У выніку ДТЗ пацярпеў супрацоўнік ДАІ Ўладзімер Таўпінец. Чакалася, што сёньня ў судзе ўжо пачнуцца судовыя спрэчкі, але пасяджэньне пачалося з допыту сьведкі, пра якога заявіла абарона абвінавачванага. На папярэднім пасяджэньні суду допыт сьведак нібыта быў закончаны, але выявілася, што ў суд прайшоў яшчэ адзін сьведка, які кажа, што бачыў інцыдэнт ад пачатку да канца. Судзьдзя Валер Есьман пагадзіўся аднавіць судовае расьсьледаваньне і выслухаць сьведку.
Пэнсіянэр Уладзімер Платс казаў, што бачыў, як байкер пад’ехаў да скрыжаваньня па трамвайных рэйках і спыніўся: «Стаяў спакойна, не дэманструючы агрэсіі». Потым, паводле сьведкі, да байкера падыйшоў супрацоўнік ДАІ і пацягнуўся правай рукой да стырна. «Толькі тады матацыкл крыху ад’ехаў назад», — паведаміў сьведка. Супрацоўнік ДАІ, паводле сьведкі, навальваўся на байкера, рука міліцыянта цягам сутычкі была на стырне. Левай рукі супрацоўніка ДАІ ён ня бачыў. Далей, як сказаў Уладзімер Платс, матацыкл павольна паехаў па крывой лініі налева і ўперад, а потым адбылося сутыкненьне з інкасатарскім аўтамабілем.
«Яшчэ маленькая дэталь: ногі матацыкліста пры размове з супрацоўнікам ДАІ былі на асфальце», — прыгадаў сьведка Ўладзімер Платс.
Пракурор заўважыў, што паказаньні сьведкі ў пэўнай частцы разыходзіліся з тым, што ён казаў на сьледзтве. Былыя паказаньні сьведкі былі зачытаныя. Зь іх вынікала, што сьведка бачыў ня толькі правую руку міліцыянта, але і левую. Паводле тых паказаньняў, Уладзімер Таўпінец схапіўся за стырно абедзьвюма рукамі і трымаў, пакуль не адбылося сутыкненьня з аўтамабілем. Сьведка патлумачыў разыходжаньне ў паказаньнях тым, што «гэтак запісаў сьледчы», а ён ня памятае, ці казаў такое.
Пракурор агучыў у судзе інфармацыю пра пазбаўленьне сьведкі правоў кіроўцы і спытаў, ці быў у сьведкі канфлікт з ДАІ. Уладзімер Платс патлумачыў, што правоў яго пазбавілі памылкова і дакумэнт ужо вярнулі. У зале пачалі абурацца, што так аказваецца ціск на сьведку. Абарона Сяргея Шаўцова заявіла пратэст.
Байкеру Сяргею Шаўцову пагражае да 5 гадоў зьняволеньня. Пацярпелы таксама патрабуе ад яго кампэнсацыі памерам 50 тысяч рублёў. Сваёй віны байкер не прызнае і згодны выплаціць пацярпеламу Таўпінцу 5 тысяч рублёў.
Інспэктару ДАІ Ўладзімеру Таўпінцу пасьля ДТЗ была зроблена апэрацыя, яму выдалілі частку касьцей чэрапу.
ДТЗ, якое адбылося 18 красавіка на скрыжаваньні праспэктаў Незалежнасьці і Машэрава выклікала вялікі грамадзкі рэзананс. Паводле камэнтароў у інтэрнэце, шмат людзей лічаць, што асноўнай прычынай інцыдэнту сталі памылковыя паводзіны супрацоўніка ДАІ. Іншыя кажуць, што ўсё здарылася праз паводзіны на дарозе абвінавачванага, бо шмат каму з байкераў уласьцівая агрэсія.