Ужо сёньня, 29 кастрычніка: акцыі памяці ахвяраў сталінізму, канцэрты «Брута» і Шалкевіча

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Саюз беларускіх пісьменьнікаў праводзіць вечарыну памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 79 гадоў таму былі расстраляныя больш за 100 дзеячаў культуры, навукі, палітыкі. Месца правядзеньня — Галерэя TUT.BY (пр. Дзяржынскага, 57.) Пачатак а 17:00

Менск. «Малады фронт» заклікае прыходзіць пад сцены будынку КДБ са знічкамі і з партрэтамі забітых камуністычнымі карнікамі. Пачатак а 19:00

Гомель. Першы канцэрт у Беларусі Сяргея Міхалка і панк-рок-гурта «Брута», створанага пасьля распаду гурту «Ляпіс Трубяцкой». Месца правядзеньня — Лядовы палац (вул. Мазурава, 110) Пачатак а 19:00.



Менск. Бард, актор і шансанье Віктар Шалкевіч выступіць з праграмай «Восеньскі канцэрт. Найлепшыя і новыя песьні». Месца правядзеньня — Маладзёвы тэатар эстрады (вул. Маскоўская, 18а.) Пачатак а 19:00



Менск. Лябараторыя адкрытых дадзеных. Тэма: мазгавы штурм і праца з дадзенымі. Месца правядзеньня — прастора ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16.) Пачатак у 12:00

Менск. Традыцыйная вечарына, прысьвечаная Гэлоўіну. Увесь вечар на сцэне — вядучы Андрэй Бонд. Месца правядзеньня — Дрымлэнд (вул. Арлоўская, 80.) Час правядзеньня з 18:00 да 23:00.

Віцебск. Выстава віцебскіх мастакоў і паэтаў «Рытмы і рыфмы часу», прысьвечаная паэзіі і музыцы ва ўсіх яе прыродных, культурных, сымбалічных і чароўных сэнсах. Месца правядзеньня — КЗ «Віцебск» (пр. Фрунзе, 1) Пачатак а 18:00

Магілёў, па 30 кастрычніка. Фэстываль аматарскага тэатральнага мастацтва «Сьвятло рампы».

У гісторыі

1937 — самы чорны дзень у гісторыі беларускай літаратуры. За адну ноч з 29-га на 30-га карнікі НКВД расстралялі цэлую групу пісьменьнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя, агулам 22 чалавекі. Усяго ў тую ноч былі зьнішчаны больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі і дзяржаўнага апарату.

1989 — на Дзяды, адбылося шэсьце ў Курапаты, мітынг-рэквіем і ўсталяваньне Крыжа Пакуты, які быў асьвечаны прадстаўнікамі чатырох хрысьціянскіх цэркваў. З таго моманту пачалася народная мэмарыялізацыя Курапатаў.

У гэты дзень нарадзіліся:

1451 — Хрыстафор Калюмб, славуты гішпанскі мараход, які кіраваў гішпанскай экспэдыцыяй у Індыю, у выніку якой была адкрытая Амэрыка.

1938 — Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнаўца, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!

«Прысяга» — апошні верш Міхася Чарота, напісаны ім на сьцяне турмы НКВД незадоўга да расстрэлу.