Што рабіў Лукашэнка з Карпенкам у Вільні ў студзені 1991-га?

Вільня, 1991 год (фота Яўгена Кандакова)

Пра асноўныя падзеі 26 кастрычніка з сайту Радыё Свабода.

ШТО РАБІЎ ЛУКАШЭНКА Ў ВІЛЬНІ Ў СТУДЗЕНІ 1991-ГА?

Пра гэта хоча даведацца гісторык, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Валянцін Голубеў, які зь іншымі дэпутатамі тады ж езьдзіў у Вільню, каб падтрымаць літоўцаў у іх змаганьні за незалежнасьць супраць савецкіх танкаў.

«Была адпраўленая дэлегацыя Вярхоўнага Савету на чале зь Нілам Гілевічам, і я быў у складзе гэтай дэлегацыі. Другая машына паехала адразу, у ёй былі дэпутаты апазыцыі, там былі Сяргей Навумчык і Барыс Гюнтэр. І паехалі два сябры (яны тады сябравалі) — Генадзь Карпенка і Аляксандар Лукашэнка. Яны паехалі на машыне Карпенкі. Але дзе яны былі? Я іх ня бачыў на мітынгах, ня бачыў у Вярхоўным Савеце Літвы. Кажуць, што ў іх былі сустрэчы ў вайсковых частках. Каго яны падтрымлівалі, я ня ведаю. І калі мы потым размаўлялі з Даляй Грыбаўскайце, то яна сказала, што Аляксандар Лукашэнка казаў, што ён таксама быў на барыкадах. Можа, і быў. На тых, на якіх я быў, я яго ня бачыў», расказвае Голубеў у інтэрвію для цыклю «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці».

БАЯВІК «ЛНР» ГАТОВЫ АБАРАНЯЦЬ «МАГІЛЁЎСКУЮ НАРОДНУЮ РЭСПУБЛІКУ»

23-гадовы Радзівон Кургузаў, які жыве ў вёскі Дуброўка, што пад Мар’інай Горкай, быў баевіком «ЛНР». Як ён кажа карэспандэнту Радыё Свабода, паехаў ён ваяваць за ЛНР пад узьдзеяньнем расейскіх тэлеканалаў, якія вяшчаюць на тэрыторыі Беларусі. Па вяртаньні ў Беларусь да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ — і першае, што зрабілі — «паціснулі руку». І хаця потым і гутарылі, і нават ператрус зрабілі, але, як прызнаецца... — «ставіліся добра. Ніхто ня ціснуў». Завяршылася падпіскай, што ў баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў. Як вядома, кантакты прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі з супрацоўнікамі КДБ звычайна вызначаюцца зусім іншымі, недабразычлівымі танальнасьцямі размоваў і часта — судовым перасьледам. На завяршэньне свайго інтэрвію Радзівон Кургузаў сказаў, што нічога дрэннага ня бачыць у тым, калі б Беларусь аб’ядналася з Расеяй. І ў выпадку «беларускага Майдану» гатовы быць байцом «Магілёўскай народнай рэспублікі».

СКВАРКА ЯК ТАБУ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ

Валерыя Красоўская, дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, аўтарка свабодаўскай перадачы «Бяз чаркі і скваркі» выдае кулінарную кнігу «Чыстая ежа». Лера расказвае, як зьмяніўся яе лёс пасьля гвалтоўнага зьнікненьня бацькі ў 1999 годзе. Скончыўшы курс гісторыі кіно ў галяндзкім ўнівэрсытэце, яна вырашыла, што ўсё ж хоча займацца іншым, атрымала новую адукацыю дыетоляга і цяпер мае ўласную практыку ў Амстэрдаме. Лера тлумачыць, чаму традыцыйная беларуская скварка шкодная, і дае тры парады здаровага харчаваньня на восень — гэта штодня як мінімум 400 грамаў садавіны і гародніны, абавязкова жменька арэхаў і шэсьць шклянак вадкасьці.

ПЕРШЫ ТУРЫСТ БЯЗЬ ВІЗЫ — МАРШАЛАК ПАДЛЯСКАГА ВАЯВОДЗТВА

Ад сёньня замежнікі могуць бязь візаў езьдзіць на Аўгустоўскі канал і прылеглыя да яго тэрыторыі да пяці сутак. І першымі бязьвізавымі турыстамі сталі дэлегаты зь Беластоку на чале з маршалкам Падляскага ваяводзтва Ежы Ляшчынскім. Маршалак перакананы, што «трэба, каб для беларусаў таксама дзейнічаў бязьвізавы ўезд у Польшчу», але гэтае пытаньне трэба яшчэ ўзгадняць у Варшаве і Брусэлі. Кіраўнік інфармацыйнага цэнтру ў Горадні Сяргей Каляда лічыць гэтую падзею гістарычнай і прапанаваў маршалку Ляшчынскаму павесіць у рамачку дакумэнт № 1, які ён атрымаў на права ўезду пры бязьвізавым рэжыме.

Падпісацца праз электронную пошту.