Карбалевіч: Кіраўнік Беларусі ладзіць чарговае турнэ на Блізкі Ўсход. Ён наведвае Катар і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
Цікава, што першы візыт Лукашэнкі ў Катар адбыўся ў 2001 годзе, а амбасада Беларусі ў гэтай краіне зьявілася толькі ў 2014 годзе. Катарскі эмір наведаў Беларусь зь візытам ў 2009 годзе. У 2011 годзе адбыўся другі візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Катар. Тады ён заявіў, што Беларусь мае намер надаць супрацоўніцтву з Катарам характар стратэгічнага партнэрства. Было падпісана шмат сумесных дакумэнтаў. Таксама кіраўнікі Беларусі і Катару сустракаліся ў красавіку гэтага году года ў Стамбуле ў рамках саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва.
Але за гэты час ніякага «стратэгічнага партнэрства» не атрымалася. Таваразварот маленькі, мінулыя гады ён не перавышаў 20 мільёнаў даляраў. Гэтым годам зьнешнегандлёвая статыстыка Беларусі наогул не фіксуе тавараабароту з Катарам.
Варта падкрэсьліць, што Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся ў Катары з афіцыйным візытам, адбылася ягоная сустрэча з кіраўніком дзяржавы эмірам Тамімам бэн Хамадам аль-Тані.
А вось візыт Лукашэнкі у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты зьяўляецца рабочым. Лукашэнка сустракаецца са шмат якімі тамтэйшымі афіцыйнымі асобамі. Аднак з кіраўніком ААЭ, прэзыдэнтам краіны, які сумяшчае сваю пасаду з пасадай эміра сталічнага эмірата Абу-Дабі шэйхам Халіфам бэн Заед аль-Нахайянам Лукашэнка не сустракаецца. Ва ўсялякім разе праграмай візыту гэта не прадугледжана.
Калі кіраўнік адной дзяржавы прыяжджае ў іншую краіну, няхай і з рабочым візытам, а яго не прымае вышэйшая асоба той дзяржавы — гэта амаль скандал
І гэта вельмі дзіўная і ў дыпляматычнай практыцы вельмі рэдкая, нават прыніжальная для госьця сытуацыя. Калі кіраўнік адной дзяржавы прыяжджае ў іншую краіну, няхай і з рабочым візытам, а яго не прымае вышэйшая асоба той дзяржавы — гэта амаль скандал.
Варта адзначыць, што у 2014 годзе Лукашэнка наведваў ААЭ таксама з працоўным візытам. Гэта таксама быў вельмі дзіўны візыт. Ён працягваўся цэлых дзевяць дзён. Тады таксама яго не прыняў прэзыдэнт ААЭ. Гэта быў хутчэй адпачынак, схаваны пад выглядам візыту. Тады нават адбыўся хакейны матч каманды прэзыдэнта Беларусі з камандай вэтэранаў хакея Эміратаў, над чым тады беларуская публіка моцна пацяшалася.
Калі казаць пра гандаль паміж Беларусьсю і ААЭ, то ў 2015 годзе двухбаковы тавараабарот склаў $ 30 млн, беларускі экспарт — $ 25 млн. У студзені-жніўні 2016 году беларускі экспарт трошкі вырас і склаў 102,5% да аналягічнага пэрыяду 2015 года. Гэта важна падкрэсьліць, бо агульны экспарт Беларусі гэтым годам за студзень-верасень абрынуўся на 14%.
З улікам таго, што у краіны гэтага рэгіёну часта езьдзіць памочнік прэзыдэнта па бясьпецы Віктар Лукашэнка, ён часта наведвае выставы ўзбраеньняў, можна меркаваць, што паміж Беларусьсю і гэтымі дзьвюма краінамі, якія наведаў беларускі кіраўнік, існуе значнае ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, Беларусь прадае туды зброю і ваеннае абсталяваньне. Але, як прызнаваўся калісьці ў палаце прадстаўнікоў міністар фінансаў, даходы ад продажу зброі ў бюджэт краіны ня йдуць. Таму, магчыма, афіцыйная статыстыка гэта і ня ўлічвае.
Дракахруст: Сапраўды гэтыя зьдзелкі Беларусі з арабскімі дзяржавамі вельмі непразрыстыя. Ня надта празрыстыя і тады, калі яны публічныя. Памятаю, было некалькі скандалаў у сувязі з будаўнічымі праектамі ў Менску арабскіх інвэстараў. Ну а пра вайсковыя зьдзелкі ўвогуле ведаюць толькі тыя, каму трэба.
куды патрапіць беларуская зброя, якая туды трапляе зараз — цікавае пытаньні. Ці ня тым паўстанцам, якіх падтрымліваюць і Катар, і ААЭ, і Савудаўская Арабія, і ЗША?
