Забудоўвацца пачаў яшчэ зь сярэдзіны 1920 гадоў, атрымаўшы назву Пасёлак Камінтэрн. Сярод першых яго вуліц былі Заводзкая, Фабрычная, завулак Рабочы — яны нават захавалі з таго часу свае назвы. Пазьней зьявілася Вэлязаводзкая. Была тут і вуліца з зусім экзатычнай, як на сёньня, назвай — Стандартная. Была і Батарэйная (цяпер — Судмаліса), названая, праўда, не ад ацяпляльных батарэй, а ад батарэй вайсковых — бо паралельна ідзе яшчэ і Стралковая. Іншыя вуліцы атрымалі імёны адмірала Нахімава, маршала Рыбалкі, рэжысэра Станіслаўскага і пісьменьніка Сэрафімовіча. А калі сюды праклалі мэтро, дык станцыю назвалі Пралетарская — маўляў, рабочы раён з даўняй гісторыяй. Мне ж як дасьледчыку літаратуры гэты раён цікавы яшчэ і тым, што ў 1930 гады тут жыў вядомы паэт, удзельнік згуртаваньняў «Маладняк» і «Ўзвышша» Тодар Кляшторны.
Гэта быў паэт зь яркай глыбокай індывідуальнасьцю, чыя творчасьць, асабліва раньняя, ніяк не хацела ўпісвацца ў жорсткія рамкі савецкай літаратуры. Кляшторны ствараў сваю арыгінальную, альтэрнатыўную вобразную сыстэму, а яго творчая манера набліжалася да эстэтыкі мадэрнізму і дэкадансу зь яе «скокамі сьмерці» і паэтызацыяй багемнага ладу жыцьця. Адным з найбольш яскравых і запамінальных вобразаў, выведзеных паэтам, стаў вобраз «ледзяной гітары», які ператварыўся ў своеасаблівую творчую візытоўку Тодара Кляшторнага:
Зь вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Заплакала зара па сонечнай вясьне,
І быццам зь вёснамі разьвеяныя мары
На успамін застылі на вакне.
Ох, і не давала спакою крытыкам і літаратуразнаўцам гэтая ледзяная гітара! Што казаць, калі ўжо нават сам вобразны лад вершаў выклікаў пярэчаньні ды абвінавачваньні ў шкодных ухілах. «...Ледзянымі сярпамі / Выйшла восень рабіну касіць»... «Пчолы ледзяныя кружацца ў гальлі»... «Засьвістаў ледзяным салаўём»... Што гэта яшчэ за ледзяны салавей? Не разумеем такога! Пэсымізм і ўпадніцтва! І ўвогуле, зашмат лёду!
Раздражняў крытыкаў і вобраз чаркі, кілішка і, як адзначыла ў адным з дасьледаваньняў Ірына Багдановіч, усяго, што адносілася да in vino veritas.
«Хачу сьпяваць, / Хачу маліцца / Над чаркай выпітых гадоў»... «Як сумна, любая, дакоры / З твайго кілішка выпіваць»... «Вячэрняю зарою / З пунсовай шклянкі белая зіма / Частуе Менск наліўкай ледзяною»... Зады мяшчанска-багемнай псэўдарамантыкі! Эстэтычны алькагалізм!
«Юнацтва — ром... А першы пацалунак — / Агонь сьвячы над кветкамі труны»... «Як скора, любая, ў завеях залатых / Сівымі пальцамі / Наш верасьнёвы вечар / Сыграе „requiem“ на струнах ледзяных»... Шкодныя анарха-дэкадэнцкія настроі! Варожая нам філязофія тугі і завяданьня!
«Хто першы раз над вуснамі любімай / Агнём душу і сэрца апаліў, / Той першы крок да дальняе магілы / Ужо зрабіў»... «На скаце дзён праз чорнае вакно / Стары карчмар нас разьлічыцца просіць / За п’янае юнацкае віно»... Клясавая дробнабуржуазная псыхалёгія! Невысокі ўзровень грамадзянскай самасьвядомасьці!
