Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў 31 кастрычніка штраф памерам 50 базавых велічыняў (1050 рублёў) актывісту «Маладога фронту» Сяргею Пальчэўскаму, перадае «Вясна». Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве паводле адразу шасьці пратаколаў.
Пратаколы былі складзеныя падчас збору подпісаў за прызнаньне бела-чырвона-белага сьцяга гістарычнай каштоўнасьцю — Пальчэўскі зьбіраў подпісы штодзень з 26-га па 30 верасьня. Сьведкамі выступілі міліцыянты, якія складалі пратаколы.
Да таго ў кастрычніку Пальчэўскага двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці: аднойчы яго аштрафавалі за верасьнёвы збор подпісаў за бела-чырвона-белы сьцяг, на 30 базавых велічыняў (630 рублёў); раз — за ўдзел у мітынгу «За справядлівыя выбары» 12 верасьня, на 50 базавых велічыняў (1050 рублёў).
Такім чынам, агульная сума штрафаў Пальчэўскага за верасень — 2730 рублёў, альбо звыш 1430 даляраў паводле курсу на момант публікацыі.
Тым часам сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец чакае 7 тысяч рублёў штрафаў за акцыі салідарнасьці з Пальчысам — на яго ды іншых актывістаў было складзена сем дзясяткаў пратаколаў.