеба была падыходзячая, не балоцістая і ня гліністая — праблема вялікіх гарадоў. Так, у Менску 24 могільнікі, два мэмарыяльныя комплексы і адзін крэматорый. Але адкрытыя могілкі, дзе пакуль хаваюць, толькі адны — Заходнія. Некаторыя могілкі цалкам закрытыя для пахаваньняў, на некаторых можна толькі падхаваць урну з прахам, альбо, калі раней былі выкупленыя месцы, падхавацца, так бы мовіць, да памерлых сваякоў.
На менскіх могілках спачываюць каля 400 тысяч чалавек. Самыя вялікая — Паўночныя, там пахавана больш за 110 тысяч чалавек. На Чыжоўскіх могілках ляжыць 95 тысяч, на Калодзішчанскіх — 48 тысяч, на Кальварыйскіх — 37 тысяч, на Ўсходніх — амаль 33 тысячы.
Рэсурс сталічных Заходніх могілак — 2-2,5 года, месца пад новыя могілкі няма
Як паведаміў намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы спэцкамбінату КБА Сяргей Тур, рэсурс Заходніх могілках, дзе цяпер хаваюць менчукоў — два, максымум два з паловай гады, а дзе потым будуць хаваць, невядома:
«Зараз Менскі аблвыканкам разглядае розныя варыянты, дзе можа быць адведзены ўчастак зямлі пад новыя могілкі, але дзе — пакуль невядома. Летась прайшла інфармацыя, што зямля — амаль 82 гэктары — выдзелена ў раёне вёскі Казекава Юзуфоўскага сельсавета, была зроблена праектна-каштарысная дакумэнтацыя, зацьверджаная інфраструктура. Але запратэставалі мясцовыя жыхары і дачнікі і дамагліся — могілак там ня будзе. Так што пакуль невядома, дзе будуць хаваць менчукоў праз пару гадоў. У межах гораду месца для могілак няма».
На могілкі — у гумовых ботах
Але і з Заходнімі могілкамі вялікія праблемы: глеба там гліністая, увесну і ўвосень вялікія падтапленьні. Генадзь К. мінулай зімой пахаваў на Заходніх могілках бацьку:
«Хавалі бацьку ў сьнежні, месца далі ўнізе, глеба была мёрзлая. А вясной пачаліся падтапленьні; калі сьнег растаў, да магілы было не падысьці, ды і летам пасьля дажджу таксама. Едзем з маці на могілкі заўсёды ў гумовых ботах. А яшчэ няма рады ад кратоў — усе могілкі перарытыя.
Некалькі гадоў таму хавалі сябра на Калодзішчанскіх могілках, выкапалі магілу — там стаяла вада. Маці памерлага была ў шоку, галасіла, ледзьве ня кідалася ў тую яму. У мяне наагул такое ўражаньне, што чыноўнікі, якія выдзяляюць участкі пад могілкі, думаюць, што яны і іх блізкія будуць жыць вечна...»
Труны на балоце
Такая ж самая праблема і ў Берасьці. Гарадзкія могілкі «Плоска», што ў межах гораду, закрытыя. А Паўночныя могілкі, дзе цяпер хаваюць берасьцейцаў, знаходзяцца за горадам, каля вёскі Матыкалы:
«Разьмешчаны могілкі на сугліністых і гліністых глебах, там спрэс гліна. Магілы правальваюцца. Кажуць, што там моцная грунтовая плынь. У некаторых месцах людзей хаваюць проста ў ваду. Мы не адзін раз пісалі скаргі і звароты ў Берасьцейскія гарвыканкам і аблвыканкам. Атрымалі адпіскі, што ўсё там „у межах нормы, ідзе падсыпка пяску“. Але ніякай падсыпкі там ня робіцца. Калі хаваюць, робяць драўляныя насьцілы, па якіх можна дайсьці да магілы; крок улева, крок управа — гразь па калена. Пасьля дажджу дайсьці да магілы немагчыма. Людзі самі падсыпаюць грунт, камень, шчэбень пад магілы, але і гэта не дапамагае».
