Нацыянальны кангрэс (парлямэнт) Вэнэсуэлы, большасьць якога кантралюецца апазыцыяй, прагаласаваў 25 кастрычніка за судовы пазоў супраць прэзыдэнта краіны Нікаласа Мадуры, піша Reuters.
Нацыянальны кангрэс выклікаў Мадуру на сэсію ў наступны чацьвер, але прэзыдэнт наўрад ці яе наведае ў цяперашніх абставінах. На сераду Мадура прызначыў пасяджэньне Кангрэсу абароны нацыі, на які запрасіў і лідэра парлямэнцкай апазыцыі. Апазыцыя ж прызначыла на гэты дзень маштабныя акцыі пратэсту.
На мінулым тыдні парлямэнт спрабаваў правесьці імпічмэнт іншым шляхам — праз нацыянальны рэфэрэндум аб адкліканьні Мадуры. Але ўрад, які складаецца з прапрэзыдэнцкіх сацыялістаў, адмовіў у такой працэдуры як «бяссэнсоўнай». Нацыянальны кангрэс Вэнэсуэлы абвясьціў гэта дзяржаўным пераваротам. Згодна з апытаньнямі, большасьць вэнэсуэльцаў прагаласавалі б на рэфэрэндуме супраць прэзыдэнта.
Суд над Мадурам Reuters называе «збольшага сымбалічным», бо ўрад і Вярхоўны суд Вэнэсуэлы абвясьцілі Нацыянальную асамблею нелегітымнай, а віцэ-прэзыдэнт краіны заявіў, што парлямэнту «юрыдычна не існуе», пакуль у ім ёсьць тры заканадаўцы, якіх абвінавачваюць у подкупе выбарцаў.
Апазыцыі важна прыняць рашэньне адхіліць Мадуру ад улады да 10 студзеня 2017 году: калі пасьпеюць, маюць адбыцца новыя выбары; калі не — пасаду прэзыдэнта зойме цяперашні віцэ-прэзыдэнт, якога прызначыў Мадура.
Праціўнікі Мадуры абвінавачваюць прэзыдэнта ў разбурэньні эканомікі, рэзкім росьце цэнаў, харчовым крызісе. Мадура ж бачыць прычыны крызісу ў падзеньні цэнаў на нафту і ўплыве ЗША — у тым ліку абвінавачвае ў жаданьні разбурыць Вэнэсуэлу асабіста прэзыдэнта ЗША Барака Абаму.
Беларускія праекты ў Вэнэсуэле