Спэктакль пра Браніслава Тарашкевіча ўпершыню паказалі ў Гомлі

Спэктакль «Браніслаў. Сцэны з жыцьця ды сноў» паводле аднайменнай п’есы Эльдара Бякірава быў паказаны ў Гомлі з ініцыятывы мясцовае філіі Таварыства беларускай мовы.

Палітычнага і грамадзкага лідэра, выбітнага навукоўца, акадэміка АН БССР, укладальніка клясычнага беларускага правапісу й граматыкі Браніслава Адамавіча Тарашкевіча ня стала семдзесят восем гадоў таму акурат 29 кастрычніка — згінуў у засьценках НКВД. Адны дасьледчыкі даводзяць, што акадэміка расстралялі, іншыя — памёр ён пасьля пэрыядычных дзевяцімесячных катаваньняў.

29 кастрычніка 2016 году ў Гомель з ініцыятывы мясцовае філіі Таварыства беларускай мовы прыехаў як бы ўспамін пра Тарашкевіча: «Арт-Сядзіба» прывезла спэктакль «Браніслаў. Сцэны з жыцьця ды сноў» паводле аднайменнай п’есы Эльдара Бякірава.

Эльдар Бякіраў

«Постаць Браніслава Тарашкевіча мяне дужа зацікавіла, — апавёў Эльдар, — калі я стаў займацца ў студыі пры Віцебскім драмтэатры імя Якуба Коласа. Спэктаклі ў нас ставілі па-беларуску, і акторы, нават калі я быў яшчэ малы і ў студыю не хадзіў, згадвалі пра Тарашкевіча, размаўлялі так, як гучала мова ў ягоным правапісе. Мяне дужа захапляла мэлёдыя мовы».


Аўтар п’есы дадае, што падчас заняткаў у студыі тэатру ён стаў задумвацца, чаму гэта беларускую мову ўжываюць толькі зь неабходнасьці, і пераважна інтэлігентныя людзі — падчас спэктакляў, на культурніцкіх імпрэзах, уроках беларускай мовы. Аднак мова не гучыць з вуснаў дзяржаўных дзеячоў, розных чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, міліцыянтаў.


«Я пачаў рабіць такое дасьледаваньне, і постаць Тарашкевіча ўзьнікла на першым пляне — не магла ня ўзнікнуць. А што атрымалася, вырашаць гледачам», — кажа Эльдар Бякіраў.

Спэктакль «Браніслаў» распавядае пра жыцьцё й дзейнасьць Тарашкевіча як мовазнаўцы, навукоўца й грамадзкага дзеяча. Прэм’ера яго адбылася летась у студэнцкім тэатры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Аднак пасьля другой пастаноўкі спэктаклі былі адмененыя ўпраўленьнем справаў культуры БДУ.

П’есу ставілі на іншых сталічных пляцоўках. З пастаноўкаю трупа маладых актораў «Арт-Сядзібы» выяжджала ў Пружаны, што на Берасьцейшчыне.

Старшыня гомельскай рэгіянальнай суполкі ТБМ Яўген Якавенка тлумачыць, што адмыслова запрасілі ўдзельнікаў спэктаклю ў Гомель 29 кастрычніка, калі адзначаецца Дзень памяці рэпрэсаваных. Менавіта ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКВД, так званай «амэрыканкі», былі расстраляныя больш за 100 выбітных дзеячоў культуры, мастацтва, навукі, буйных кіраўнікоў, тэхнічнай інтэлігенцыі тагачаснай Беларускай ССР. Праз год такі ж лёс напаткаў і Браніслава Тарашкевіча.

Каханка і Браніслаў – акторы Алена Жукоўская і Аляксей Сапрыкін


Выканаўца галоўнай ролі Тарашкевіча ў спэктаклі Аляксей Сапрыкін распавядае:

«Праз вобраз гэтага выбітнага беларускага навукоўца імкнуся перадаць усё тое, што балела Браніславу Адамавічу і баліць цяпер і мне і, спадзяюся, усім беларусам, якія хвалююцца за стан беларускай мовы, хвалююцца за ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Гэта спэктакль пра сучаснасьць, хоць дзеі адбываюцца ў 20-я — 30-я гады мінулага стагодзьдзя. У людзях і цяпер яшчэ жыве самацэнзура, недаацэнка роднай мовы — некаторым яна ўяўляецца мовай „калгаснай“, „вясковай“. Хоць беларуская мова, якую адстойваў і ўпарадкаваў Браніслаў Тарашкевіч, — яскравая, сакавітая, яна адна з найпрыгажэйшых эўрапэйскіх моваў сваёю мэлядычнасьцю. І трэба, як Тарашкевіч, кожнаму з нас ужываць сваю мову, шанаваць яе, паказваць, што яна жыве і ня згіне. Спадзяюся, што празь „мяккую беларусізацыю“ наша мова праб’ецца — і прабіваецца! — як кветка праз асфальт».
Спэктакль «Браніслаў» быў паказаны ў тайм-клюбе «Флэт», дзе Гомельская суполка ТБМ ладзіла ня так даўно й фэст удзельнікаў беларускамоўнай адукацыі.