У Менску прэмʼеры ЭАЭС не змаглі ўзгадніць Мытны кодэкс. Працягнуць у Маскве

Кіраўнікі ўрадаў Эўразійскага эканамічнага саюзу вернуцца да спрэчных пунктаў Мытнага кодэксу ў сярэдзіне лістапада ў Маскве.

Пра гэта сказаў у Менску старшыня Эўразійскай міжурадавай рады, прэмʼер-міністар Казахстану Бакытжан Сагінтаеў, паведамляе БЕЛТА.

«На пачатак дня ў нас не было ўзгоднена 10 пунктаў. Па выніках працы ў вузкім складзе нам удалося дамовіцца па 4 пунктах. Адзін — у рэзэрве. Я думаю, па ім таксама будзе дасягнута дамоўленасьць. У выніку ў нас застаецца 5 пунктаў, якія зьвязаныя з працай свабодных эканамічных зон», — цытуе tut.by Сагінтаева.

Прэмʼер-міністар Казахстану выказаў надзею, што ў сярэдзіне лістапада кіраўнікі ўрадаў зьбяруцца яшчэ раз у Маскве і паспрабуюць ліквідаваць усе рознагалосьсі.

Пасяджэньне прэмʼераў пяці краін у вузкім складзе замест плянаваных 55 хвілін цягнулася каля трох гадзін. Як сказаў прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, была гарачая дыскусія з нагоды новага Мытнага кодэксу ЭАЭС. Аднак бакі ўзгаднілі толькі палову праблемных момантаў.

Падчас пашыранага пасяджэньня рады прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што Беларусь выступае за стварэньне роўных умоў для субʼектаў гаспадараньня ў ЭАЭС.

«Калі не ліквідуем барʼеры, якія існуюць, ня створым унутры саюзу роўныя ўмовы для субʼектаў гаспадараньня, саюз наш будзе слабым», — цытуе БЕЛТА прэмʼер-міністра.

Кабякоў заклікаў краіны ЭАЭС паздымаць барʼеры для доступу на рынкі сельгаспрадукцыі.

Паводле кіраўніка беларускага ўраду, у краінах ЭАЭС рэгулярна прымаюцца на нацыянальных узроўнях пратэкцыянісцкія рашэньні, якія супярэчаць духу саюзу. Маўляў, прыклады добра вядомыя.

«Ня так актыўна, як хацелася б, ідзе рух насустрач у пытаньнях рэалізацыі ўзгодненай сельскагаспадарчай палітыкі, зьняцьця барʼераў па доступе на рынак, — сказаў Кабякоў. — Рэгулярна да нас ва ўрад паступаюць запыты прадпрыемстваў і арганізацыяў па асаблівасьцях працы на рынках краін саюзу ў сучасных умовах, доступе да дзяржаўных закупак, арганізацыі транзыту і шмат якіх іншых тэмах».

Прэмʼер Беларусі дадаў, што саюз ствараўся дзеля таго, каб праблемаў ва ўзаемным гандлі не было.