«Ў жыцьцёвай цемені хто зорнымі страфамі / Закаласіў так стынучую тлень, / Сьлязамі бацькаўшчыны, горкімі сьлязамі / Хто перасыпаў золата паэм?!»... Супярэчлівасьць і абмежаванасьць сьветапогляду! Аднабаковае бачаньне рэчаіснасьці!
«Крайнім выражэньнем ідэйнага тупіка», у які зайшоў Кляшторны, літаратуразнаўцы савецкага часу называлі яго паэму «Калі асядае муць» (1927) — тую самую, у якой ён вуснамі захмялелай цыганкі рызыкнуў прамовіць: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ДПУ». Тодар Кляшторны быў арыштаваны тым самым ДПУ і расстраляны 30 кастрычніка 1937 году ў шэрагу больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Дзе дакладна ён пахаваны — высьветліць так і не ўдалося. Можа, напраўду ў Курапатах, а можа і ў Сьляпянскім лесе, цяперашнім парку імя Чалюскінцаў.
А вось дзе паэт жыў, якія мясьціны ў Менску зьвязаныя зь яго апошнімі гадамі — акурат вядома. Літаратар-эмігрант Сымон Шаўцоў, сусед Тодара Кляшторнага па кватэры, успамінаў, што жыў паэт зь сям’ёй «на пасёлку Камінтэрн», з Дому пісьменьнікаў вяртаўся дахаты звычайна «па прагнілых дошках ходніку на Ляхаўцы». З цэнтру празь Ляхаўку найзручней было дабрацца па вуліцы Кастрычніцкай (былой Ніжне-Ляхаўскай), і, думаецца, менавіта па ёй паэт некалі ішоў «у абдрыпаных нагавіцах: адна калашына закасаная вышэй калена, другая — спушчаная на падраны чаравік. Нёс на руках сваё малое дзіця, а за ім дробненька тупала ягоная малая, шчуплая жонка. За жончыну спадніцу трымалася малая дачушка. „Тодарка, родненькі, не ўпусьці дзіцятка!“ — паўтарала жонка. Тодарка быў крыху падпіты».
«Кляшторны часта насіў з сабою ў клетцы канарэйку, якую вучыў размаўляць, — успамінаў Сымон Шаўцоў. — Рабочыя-муляры ведалі, што ён — паэт. З рыштаваньняў пабачаць яго й гавораць: „Вунь, ідзе пралетарскі паэт!“ Пыталіся: „Як сьпявае канарэйка?“ „Не сьпявае, а плачыць у клетцы канарэйка“, — адказваў Тодар».
Гісторыя захавала і дакладны адрас Тодара Кляшторнага: вуліца Фабрычная, д. 10/4, кв. 7. Тут паэт жыў да самага арышту, які напаткаў яго 3 лістапада 1936 году.
Дом № 10 на сёньняшняй Фабрычнай ёсьць. Толькі пабудаваны ён ужо ў 1986 годзе і налічвае 9 паверхаў. Cтары ж дом, у якім жыў паэт, месьціўся літаральна побач — на рагу зь 1-м Фабрычным завулкам (як нам і падказвае дробавы нумар 10/4), на адной лініі з захаваным двухпавярховікам, які займае цяпер фірмовая кандытарская крама «Камунарка». Атрымліваецца, што сёньня на месцы паэтавага жытла — звычайны шырокі газон. Шторазу, мінаючы яго, я мару пра тое, што калі-небудзь тут, на гэтым месцы, паўстане помнік Тодару Кляшторнаму. Магчыма, ён будзе аздоблены стылізаванай «ледзяной гітарай», магчыма кляновымі лістамі, а магчыма і клеткай з канарэйкай — на што хопіць фантазіі ў скульптара. Хочацца верыць, што нават праз шмат гадоў пасьля трагічнай сьмерці паўсталы з забыцьця паэт вернецца дадому.