Цэнтар Астрагорскага прадставіў аналіз (PDF) элемэнтаў нэўтралітэту зь беларускай замежнай палітыкі і палітыкі нацыянальнай бясьпекі.
Дасьледнікі адзначаюць, што хоць нэўтралітэт Беларусі прапісаны ў Канстытуцыі, фактычна можна адзначыць толькі «кампанэнты, што могуць разглядацца як імаверныя элемэнты нэўтралітэту».
Дасьледнікі згадваюць і так званую Саюзную дзяржаву з Расеяй, і стварэньне пры гэтым уласных, незалежных дзяржаўных інстытутаў Беларусі; і ўдзел у АДКБ, і ўласную ваенную дактрыну Беларусі; і дзьве расейскія вайсковыя базы ў Беларусі, і адмову ад разьмяшчэньня новай расейскай авіябазы; і вайсковую супрацу з Расеяй, і зьвесткі пра вайскова-прамысловае супрацоўніцтва з Украінай, Пакістанам, Кітаем ды іншымі. Экспэрты зьвяртаюць увагу, што Беларусь заняла нэўтральную пазыцыю ў вайне Расеі з Грузіяй, у анэксіі Крыму і канфлікце на ўсходзе Ўкраіны, не падтрымала Расею ў канфлікце з Турэччынай, прыняла Курманбека Бакіева, былога прэзыдэнта Кіргізстану, зрынутага, як кажуць дасьледнікі, прарасейскімі сіламі. Але гэтыя крокі дадалі напружанасьці ў стасунках з Расеяй.
«Найперш замежная палітыка дэманструе мноства праяваў гэтае зьявы цягам мінулага дзесяцігодзьдзя. У пачатку 2010-х гадоў усьлед за ёй рушыла і палітыка нацыянальнай бясьпекі, якая пачала зьмяняцца ў тым жа кірунку, — пішуць дасьледнікі цэнтру Сяргей Богдан і Гумэр Ісаеў. — Беларускі нэўтралітэт будуецца на сытуацыйных рашэньнях і таму церпіць ад часам адмоўнага асьвятленьня СМІ і кволай экспэртнай падтрымкі. Але гэта можа быць і тактыкай беларускага ўраду, які пазьбягае дакладнага вызначэньня канцэпцыі, каб захаваць больш магчымасьцяў для палітычнага манэўру.
Пэрспэктывы беларускага нэўтралітэту застаюцца няпэўнымі, бо ён па-ранейшаму не прызнаны як мае быць ані на Ўсходзе, ані на Захадзе. Ні Масква, ні Захад, ні суседнія дзяржавы, верагодна, не прымаюць беларускага нэўтралітэту ўсур’ёз».
Але дасьледнікі ня бачаць іншага выйсьця для Беларусі, акрамя нэўтралітэту: маўляў, Менск ня можа проста «дэзэртаваць» і далучыцца да празаходніх блёкаў і арганізацыяў, ды нават беларускія эліты бачаць, што быць хаўрусьнікам Расеі становіцца ўсё больш рызыкоўна.
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі ў камэнтары Свабодзе заўважае, што нэўтралітэт, прапісаны ў Канстытуцыі, проста мусіць быць стратэгічнай мэтай палітыкі беларускага кіраўніцтва, незалежна ад пэрсаналіяў, якія ёсьць у гэтым кіраўніцтве. Іначай давядзецца мяняць Канстытуцыю:
«Да пэўнага часу кіраўніцтва Беларусі гэтага ў галаве не трымала, бо стратэгія была адна: „прыстаканіцца“ да Расеі, прысмактацца зручней да яе рэсурсаў і так жыць прыпяваючы. І нават у антызаходняй рыторыцы, быў час, Аляксандар Лукашэнка пераўзыходзіў маскоўскіх кіраўнікоў, бо, відаць, утульна адчуваў сябе пад расейскім ядзерным шчытом. Але часы зьмяніліся: з аднаго боку, меней стала рэсурсаў у Расеі, а з другога — адтуль жа стала патыхаць імпэрскай пагрозай пасьля Крыму».
Ён згаджаецца з высновамі дасьледнікаў: сёньня «нэўтралітэт» Беларусі — гэта сытуацыйнае манэўраваньне. Але дзеля захаваньня незалежнасьці і прыходу да сапраўды эўрапейскага дабрабыту трэба разьвіваць шматвэктарнасьць, ды гэта немагчыма зрабіць без рэформаў.
Класкоўскі згадвае дэкляраваную дзяржавай мэту падзяліць экспарт на тры траціны, пароўну на ЭАЭС, Эўразьвяз і рэшту сьвету. Але доля Расеі ў зьнешнім гандлі пакуль толькі расьце, бо няма як збыць неканкурэнтную прадукцыю, а нафтапрадукты і калій патаньнелі.
«Дзе эканамічная залежнасьць, там і палітычная, — разважае Класкоўскі. — Я думаю, нэўтралітэт у прынцыпе магчымы ў форме гэткай мяккай „фінляндызацыі“ Беларусі. Бо і некаторыя апазыцыйныя сілы сёньня ставяць нерэалістычныя задачы. Бо калі трымаць тое, як Расея па-імпэрску зрэагавала на спробу Ўкраіны „рэзка пайсьці“ ў Эўропу, у любога беларускага кіраўніцтва мусіць быць дастаткова мудрасьці, каб не злаваць гэтага вельмі раздражнёнага „рускага мядзьведзя“. Ён слабне, але ў такой сытуацыі яшчэ больш небясьпечны.
Курс на „фінляндызацыю“, калі дачыненьні з усходняй суседкай дастаткова цёплыя і добразычлівыя, а з другога боку ідзе разьвіцьцё заходняга вэктару, умацаваньне стасункаў зь іншымі моцнымі краінамі, — нешта такое сёньня беларускае кіраўніцтва робіць. Але хачу падкрэсьліць: без рэформаў, без збліжэньня з Эўропай на глебе каштоўнасьцяў, а ня толькі ў прагматычным сэнсе („дайце крэдытаў“), бяз гэтага мэта нэўтралітэту будзе заставацца „папяровай“».