Канапацкая правяла першы прыём грамадзян

Ганна Канапацкая

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Ганна Канапацкая ўпершыню ў гэтым статусе прыняла грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі яе выбарчай акругі.

У размове са Свабодай яна распавяла, што большасьць наведнікаў прыйшлі з бытавымі пытаньнямі, але ўсе яны былі ўсьцешаныя тым, што ў парлямэнт трапіла апазыцыя.

«Я з боем вырвала ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну часовае памяшканьне і ўчора правяла першы прыём. Прыйшлі восем чалавек. У абсалютнай бальшыні пытаньні фактычна аднолькавыя. Усе яны тычацца жыльлёвых альбо камунальных праблемаў канкрэтных людзей. Я і мае памочнікі будзем разьбірацца зь іх пытаньнямі.

А вось адзін з наведвальнікаў мяне зьдзівіў. Ён нічога не прасіў для сябе, а прыйшоў пагаварыць пра стан бізнэсу ў краіне. Распавядаў, як цяжка працаваць, прапаноўваў, што можна зьмяніць у заканадаўстве.

Але галоўнае ўражаньне першага прыёму такое: кожны, каго я прыняла, казаў, як добра, што ў парлямэнце нарэшце зьявілася апазыцыя. Зразумела, мне было прыемна гэта пачуць. Адзінае, што мяне тут цікавіць, — наколькі яны былі шчырыя», — сказала Ганна Канапацкая.

Яна дадала, што ўжо сфармавала сваю групу памочнікаў. Усе яны ўваходзілі ў яе выбарчую каманду, усе зьяўляюцца сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Але паколькі яны яшчэ афіцыйна не зацьверджаныя, то дэпутатка пакуль іхных прозьвішчаў не называе.