У Законе аб пахаваньні і пахавальнай справе ёсьць адмысловы 17-ты артыкул «Санітарныя, прыродаахоўныя і горадабудаўнічыя патрабаваньні да разьмяшчэньня месцаў пахаваньня». Але там спрэс агульныя фразы кшталту «Разьмяшчэньне і ўвод у эксплюатацыю месцаў пахаваньня, рэканструкцыя і добраўпарадкаваньне ажыцьцяўляюцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».
З тым, што праблема падтапленьня могілак існуе, пагаджаецца і намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы спэцкамбінату КБА Сяргей Тур:
«Тыя ж Заходнія могілкі падтапляюцца кожную восень і вясну. Калі адводзілі зямлю, ніхто не задумаўся, што там гліністая глеба. І бываюць пэрыяды, калі там немагчыма хаваць. Шукаем месцы на могілках у Міханавічах (хоць могілкі і закрытыя) і прапануем людзям там хаваць сваякоў».
«На Паўночных ці Ўсходніх могілках пахавацца простаму сьмяротнаму нерэальна»
Тое, што тыя ж Заходнія могілкі даволі далёка, што яны падтопліваюцца, прымушае людзей шукаць магчымасьці пахаваць сваіх блізкіх на Паўночных, Чыжоўскіх ды іншых менскіх гарадзкіх могілках. Калі ўсё ж такі чалавек гатовы заплаціць любыя грошы, каб яго сваяка пахавалі, напрыклад, на Паўночных могілках, ці магчыма гэта? Сяргей Тур адказвае адназначна:
«Гэта нерэальна. На Паўночных могілках месцаў няма, толькі для падхаваньня, альбо калі ёсьць зарэзэрваваны ўчастак зямлі, альбо калі сваякі знаходзяць месца каля магілы. Абавязкова выяжджае камісія для абсьледаваньня. Калі ёсьць магчымасьць, згодна з рашэньнем Менгарвыканкаму адзін квадратны мэтар рэзэрваваньня зямлі каштуе 30 базавых велічыняў.
На Ўсходніх і Паўночных могілках ёсьць адмысловыя ўчасткі, дзе хаваюць відных дзеячаў, славутасьцяў — толькі з дазволу Менгарвыканкаму».
«Цана пытаньня — ад тысячы даляраў за месца»
Але на тых жа закрытых для новых пахаваньняў Паўночных могілках ледзьве ня кожны дзень хаваюць людзей. Як распавёў Свабодзе чалавек, якому нядаўна давялося пахаваць блізкага на Паўночных могілках, гэта складана, але магчыма. Прычым удалося ня толькі пахаваць аднаго чалавека, але і зарэзэрваваць яшчэ месцы. Сама схема вельмі складаная, ніводзін дырэктар могілак нават размаўляць ня будзе. У кабінэтах — сыстэма відэаназіраньня. Але ўдалося выйсьці спачатку на аднаго шараговага чалавека, блізкага да другога, той накіраваў да трэцяга, потым да чацьвёртага, на могілках была складзеная часовая дамова, быццам бы ажыцьцяўляецца падхаваньне да сваяка, потым, пасьля перадачы грошай ужо восьмаму ці дзявятаму, — пастаянная дамова. Ланцужок быў складаны і доўгі. А цана пытаньня — 3 тысячы даляраў, то бок 1 тысяча даляраў за месца.
Новыя тэндэнцыі: абмежаваньні па вышыні агароджы і помніка, і ніякіх дрэў на могілках
У 2015 годзе ў Беларусі прынятая новая рэдакцыя Закону аб пахаваньні і пахавальнай справе. У ім канкрэтна прапісаныя патрабаваньні да добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня могілак, а таксама парадак абавязковай інвэнтарызацыі ўсіх могілак краіны.
