Топ-8 цытатаў дня пра Гэлаўін

Напярэдадні Гэлаўіну, які адзначаецца ўвечары 31 кастрычніка, у байнэце адбываецца дыскусія паміж яго прыхільнікамі і праціўнікамі.

Пра папулярнае сьвята, якое сягае часоў старажытных кельтаў, выказваюцца ня толькі палітыкі і багасловы, але і грамадзкія аб’яднаньні ды СМІ. Прапануем вашай увазе самыя яскравыя цытаты, прысьвечаныя Гэлаўіну.

1. Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі

«Чвэрць стагодзьдзя таму здавалася, што савецкія чэрці нарэшце праваліліся ў сваё пекла. Не — глядзіш, зноў павылазілі, хіба толькі зь іншай нары. (...) Лічу, што так званы „Гэлаўін“ трэба гнаць зь Беларусі паганай мятлой. З асяродзьдзя сем’яў, з кампаніяў сяброў, з вуліцаў. Ну яго к чорту».


2. Аляксандар Стральцоў-Карвацкі, намесьнік старшыні ПБНФ

«Я не сьвяткую і іншым не раю. Як кажуць па-нямецку: Auf eigene Gefahr — на сваю адказнасьць. Такія рэчы ня могуць быць нэўтральныя. Альбо для Пана Бога альбо для д’ябла».


3. «Вячэрні Магілёў», абласная газэта Магілёўскай вобласьці


«31 кастрычніка ў сатанінскае сьвята Гэлаўін. Кашатнікі, не аддавайце нікому кацянят, дарослых котак і катоў, злыя ідыёты прыносяць іх у ахвяру (забіваюць). Таму не выпускайце ў гэтыя дні сваіх гадаванцаў на вуліцу».

4. Ксёндз Уладзімер Русак

Чаму Гэлаўін? Чаму не ўрачыстасьць Усіх Сьвятых? Таму, што сьвятыя невясёлыя, сумныя і... Ці Яну Боска, Філіпу Нэры не хапала гумару? Ці Жане Д’Арк, Ігнату Ляёлю бракавала ў жыцьці драйву? Ці Францішак, Ян Павал ІІ былі людзьмі без эмоцыяў і ня ўмелі захапляцца?
Ня варта зьмяняць маскарадныя строі пачвараў на строі сьвятых. Варта зьмяняць свой унутраны сьвет. А вось гэта сапраўдная прыгода са своеасаблівымі перажываньнямі і спэцэфэктамі.

5. Моладзь БНФ, грамадзкая арганізацыя

«Гэлаўін, як і старажытнае беларускае сьвята Дзяды — гэта дзень, калі душы памерлых продкаў спускаюцца на зямлю і кантактуюць з жывымі людзьмі. Паступова інтэгруючыся ў эўрапейскую культуру, беларуская моладзь актыўна сьвяткуе Гэлаўін, які паводле фармату больш прыцягальны для маладых людзей, але ў сутнасьці дублюе беларускія Дзяды. Таму Моладзь БНФ ня бачыць тут ніякіх супярэчнасьцяў».

6. «7 дней», газэта Беларускага тэлеграфнага агенцтва

«Гэлаўін дае яшчэ адну порцыю страшылак, якіх і так вакол поўным поўна. І да якіх мы з маленства прывучаем нашых дзяцей. Мы купляем ім адзеньне і абутак з малюнкамі чэрапаў, коміксы з зомбі, мы дорым дзяўчаткам ня мілых пупсікаў, а лялек-ведзьмаў зь зялёнымі тварамі і драпежнымі вачыма, хлопчыкам — не салдацікаў, а монстраў. Многія бацькі ня бачаць у гэтым нічога дрэннага — маўляў, павеў часу... Не сядзець жа пакаленьню нэкст з нафталінавымі Віні-Пухамі і Бураціна! А яны і не сядзяць. Яны гуляюць. А потым вырастаюць, вельмі часта блытаючы выдуманы сьвет страхаў з рэальнасьцю».​


7. Андрэй Дынько, шэф-рэдактар «Нашай Нівы»

Я не разумею змагароў з Гэлаўінам. Дзеці весяляцца, ім падабаецца жартам палохаць сябе і іншых. Нічога кепскага за гэтым няма. (Гляджу на сваіх дзяцей: пару гадоў рабілі такі маскарад, хадзілі па вуліцах у самаробных масках, вырасьлі, больш ня ходзяць, але тыя гады са сьмехам успамінаюць.)

8. Пётра Рудкоўскі, багаслоў

«Што ж, ад таго, што хтось паскача ў касьцюме кашчэя, то нічога асабліва кепскага можа і не здарыцца. Але ёсьць як мінімум адна рэч у Гэлаўіне, якая пагражае духоўнай экалёгіі: ператварэньне таямніцы сьмерці ў прадмет забавы. „Сьмерць прыйшла праз зайздрасьць д’ябла“ — з аднаго боку; „Хрыстос сваёю сьмерцю зьнішчыў нашу сьмерць“ — з другога боку. Гэтыя два бакі сыгналізуюць, наколькі сур’ёзная гэта таямніца. Ня варта рабіць зь яе прадмет забавы»