Заяўку на правядзеньне акцыі памяці слуцкіх паўстанцаў падпісалі намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, кіраўнік слуцкай арганізацыі партыі Віталь Амяльковіч і кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Як паведаміў Віталь Амяльковіч, мітынг і невялікае шэсьце павінны адбыцца ў Слуцку 26 лістапада. Збор удзельнікаў заплянаваны каля кінатэатра «Беларусь» на вуліцы Леніна ў 14-30. Згодна з пададзеным плянам, адсюль удзельнікі шэсьця калёнай накіруюцца ў гарадзкі парк да помніка Тарасу Шаўчэнку.
— Рашэньнем Слуцкага райвыканкаму для грамадзкіх недзяржаўных масавых мерапрыемстваў дазволены толькі 2 месцы — стадыён і парк, — кажа Віталь Амяльковіч. — Летась мы праводзілі мерапрыемства на пляцоўцы ў цэнтры парку, але цяпер на тым месцы пабудавалі фантан. Пляцоўка ля помніка Тарасу Шаўчэнку, на мой погляд, найбольш зручная для мітынгу.
У адрозьненьне ад мінулага году, сёлета арганізатары павысілі заплянаваную колькасьць удзельнікаў да 200 чалавек.
Чамусьці вакол гэтай гістарычнай падзеі ў Слуцку пануе таямнічасьць, — гаворыць Сяргей Долбік, інжынэр на прыватным прадпрыемстве, жыхар Слуцку. — Я асабіста даведаўся пра Слуцкі збройны чын нядаўна, калі пачаў чытаць незалежную прэсу. Сярэднюю школу скончыў у 1990 годзе са старымі прарасейскімі школьнымі падручнікамі, дзе яшчэ не было нацыянальнай гісторыі. Цяпер нацыянальная гісторыя ў падручніках зноў згарнулася. Магчыма, з боку кіраўніцтва Слуцкае паўстаньне падаецца нашым суайчыньнікам як нейкі сучасны апазыцыйны «майдан» пад бела-чырвона-белымі сьцягам, які ня мае дачыненьня да гісторыі гораду. Назіраў, як мінакі спалохана ўцякалі, калі журналісты спрабавалі ў іх высьветліць, што ведаюць пра гэтую гістарычную падзею. Было і сьмешна, і сумна.
Пасьля атрыманьня дазволу на правядзеньне акцыі актывісты праз адмысловыя запрашэньні плянуюць давесьці інфармацыю аб мерапрыемстве да гараджан.
Рашэньне мае быць прынятае райвыканкамам не пазьней, чым за за 5 дзён да прызначанай даты.