Напрыклад, уводзяцца абмежаваньні па вышыні агароджы магілы і помніка: агароджа не павінна быць вышэйшай за 40 см, а помнік — за 180 см. Але калі больш высокія агароджы і помнікі ўжо ўсталяваныя — ніхто іх чапаць ня будзе. Спэцыяльныя арганізацыі павінны не радзей чым 1 раз на 2 гады праводзіць інвэнтарызацыю месцаў пахаваньняў. І першымі сталі Вайсковыя могілкі ў Менску. Дарэчы, на асобных магілах ужо зьявіліся адмысловыя папярэджаньні да сваякоў «Просім прывесьці ў належны стан пахаваньне, інакш прымем захады ў адпаведнасьці з заканадаўствам». З больш як сямі тысяч пахаваньняў 2030 прызналі пашкоджанымі.
Намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы УП «Спэцкамбінат КБА» Сяргей Тур запэўнівае:
«Ніводнае кінутае пахаваньне ня будзе зьнесена, перанесена, закінута. Будзе распрацаваны адзіны знак — падгалоўнік ці крыж, і тэрыторыя будзе добраўпарадкаваная. Помнікі ў добрым стане зносіць ня будуць, зьнясуць толькі разбураныя агароджы, крыжы, надмагільлі бяз надпісаў і недагледжаныя пахаваньні».
Да сьнежня 2016 году будзе праведзена інвэнтарызацыя Чыжоўскіх могілак.
Што да адвечнай праблемы старых могілак — небясьпечных вялікіх дрэў, то на новых могілках саджаць дрэвы забаронена, і прадугледжана гэта артыкулам 12 Закону аб пахаваньні і пахавальнай справе. Пасадка кустоў дазваляецца толькі пры ўзгадненьні з адміністрацыяй, тлумачыць Сяргей Тур. Сухастойныя і аварыйна небясьпечныя дрэвы на могілках сьпілоўваюцца бясплатна. Што да іншых дрэў, калі родныя хочуць іх зрэзаць, яны павінны зьвярнуцца да адміністрацыі могілак. Але калі да сьпілоўваньня прыцягваюцца прамысловыя альпіністы, грамадзяне самі аплачваюць іх працу. У залежнасьці ад складанасьці, сьпілоўваньне аднаго дрэва можа каштаваць да 1 тысячы рублёў.
На параўнальна новых могілках — Міханавіцкіх, Калодзішчанскіх, Паўночных — дрэваў няма, толькі нізкарослыя кусты.
Некалькі гадоў таму на Калодзішчанскіх могілках зьявіліся так званыя «газонныя пахаваньні», дзе замест помнікаў усталёўваюць невялічкія надмагільныя пліты. Яны карыстаюцца попытам, і ў наступным годзе газонныя пахаваньні зьявяцца на Заходніх могілках, паведаміў Сяргей Тур.
Народных традыцый прытрымліваюцца толькі ў вёсцы. У гарадах пра іх забыліся
Раней беларусы даволі строга прытрымліваліся народных традыцый пахаваньня. Прынята было хаваць нябожчыка на трэці дзень пасьля сьмерці, кажа этнограф Антаніна Хатэнка:
«Хавалі на трэція суткі, бо яшчэ трое сутак душа знаходзіцца ў хаце. І хаваць цела, калі душа яшчэ не ўсьвядоміла, што адбылося, і знаходзіцца з роднымі, было парушэньнем абрадавых канонаў, вялікім грахом. Цяпер ніхто гэтага не прытрымліваюцца, хаваюць на наступны дзень. Хоць абавязкова душа павінна разьвітацца са сваім домам, і хоць адну ноч нябожчык павінен пераначаваць у сваёй хаце. Цяпер, асабліва ў горадзе, ніхто не прытрымліваецца традыцый і ня ведае гэтага».
У гарадах родныя аддаюць перавагу рытуальным залям, і людзей можна зразумець, кажа Антаніна Хатэнка, бо малагабарытныя кватэры і цесныя пад’езды не прыстасаваныя для пахаваньняў. Часьцяком труну немагчыма вынесьці з кватэры, і нябожчыка па лесьвіцах выносяць на коўдры і кладуць у труну ўжо каля пад’езду.