Але некалькі словаў наконт геапалітычнага выбару, пра што ў свой час пісаў беларускі экспэрт у праблемах ісламскага сьвету Сяргей Богдан. Ён казаў, што пры ўсёй прарасейскай рыторыцы, калі браць менавіта Блізкі Ўсход і прынамсі канфлікт у Сырыі, то Беларусь апошнія гады вельмі выразна стаіць на баку і кантактуе з саюзьнікамі Злучаных Штатаў у рэгіёне — з тымі ж Катарам і Арабскімі Эміратамі. Так што куды патрапіць беларуская зброя, якая туды трапляе зараз — цікавае пытаньні. Ці ня тым паўстанцам, якіх падтрымліваюць і Катар, і ААЭ, і Савудаўская Арабія, і ЗША?
Я не кажу, што гэта так і ёсьць ці што так будзе, але тут ёсьць цікавы магчымы паварот тэмы з улікам вось гэтых заўвагаў Сяргея Богдана. Магчыма, менавіта гэтым такія краіны цікавяць беларускага госьця, і ім ён цікавы менавіта гэтым. Не выключаю, што ў сьпіс прэтэнзіяў Расеі да Аляксандра Лукашэнкі гэтыя зьдзелкі таксама ўпісаныя асобным радком.
Карбалевіч: Я думаю, што зброя і абсталяваньне зь Беларусі трапляе і ў краіны Блізкага Ўсходу, якія зьяўляюцца саюзьнікамі Расеі. Я маю на ўвазе Сырыю, Іран.
Дракахруст: Богдан казаў пра тое, што менавіта ў апошнія гады супраца і з Сырыяй, і з Іранам істотна зьменшылася — у параўнаньні з кантактамі з названымі краінамі.
Цыганкоў: Калі не канцэнтравацца толькі на гэтым вайсковым аспэкце, а ён даволі важны, сапраўды Аляксандар Лукашэнка у сваім стылі заявіў пра стратэгічнае партнэрства з Катарам. Але калі пералічыць тыя краіны, зь якімі афіцыйны Менск у розныя гады, асабліва апошнія, заяўляў пра стратэгічнае партнэрства, то атрымліваецца занадта шмат. Гэта Кітай, Віетнам, Вэнэсуэла, Іран, краіны Арабійскага паўвострава і г.д. З усяго гэтага пераліку сапраўды нейкія больш-менш трывалыя адносіны, якія маюць палітычнае і эканамічнае абгрунтаваньне, атрымаліся зь Кітаем, і тое мы ведаем, што таваразварот з Кітаем вельмі спэцыфічны, ён не на карысьць Беларусі.
гэта краіны, якія не ствараюць Беларусі ніякіх праблемаў ні наконт правоў чалавека, ні наконт геапалітычнага выбару
Безумоўна, відавочна, што шукае афіцыйны Менск у краінах Арабійскага паўвострава. Гэта багатыя краіны, па-другое, гэта краіны, якія знаходзяцца на Блізкім Усходзе і адпаведна маюць патрэбу ў вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве, па-трэцяе, гэта краіны, якія не ствараюць Беларусі ніякіх праблемаў ні наконт правоў чалавека, ні наконт геапалітычнага выбару. З гэтага пункту гледжаньня яны дастаткова зручныя, калі не сказаць ідэальныя, партнэры. Нічога ў палітычным сэнсе не просяць, можа толькі падтрымкі якіх зьнешнепалітычных ініцыятываў, а патэнцыйна могуць зрабіцца пакупнікамі беларускіх тавараў, і інвэстарамі прамысловасьці і будаўніцтва.
Сапраўды, ваенна-стратэгічны аспэкт там ёсьць, але тут трэба быць дастаткова асьцярожным у такіх ацэнках, каб не перабольшваць магчымасьці гэтага супрацоўніцтва. Усё ж такі пры ўсім тым, што Менск зьвязаны з Масквой, мы ня ведаем, якія там паступаюць узбраеньні, якія магчымасьці вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Нейкі крок, які можа зрабіць афіцыйны Менск, праз тыя ці іншыя каналы стане вядомым Маскве. Так што немагчыма ўявіць, што Менск можа пайсьці на крок, які будзе радыкальна пярэчыць ваенна-тэхнічнай палітыцы Масквы. Ва ўсялякім разе як мінімум трэба разумець, што Масква пра гэта даведаецца ў той ці іншай форме. Так што гэтую акалічнасьць безумоўна варта ўлічваць.
Таксама трэба ўлічваць, што Беларусь не вырабляе шмат сваёй уласнай зброі. Большасьць, што яна можа рабіць і робіць — гэта тэхнічныя кампанэнты і рамонт і пераабсталяваньне вайскова-тэхнічных прыбораў. Нават той знакаміты «Палянэз», якім зараз беларуская прапаганда ганарыцца, зрабілі разам з Кітаем, што характэрна.