І калі ў Менску, абласных цэнтрах гэтыя цырыманіяльныя залі выглядаюць больш-менш прыстойна, то ў бальшыні райцэнтраў гэта проста прыстасаваныя пакоі каля моргу раённага шпіталю.
Яшчэ адна спрэчная рэч — трызны, памінальныя сталы. І хоць царква заўсёды была супраць памінак з алькаголем, спрадвеку былі памінальныя чаркі, сьцьвярджае Антаніна Хатэнка.
«Заўсёды трэба было тры чаркі пусьціць кругам. Цяпер жа пахаваньні ператварыліся ў пышныя бяседы — спаборнічаюць сем’і, у каго стол быў больш багаты. Але заўсёды на трызьне павінны прысутнічаць памінальныя рытуальныя стравы. На жаль, даўно ўжо замест традыцыйнай беларускай ячменнай куцьці (менавіта яна гатавалася на ўсе памінальныя дні і нават на Каляды) сталі варыць рыс з разынкамі. Але павінна прысутнічаць энэргетыка зямлі праз расьліны, якія тут растуць! А рыс ніякага дачыненьня да нашай традыцыі ня мае. Куцьця мае быць абавязкова ячменнай. Ну і шмат чаго з рытуальных страў ужо не гатуюць, але куцьця па-ранейшаму пераходзіць з абраду ў абрад у памінальным цыкле».
Раней на пахаваньнях было толькі белае адзеньне. Белы — колер памяці
Яшчэ адна акалічнасьць, якую адзначаюць этнографы, — раней ніколі не хавалі нябожчыка ў чорным, і ўся пахавальная працэсія была ў белым, кажа Антаніна Хатэнка:
«Прабачце за не зусім карэктнае параўнаньне, але гэта як на вясельлі — ператрансфармацыя, пераход у іншы стан. Раней на пахаваньнях было толькі белае адзеньне. Белы — колер памяці. Жалобы чорнай у Беларусі не было — гэтая традыцыя прыйшла з Усходу, я думаю, што з Турцыі».
І яшчэ адна нетыповая для Беларусі зьява — тое, як зараз выглядаюць могілкі. Ніколі ў беларускай традыцыі не было такой стракатасьці і безгустоўнасьці, сьцьвярджае Антаніна Хатэнка. Ніколі не спаборнічалі ў вышыні і дарагоўлі помнікаў:
«Спрадвеку на магіле ставілі крыж. У Беларусі зьявілася мода на помнікі. Вось цяпер ставяць помнікі — дрэвы з абсечаным гальлём, людзі лічаць гэта своеасаблівым сымбалем. Але ў старадаўніх шляхецкіх радоў была традыцыя ставіць такі помнік, калі род заканчваўся. На магіле апошняга прадстаўніка зьяўляўся такі помнік. А цяпер гэта проста мода».
Раней не было аголеных пагостаў, бяз дрэў, заўсёды могілкі знаходзіліся на ўзвышшы, на гары. І абавязкова побач быў лес — як ахоўнік, кажа Антаніна Хатэнка. Што да стракатасьці ў колерах штучных кветак, букетаў, вянкоў, гэта справа густу. Але кветкі на могілках спрадвеку ставілі штучныя, сьцьвярджае этнограф:
«На могілкі раней не насілі жывых кветак і не садзілі іх, гэта пачалося пазьней. Раней і не было плястыкавых кветак — выраблялі сваімі рукамі папяровыя, саламяныя. Не было ў традыцыі жывых кветак. Менавіта нежывое адпавядала самой зьяве — пераходу чалавека ў іншы сьвет. Штучныя кветкі, гірлянды, вянкі ішлі адтуль. А вось ужо безгустоўшчына, „кіслотныя колеры“ штучных кветак, якія ў народзе называюць «вырві вока» — гэта ўжо іншая справа.
Кажуць, нацыю можна пазнаць па могілках. Што мы бачым на беларускіх могілках? Паўсюль расейская мова і штампаваныя выразы кшталту „Помним, любим, скорбим“. Гэта таксама паказьнік, на жаль», — скрушна канстатуе Антаніна Хатэнка.